Пiлiгрымы парафii Езуса Мiласэрнага з Вiцебска наведалi хрысцiянскiя святынi Кракава i Чанстаховы.

На сэрцы было радасна ад адной думкi, што на свае вочы можна пабачыць базылiкi старога Кракава, памалiцца перад абразом Мацi Божай Чанстахоўскай. Сапраўды, Бог Мiласэрны, бо Ён дапамог здзейснiць даўнюю мару сваiх дзяцей, якiя згуртавалiся вакол ксяндза Тадэвуша Дабравольскага, каб спатолiць прагу да духоўнага самаўдасканалення.

Нас сустракалi ў кляштары братоў-сальватарыянаў, што месцiцца на зялёнай вулачцы Яцка каля знакамiтых Скалак, папулярнага сярод кракавянаў месца адпачынку. Калi ўзняцца на самы верх адной са скалаў (што мы, дарэчы, i зрабiлi), то ўся панарама Кракава, горада, прызнанага ЮНЕСКА помнiкам сусветнай культурнай спадчыны, паўстане як на далонi. Блiзкiм стане i капец Тадэвуша Касцюшкi, якi пасля смерцi слыннага сына польскага народа людзi насыпалi ўласнымi рукамi, i сэрца Кракава — старажытны замак Вавель.

Наш першы шлях у Кракаве быў да санктуарыя Божай Мiласэрнасцi i кляштара сясцёр-фаустынак.

Сястра Фаустына пражыла ўсяго 33 гады i памерла ў 1938 годзе ў будынку Кангрэгацыi Сясцёр Божай Мацi Мiласэрнасцi ў Кракаве. Асаблiвасць Кангрэгацыi ў тым, што менавiта сёстры-фаустынкi бяруць на перавыхаванне дзяўчат, якiя ўчынiлi злачынствы. Духоўны вопыт дае больш дзейсныя лекi, чым пазбаўленне волi i турма...

Наведалi мы i нядаўна пабудаваную святыню Божай Мiласэрнасцi, дзе якраз праходзiла ўрачыстасць першай Камунii. Атмасфера супольнай малiтвы ўразiла ўсiх пiлiгрымаў, i з гэтым высокiм пачуццём мы ўвайшлi ў каплiцу кляштара сальватарыянаў, дзе распачалася Iмша, на якой атрымалi рукапалажэнне маладыя капланы ордэна, накiраваныя служыць у розныя парафii Польшчы i Беларусi. Дотык святарскiх рук прынялi i мы, вiцебскiя пiлiгрымы, адчуўшы ласку Пана i ўмацаванне веры.

Каралеўскi замак на Вавелi сустрэў нас запрашэннем прайсцi шляхам святога Станiслава, тысячагадовы юбiлей якога адзначаецца ў гэтым годзе. Пакутнiк Станiслаў памёр у 1079 годзе, а каплiца з яго труной месцiцца пасярэдзiне катэдры, iм заснаванай. Менавiта гэтую каплiцу палякi лiчаць iдэалагiчным цэнтрам Вавельскага замка, а сам храм мае вялiкае значэнне для польскай культуры. На працягу тысячагоддзя тут каранавалi каралёў, якiх пасля смерцi хавалi ў падмурках святынi. На кожным кроку ў гэтай базылiцы гаворыць гiстарычная мiнуўшчына польскага народа. Помнiкi, саркафагi, алтары, скульптуры... За кожным з iх — iмя слыннай асобы, якая адыграла сваю значную ролю ў станаўленнi грамадства.

Годам нараджэння Кракава лiчыцца 965, калi арабскi купец Iбрагiм у сваёй хронiцы згадаў пра славянаў i русаў, што прыбылi ў Прагу з Кракава. Такiм чынам, Кракаў усяго на 9 гадоў старэйшы за наш Вiцебск. Такая акалiчнасць, згадзiцеся, яшчэ больш зблiжае гэтыя гарады.

Пра паходжанне назвы Кракава iснуе некалькi версiй. Паводле адной з iх, жыў такi князь Крак i была ў яго дачка Ванда, якую прымушалi пайсцi замуж за нямецкага рыцара. Яна ж у знак пратэсту кiнулася ў хвалi Вiслы...

