Кацярына

Грэцкае імя, азначае чыстая, без плямы, правільная.

Можа й гэтыя, такія патрэбныя хрысціянам якасці, прычыніліся да таго, што ў Каталіцкім Касцёле ёсць шмат святых, якія носяць гэтае імя. Кацярына Балоньская, Кацярына Генуэзская, Кацярына Ляборэ, Кацярына Шведская, Кацярына Сіенская... Найбольш знаная, вядома, Кацярына Сіенская — дзявіца, доктар Касцёла, слынная сваім шырокім інтэлектам, адвагай, вялікай любоўю да Касцёла, клопатам за яго дабро, а найперш — глыбокай верай. Менавіта глыбокая вера надавала ёй мудрасці й адвагі на неардынарныя ўчынкі. Найбольш яркія з іх — лісты да Папы Рымскага Урбана V, а потым і Грыгорыя ХІ з настойлівай просьбай вярнуцца з Авіньёна, дзе яны тады знаходзіліся, у сталіцу святога Пятра — Рым. Таму, калі Папа Рымскі Грыгорый ХІ усё ж вярнуў Апостальскую Сталіцу ў Рым, гэты ягоны ўчынак прыпісвалі менавіта ўмяшанню адважнай і прынцыповай дамініканкі Кацярыны Сіенскай.

1 красавіка 1375 г., пасля таго, як святая Кацярына выздаравела пасля жорсткай чумы, яна была ўдастоеная насіць на сваім целе раны Хрыста — стыгматы.

Святая Кацярына Сіенская з’яўляецца другой пасля святога Пятра апякункай Рыма і другой пасля святога Францішка з Асізі апякункай Італіі.

Ласкавае і папулярнае некалі на Беларусі імя, утворанае ад імя Кацярына — Кася, якое згадваецца таксама ў вершах і песнях. Найбольш вядомая цяпер у нас — бард, майстар аўтарскай песні Кася Камоцкая.

Калісьці было павер’е: пасля святой Кацярыны не палюй ужо на звярыну. Такая вось своеасаблівая забарона для браканьераў.

Імяніны: 29 красавіка (Кацярыны Сіенскай), а таксама 13 лютага, 22 і 23 сакавіка, 1 і 6 красавіка, 15 верасня, 25 лістапада, 30 снежня.

Малітва св. Кацярыны Сіенскай
Духу Святы, прыйдзі ў маё сэрца, прыцягні яго да сябе сваёю моцаю і адары мяне любоўю з бояззю. Хрыстэ, захавай мяне ад усіх дрэнных думак, сагрэй мяне і запалі Тваёю салодкаю любоўю, каб кожнае цярпенне здалося мне лёгкім. Святы мой Ойча і мілы мой Пане, дапамагай мне ва ўсіх маіх справах. Хрыстэ, любоў мая. Хрыстэ, дай любові! Амэн.



Юры

Грэцкае імя, яно азначае земляроб.

Найбольш слынны носьбіт гэтага імя і сярод католікаў, і сярод праваслаўных — адважны рыцар, мучанік, які, паводле даўняй легенды, перамог самога страшнага цмока. Жыў гэты храбры ваяр на пераломе ІІІ і ІV ст., у часы пераследу хрысціянства цэзарам Дыяклецыянам, які запатрабаваў ад усіх ваяроў скласці ахвяры паганскім божышчам. Калі наш святы рашуча адмовіўся гэта зрабіць, яго падверглі найбольш суроваму мучаніцтву.

Гэтаму святому прыпісваюць шмат цудаў. Напрыклад, кароль Англіі Рычард І Львінае Сэрца даводзіў, што ён сам бачыў, як святы Юры кіраваў ягонымі войскамі з неба і такім чынам дапамог атрымаць знакамітую перамогу над туркамі ў часе ягонага Крыжовага паходу. Менавіта таму кароль Эдвард ІІІ увёў баявым клічам ангельскага войска словы: «Святы Юры з Англіяй!» Да гэтага часу на ангельскіх штандарах ёсць выява чырвонага крыжа святога Юрыя на белым полі. Святы Юры з’яўляецца апекуном Англіі, Швецыі, Галандыі, Германіі, Літвы і многіх гарадоў.

Гэты святы вельмі папулярны на Русі. Ягоную выяву — ваяр з дзідай (кап’ём) на кані — у старажытнай Русі пачалі змяшчаць на дробных манетах, якія з гэтай прычыны і сталі называцца капейкамі.

На Беларусі ёсць два благаслаўлёныя з гэтым імем — Юры Матулевіч і Юры Кашыра. Сярод вядомых беларускіх дзеячаў можам узгадаць кампазітара Юрыя Семяняку, прафесара Юрыя Хадыку, удзельніка Слуцкага паўстання 1920 г. Юрку Лістапада. Апякуецца святы Юры і святарамі Юрыем Быкавым і Юрыем Касабуцкім, паэтам Юркам Голубам, паэтам і даследчыкам Юрасём Пацюпам...

Імяніны: 23 красавіка (Юрыя, рыцара і мучаніка), а таксама 27 студзеня, 27 чэрвеня, 27 ліпеня, 24 жніўня.

Малітва да св. Юрыя
Усемагутны, Вечны Божа,Ты даў святому Юрыю сілу наследаваць Твайго Сына, Пана нашага Езуса Хрыста ў Яго муцы і смерці крыжовай. Мы праслаўляем Тваю магутнасць і пакорна Цябе просім, каб праз заступніцтва святога воіна і мучаніка Ты падтрымліваў нас, слабых людзей, у кожнай бітве са злом. Амэн.