Сёлетняе лета падарыла нам любоў Пана Бога праз дабрыню і шчодрасць людскіх сэрцаў. У чэрвені гэтага года, а дакладней з 12 па 28, група дзяцей з мёрскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (Віцебскай дыяцэзіі) адпачывала ў Польшчы на беразе Балтыйскага мора. Вельмі складана перадаць эмоцыі, перажыванні, што перапаўнялі нас у час адпачынку. Польшча — гэта краіна, пра якую наогул нельга расказаць альбо ўявіць не ўбачыўшы. Але мы і цяпер не ставім перад сабой такой мэты. Проста хочацца злёгку ўскалыхнуць тыя ўспаміны, якія засталіся не толькі ў памяці, але дзесьці там, у глыбіні сэрцаў...

Наша вандроўка доўжылася каля двух тыдняў, але цяпер здаецца, што гэта былі ўсяго два дні. І ўсё ж за такі кароткі час мы ўбачылі і ўзялі для сябе шмат прыгожага і незабыўнага.

Кожны кіламетр дарогі ад нашых родных Мёраў да ўжо таксама роднай цяпер Новай Паслэнкі (Польшча) пакідаў мора ўражанняў. Гэты шлях, як і ўвесь час адпачынку, быў напоўнены вясёлымі і сур’ёзнымі размовамі, малітвамі. Польшча здзівіла нас сваёй вытанчанай мініяцюрнасцю, казачнай прыгажосцю, ласкавымі ўсмешкамі, добразычлівымі адносінамі людзей. Хіба можна забыць гэтыя зграбныя домікі з элегантнымі дворыкамі, упрыгожанымі разьбянымі звяркамі, птушкамі, штучнымі азерцамі і кветкамі, кветкамі, кветкамі... А іх шчырых людзей з прыемнымі позіркамі і цудоўнымі адносінамі да нас?

Новая Паслэнка. Тут мы ў асноўным і бавілі свой час. І таму зараз успамінаюцца намёты, «крушэнне «Тытаніка», калі іх у час моцнага дажджу затапіла, летняя кухня, дзе для нас так смачна гатавалі цёткі-апякункі, начныя «вандроўкі», нядзельныя пасядзелкі ў бацькоў айца Грыгорыя за кубачкам кавы і кавалкам пірага ў боцмана, пошукі бурштыну на беразе мора і само мора. Мора, мо-ра... Гэткае хвалюючае, ласкавае, загадкавае, прывабнае, незабыўнае... І шмат-шмат яшчэ чаго цікавага, усяго і не апішаш. Але ў час адпачынку мы не забывалі пра Бога. Недалёка ад нас быў невялічкі касцёл, дзе мы кожны вечар удзельнічалі ў Святой Імшы і дзякавалі Усявышняму за такое шчасце. За цудоўныя экскурсіі па розных гарадах Польшчы (Бранева, Фрамбург, Гданьск, Гдыня, Сопат), знаёмства з іх культурай і традыцыямі. У Фрамбургу мы наведалі святыню, дзе пахаваны Капернік. Тут убачылі велізарны арган і пачулі кранальныя мелодыі. У Гданьску заходзілі ў санктуарый святой Брыгіты, дзе пабачылі манстрацыю з бурштыну (яе вага 35 кг) і алтар, які таксама выкладзены бурштынам. Сопат запомніўся сваім аквапаркам, прыгожымі пляжамі, а вось Гдыня засталася ў нашых успамінах і ў сэрцах дзякуючы людзям, якія са шчырай душой і адкрытым сэрцам прынялі нас і далі начлег на тыя тры дні, што мы правялі ў казачным горадзе.

Мы вельмі ўдзячныя айцу пробашчу Кшыштафу за тое, што даў нам магчымасць адпачыць у Польшчы, айцу Грыгорыю, што так добра прыняў нас. Вялікі дзякуй нашым апекунам, якія паехалі разам з намі, гатавалі для нас і дапамагалі ва ўсім.

Мы часта са шчырасцю ўспамінаем тых людзей, якіх сустрэлі падчас паездкі і з якімі пасябравалі, тыя цудоўныя дні і вечары, калі, сабраўшыся разам, мы спявалі песні і па-польску, і па-беларуску, праслаўляючы Пана Бога. Тыя сонечныя дні, напоўненыя Божай Міласэрнасцю і людской дабрынёй, назаўсёды застануцца ў нашай памяці як найлепшыя і стануць нам апораю ў далейшым жыцці.

Валянціна Аўсяннікава, Сняжана Рэдзюшка.
Парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, Мёры.