У 1020 годзе на Вавелi пачалi будаваць першы касцёл, а ў 1038 г. кароль Казiмiр абвясцiў Кракаў сталiцай Польскай дзяржавы. Вавель неаднаразова гарэў, яго займалi татары, рабавалi шведскiя, рускiя, прускiя войскi. На працягу ХIХ ст. (да 1918 года) горад належаў Аўстрыйскай iмперыi. У эпоху Адраджэння тут працавалi выдатныя архiтэктары i скульптары: Франчэска Фларэнтына, Барталамеа Бярэччы (ён у 1533 годзе пабудаваў на Вавелi Жыгiмонтаву капэлу), Джаванi Марыя Падавана.

...Мы ўзнялiся па лесвiцы Жыгiмонтавай вежы, каб дакрануцца да самага вялiкага ў Польшчы звона (яго вага 11 тон). Гавораць, што гэты дотык да сiвой даўнiны (звон быў адлiты ў 1520 г.) можа прынесцi шчасце. Вiдавочна, кавалачак «звычайнага» шчасця iмкнулiся ўхапiць усе наведвальнiкi Вавеля...

Не маглi мы абмiнуць i склеп Адама Мiцкевiча. Прах вялiкага паэта, якi нарадзiўся на Беларусi, а памёр у Францыi, перавезлi сюды ў 1890 годзе. Пазней у гэтым жа склепе ўстанавiлi труну другога польскага паэта першай паловы ХIХ ст. Юльюша Славацкага. Склеп ахоўвае Мацi Божая Вастрабрамская, адлюстраваная на мазаiчным алтары.

З Вавельскага ўзгор’я мы накiравалiся да старажытнага кракаўскага касцёла святога Анджэя (1090 год). Ад яго ж пачынаецца кляштар сясцёр-кларысак. Іх ордэн быў заснаваны яшчэ ў 1212 г. святой Кларай i святым Францiшкам. Кляштар кляўзуровы, гэта значыць, што сёстры не выходзяць за яго сцены, як i нiхто iншы без спецыяльнага дазволу не можа ўвайсцi на тэрыторыю кляштара.

Наш айцец Тадэвуш дамовiўся, каб адна з сясцёр выйшла ў гасцёўню на кароткую гутарку з пiлiгрымамi. Мы знаходзiлiся ў адным пакоi, а сястра — у другiм i маглi гаварыць праз маленькае вакенца. Сястра Альжбета аказалася надзвычай жыццярадаснай i цiкавай суразмоўнiцай, ветлiвая ўсмешка не сыходзiла з яе твару. Яна расказала пра гiсторыю iх манаскага ордэна i пра тое, як наладжана жыццё ў кляштары (такiх, дарэчы, у Польшчы 5, у гэтым жыве 31 сястра). Устаюць яны рана, у 4.45. У 5.30 — першая малiтва. Зарабляюць працай па аднаўленнi i пашыве лiтургiчнага адзення, выконваюць усе побытавыя абавязкi на кухнi i ў пральнi. Але асноўны час аддадзены малiтве за ўсiх каталiцкiх святароў. У кляштары ёсць добрая бiблiятэка i радыё. Прыйшла сюды Альжбета ў 19 гадоў i праз пяць склала вечныя шлюбы. У яе бацькоў яшчэ 4 сыны i дачка, двое сыноў сталi святарамi.

Напрыканцы мы спыталi Альжбету, цi ўсе сёстры ў кляштары такiя жыццярадасныя, як яна. Сястра яшчэ больш заўсмiхалася i адказала: «Я рада, што бачу вас...»

Для вольнага наведвання нам пакiнулi плошчу Рынка з гандлёвымi радамi «Сукеннiцы» (ад ХIV ст.) i гатычным касцёлам Панны Марыi (яго яшчэ называюць Марыяцкiм). Толькi ад аднаго позiрку на гэтую велiч займала дух...

Наступны дзень мы правялi ў гiстарычнай капальнi солi Вялiчка, што ў прыгарадзе Кракава. Там турыстаў i пiлiгрымаў не менш, чым у Вавелi. У Вялiчцы здабываюць харчовую соль ужо 700 гадоў i 200 з iх ствараюць пад зямлёй, у камерах, музей з салянымi скульптурамi, алтарамi i каплiцамi. Шахцёры верылi i вераць, што i пад зямлёй у iх цяжкай працы iм дапамагае Пан Езус. Усе калiдоры капальнi маюць даўжыню 200 кiламетраў, мы ж прайшлi 2,5 км i апусцiлiся на глыбiню 135 метраў (максiмальная глыбiня капальнi 327 метраў). У пачатку шляху спынiлiся ля камеры Мiкалая Капернiка, якi ў гады вучобы ў Ягелонскiм унiверсiтэце наведваў Вялiчку. Самая вялiкая каплiца капальнi — святога Антонiя, у якой яшчэ ў 1689 годзе адбылiся першыя набажэнствы. Яе неаднаразова наведваў Папа Ян Павел II, а нядаўна тут бралi шлюб полька i iтальянец. Экзотыка!

