15 жніўня г.г., на свята Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, адбылася Святая Імша каля касцёла ў Раўбічах (будынак святыні па-ранейшаму заняты пад музей).

Святую Імшу адправіў віцэ-рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску кс. Ян Крэміс разам з а. Ігарам Лашуком, пробашчам раўбічскай парафіі св. Мацвея, і святарамі з Італіі. Казанне прамовіў сакратар нунцыя Апостальскай Сталіцы кс. Генрых Ягадзінскі. Пасля Імшы адбылася працэсія вакол святыні.

Ва ўрачыстасці ўдзельнічалі паслы Італьянскай Рэспублікі і Рэспублікі Польшча ў Беларусі, а таксама шматлікія вернікі з Раўбічаў, Мінска і навакольных парафій.

У гэтае прыгожае і старажытнае свята ўзносіліся малітвы да Маці Божай з просьбаю дапамагчы вернікам вярнуць раўбічскую святыню.

Рэд.
Фота В. Кучаравага і А. Яроменкі.