Пачатак

24. Высока і далёка

— Пайду на шпацыр па шляху пілігрымаў, — сказаў Папа і пайшоў. Гэта было ў часе пілігрымкі ў слынны санктуарый Сант’яга дэ Кампастэла, у Іспаніі. Фатограф Артуро Мары вырушыў разам з ім. Нечакана Папа ўзышоў на скалу і сеў пад вялікім дрэвам з выдзеўбаным ствалом.

— Калі я глянуў тады на яго, то знямеў, — прыгадваў пазней фатограф. – Ён сядзеў там са складзенымі на кіі рукамі і глядзеў кудысьці ўдалеч. Мой Божа, дзе ён тады быў? Дзесьці вельмі-вельмі далёка і вельмі-вельмі высока. Ягоны позірк быў цалкам адсутны. Я не ведаў, што мне рабіць, бо адчуваў, што ён цяпер дзесьці там, куды я не магу дапяць. Спужаўся за яго. Божа, як жа я магу яго ахоўваць, калі Ты забіраеш яго ажно так далёка?

А Папа маліўся.Так горача, як толькі ён умее. Ажно мурашы бягуць па скуры тых, хто знаходзіцца ў такія хвіліны побач з ім.

Вельмі многія лічаць Папу найвялікшым чалавекам сучаснасці, і вельмі шмат хто не можа зразумець, адкуль бярэцца гэтая ягоная веліч. З мудрасці, дабрыні, любові, а можа з інтэлігентнасці? Усё гэта, вядома, правільна, але сакрэт усё ж у іншым.

— Думаю, — сказаў папскі фатограф, — што калі б усе людзі маглі хоць бы напалову маліцца з такой сілаю, як Ян Павел ІІ, то наш свет быў бы нашмат лепшы. Папа найвялікшы, бо найлепш моліцца.

25. Цуд у Асізі

— Ах, Асізі – вось гэта быў сапраўды цуд! – узрушана згадвае Артуро Мары. – Цуд на зямлі святога Францішка, дзе нашаму Папу ўдалося сабраць вакол сябе вернікаў усіх вызнанняў і рэлігій! Былі там габрэі і мусульмане, будысты і пратэстанты, праваслаўныя і святар з афрыканскага бушу. Вось гэта быў сапраўдны цуд!

Гэтая незвычайная сустрэча адбылася ў Асізі. Папа запрасіў на яе вернікаў усіх рэлігій Зямлі, каб разам маліцца за мір на свеце. Праўда, не ўсім гэта спадабалася.

— Як гэта? — абурана пыталіся некаторыя, — хрысціяне будуць маліцца разам з індусамі, будыстамі альбо са святарамі ўвогуле невядомых рэлігій?

Папа, аднак, настойваў на сваім:

— Будзем разам, каб разам маліцца, кожны па-свойму.

І так адбылося. Ян Павел ІІ распачаў тую малітву словамі: «Ойча наш, каторы ёсць у небе...», а ўсе астатнія падхапілі яе, кожны па-свойму.

— Толькі святы чалавек, — сцвярджае Артуро Мары, — мог гэта здзейсніць: сабраць мора народу з усяго свету, каб разам маліцца за гэты свет.

26. Прыстанак «Хата»

Папа заўсёды ведае, дзе хтосьці чакае дапамогі, – у гэтым упэўнены Артуро Мары, папскі фатограф, які спадарожнічае Святому Айцу вось ужо чвэрць стагоддзя.

Гэта было ў Тога, у Афрыцы. Святы Айцец вяртаўся ў сталіцу гэтай краіны з аддаленай рэзідэнцыі прэзідэнта. Раптам без ніякага папярэджання цэлая кавалькада машын затрымалася на сярэдзіне шляху. Потым аказалася, што Папа, убачыўшы бедныя саламяныя хацінкі, што стаялі збоч дарогі, захацеў адведаць тых, хто там жыве. Артуро Мары, вядома, таксама хуценька выскачыў з машыны і, выконваючы свае абавязкі, першы ўвайшоў у хату. Тое, што ён там убачыў, прымусіла яго здрыгануцца ўсім нутром. У невялічкай халупцы знаходзіліся ўсе разам: мама, тата і дзесяць дзяцей. У халупе стаяў такі смурод, што немагчыма было дыхаць. Артуро хутка зірнуў на Святога Айца, які таксама ўжо быў у хаце, а ў наступную хвіліну фатографа ўразіла тое, што Папа замест таго каб павярнуцца і хутка выйсці на вольнае паветра, падышоў да жанчыны, з усмешкаю працягнуў рукі і абняў яе. Потым Святы Айцец прывітаўся з мужчынам і ўсімі дзецьмі, цалуючы іх і тулячы да сябе.

Працяг

Пераклад Ірыны Жарнасек