* * *

...У Чанстахове кожны крок асвечаны поглядам Святой Багародзiцы з Яснай Гары. Палякi гавораць: для нас Мацi Божая Чанстахоўская як для беларусаў Мацi Божая Вастрабрамская — сiмвал духоўнай еднасцi. Назвалi гару Яснай венгерскiя манахi — паўлiны, якiя пасялiлiся тут у ХIV стагоддзi. Апякун гэтага ордэна святы Павел Фiвейскi лiчыцца першым пустэльнiкам. Каля 230 года, падчас пераследу хрысцiянаў, святы сышоў у пустыню i правёў там 90 гадоў. Князь Уладзiслаў Аполчык падарыў паўлiнам цудадзейны абраз Мацi Божай, якi стагоддзямi шанаваўся на Русi. Лiчыцца, што ён напiсаны святым Лукою Евангелiстам на дошцы ад абедзенага стала Святой Сям’i ў Назарэце. Гэты абраз па волi iмператара Канстанцiна трапiў у Канстанцiнопальскi храм, адкуль пазней рускi князь Леў атрымаў яго ў падарунак ад вiзантыйскага iмператара. Такая гiсторыя апавядаецца ў самым старажытным рукапiсе, копiя з якога захоўваецца ў Яснагорскiм архiве з 1474 года. Навукоўцы ж лiчаць, што гэты вiзантыйскi абраз VI цi IХ стагоддзя належыць да абразоў тыпу «Адзiгiтрыi». У 1430 годзе разбойнiкi напалi на кляштар паўлiнаў. Яны абрабавалi каплiцу, а абраз пасеклi шаблямi. Яго аднаўлялi ў Кракаве пры двары караля Уладзiслава Ягайлы. З таго часу на твары Мадонны засталiся два шрамы.

Ясную Гару называюць месцам праўды i абароны духоўных i патрыятычных каштоўнасцяў польскага народа. Калi ўваходзiш у каплiцу, адразу быццам трапляеш у палон жывога позiрку Мацi Божай. Яна нiбы з дакорам пазiрае на грэшных дзяцей сваiх, i мы просiм у яе прабачэння...

Нашай групе пашчасцiла ўвайсцi ў самую блiзкую да алтара частку каплiцы ў час адпраўлення Iмшы. Святары шчыра вiталi пiлiгрымаў з Вiцебска.

На Яснай Гары заўсёды шмат паломнiкаў. У тыя ўрачыстыя гадзiны, калi абраз зачыняюць (увечары — на ноч i перад абедам на паўтары гадзiны), у каплiцы асаблiва шматлюдна. Гучаць арган i аркестр.

Айцец Тадэвуш правёў нас i ў скарбнiцу, дзе захоўваюцца вельмi каштоўныя падарункi Яснагорскай Каралеве ад гiстарычных асобаў. Самыя старажытныя ахвяры захавалiся з ХIV стагоддзя. Ёсць тут i рускiя абразы ХVI—ХVII стагоддзяў, i слуцкiя паясы.

I яшчэ адно знаёмства, пра якое не магу не ўзгадаць, — зала мастака, што цяпер жыве ў Францыi, Дуды Грача, дзе змешчана серыя яго выдатных жывапiсных палотнаў, на якiх паказаны Крыжовы шлях Хрыста. Стацыi Дуды Грача ўвабралi ў сябе i бiблейскiя матывы, i ўсе найбольш адметныя падзеi з гiсторыi i жыцця польскага народа. Толькi вялiкi мастак можа так глыбока асэнсаваць на палатне духоўную повязь сваiх суайчыннiкаў з вечным памкненнем зразумець Хрыстовыя запаведзi i жыць паводле iх...

Удзельнiкi гэтай пiлiгрымкi выказваюць глыбокую падзяку айцу Тадэвушу Дабравольскаму i сястры Люцыне за выдатную арганiзацыю нашага падарожжа.

Святлана Дзядзiнкiна-Гук
Фота аўтара.