Пра спадарыню Яніну Рагель усе, з кім давялося сустрэцца і пагутарыць падчас начнога чування ў браслаўскім касцёле Народзінаў Панны Марыі, гавораць як пра адну з найактыўнейшых тутэйшых парафіянак, узор служэння Богу і адмысловай штодзённай малітвы. У любое надвор’е яе, нягледзячы на немалады ўзрост, можна спаткаць у касцёле на Святой Імшы. Ды і пасля Імшы жанчына заўсёды знойдзе сабе занятак у святыні: падаглядае кветкі, дапаможа прыбраць, падмесці. Зрэшты, і нядзіўна — змалку бацькі прывілі дзяўчынцы пабожнасць, навучылі жыць з Богам. Першыя ўрокі Хрыстовай навукі Яніна спасцігала, ходзячы за 12 вёрст на набажэнствы ў Браслаў з родных Цішкелішак. Бліжэй знаходзіўся касцёл у Урбанах, але там не было ксяндза. А калі з’явіўся — неўзабаве яго арыштавалі. Маліліся ў Бялянах, хоць і з асцярогаю — нельга было, забаранялася. Цяпер Яніна Рагель жыве ў Браславе. Пабывала ў Аглоне, 13 разоў поруч з маладымі выпраўлялася ў пілігрымку да Маці Божай Будслаўскай. Сёлета ажно пальцы забалелі, кажа, на нагах, але ж дайшла. На восьмым дзесятку! На пытанне аднаго знаёмага чалавека, што ёй дае такая нялёгкая вандроўка, толькі плячыма паціснула, збянтэжыўшыся. А мне ў размове ціха панаракала: «Адкуль яны такія? Дзе гадаваліся?». І яшчэ дадала: «Хочацца і налета схадзіць, і во ж каб не сурочыцца: будзеш думаць-марыць, а тут — смерць!». Без страху гэтак сказала, нібы проста факт канстатуючы. І не больш таго. Авохці, спадарыня Яніна: жывіце доўга і радуйце землякоў сваёю прысутнасцю. Бог Вам у дапамогу!

Франц Сіўко