Пра ІІІ фестываль рэлігійнай песні расказвае
ксёндз рэдэмптарыст Станіслаў Станеўскі

Ксёндз рэдэмптарыст Станіслаў Станеўскі склікаў пры парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ўжо трэці дыяцэзіяльны фестываль рэлігійнай песні «Тe deum laudamus», у якім прынялі ўдзел каля 400 чалавек моладзі і дзяцей з 25 парафій 11 дэканатаў.
Фестываль адбываўся тры дні — з 7 па 9 ліпеня. Ацэньвала спевакоў саліднае прафесійнае журы. Увечары моладзевыя суполкі прымалі ўдзел у набажэнствах ва ўсіх гродзенскіх касцёлах, а пасля Св. Імшы выконвалі рэлігійныя песні для вернікаў, з якімі маліліся ў святынях.
У пачатку і ў закрыцці фестывалю ўдзельнічалі ксёндз-біскуп ардынарый дыяцэзіі Аляксандр Кашкевіч і біскуп Антоні Дзям’янка. У галаканцэрце прымаў удзел консул Рэспублікі Польшча ў Гродне Анджэй Крэтаўскі, спонсарамі фестывалю былі Саюз палякаў, а таксама аб’яднанне малочнага камбіната, але найбольшыя клопаты ўзяла на сябе дзевятоўская парафія.
Айцец Станіслаў Станеўскі знайшоў хвіліну часу, каб адказаць на пытанні нашага карэспандэнта.

— Ксёндз Станіслаў, хто дапамагаў Вам у арганізацыі фестывалю?

— Мне дапамагалі пробашч Вальдэмар Слота, ксяндзы з дэканатаў і парафій, якія адгукнуліся на запрашэнне, даслалі спісы гуртоў і ўдзельнікаў фестывалю.

— Ці запрашаеце спевакоў з іншых канфесій?

— Запрашаў на ІІ фестываль два гады таму праваслаўных, але яны адмовіліся, а пра грэка-католікаў не падумаў...

— Які ўзровень удзельнікаў фестывалю?

— Узровень аматарскі. Галоўнае, што дзеці і моладзь збіраюцца з усёй дыяцэзіі, каб песняй хваліць Бога, адны ў другіх вучацца, знаёмяцца.

— Ці ёсць магчымасць у рамках фестывалю вучыць іх трымацца на сцэне, адчуваць аўдыторыю?

— Вучацца яны самі адны ў адных. У рамках фестывалю ў нас ёсць «Музычныя варштаты», г. зн., што прафесіяналы размаўляюць з выканаўцамі пра дыкцыю, пра танец, які дапамагае спеваку на сцэне, і пра іншыя сакрэты выканання, робяць заўвагі.

— Апроч падарункаў і поспеху, ці ёсць магчымасць заахвоціць пераможцаў удзелам у выступленнях на імпрэзах больш высокага рангу?

— Пасля ІІ фестывалю пераможцы ўдзельнічалі ў фестывалі рэлігійнай песні ў Польшчы, дзе занялі 3-е, 4-е і прызавое месцы. Магілёўскі фестываль «Магутны Божа» запрашае нашых лаўрэатаў, але ў гэтым годзе у Магілёве фестываль прайшоў раней, чым у нас, і я пакуль што не ведаю, ці застаецца запрашэнне актуальным на наступны год.

— Ці ёсць у арганізатараў патрабаванні да мовы выканаўцаў?

— На фестывалі ёсць песні на польскай, беларускай, рускай, літоўскай, італьянскай і лацінскай мовах. Салістка Таццяна Блуднік з Росі праспявала песню на літоўскай мове і заняла 2-е месца ў намінацыі салістаў 10—15 гадоў.

— Ці няма такога жадання ператварыць дыяцэзіяльны фестываль ва ўсебеларускі?

— Для гэтага неабходна, каб у дэканатах адбыўся адбор удзельнікаў. У гэтым годзе так зрабілі ў Васілішках. Трэба, каб удзельнікі фестывалю дасылалі не папяровыя заяўкі, а касеты з запісам твораў. Пакуль што мы гэтага не маем, таму даводзіцца праслухоўваць вельмі шмат людзей самага рознага ўзроўню выканання.

— Рэдэмптарысты ад заснавання свайго закону працуюць з дзецьмі і моладдзю. А ці праводзяць фестывалі рэлігійнай песні ў іншых правінцыях, ці гэта Вы, ойча Станіслаў, першы?

— Нават не ведаю падобнага прыкладу. Так, я праводжу фестываль у рамках працы з моладдзю, і, як можна заўважыць, касцельная суполка моладзі нашай парафіі дапамагае мне арганізацыйна. Наш ансамбль «Ruach» — гэта таксама плён маіх старанняў. Наш гурт у гэтым годзе не ўдзельнічае ў конкурсах, а толькі ў канцэрце: няхай госці праявяць сябе і зоймуць прызавыя месцы.

— Ці задаволены Вы, ойча, вынікамі фестывалю і працаю журы?

— Мне здаецца, што журы аб’ектыўна ацаніла ўзровень салістаў, хораў і моладзевых гуртоў.

Зразумела, што дзеці з вясковых касцёлаў пераадольвалі большае хваляванне, чым гродзенскія, і хлопчыкі больш хвалююцца, чым дзяўчынкі; малыя дзяўчынкі (8—10 гадоў) хвалююцца менш, чым большыя. Самі бачылі, як вольна адчувалі сябе на сцэне васьмігадовыя Альжбета Дубавіцкая з Берастовіцы (песня «Бог даў нам дождж») і Вераніка Гавэцкая з Гродна (песня «Тата»). Пераможца сярод салістаў ва ўзросце 16—26 гадоў Вікторыя Скляпоўская з Іўя паказала выдатнае валоданне голасам, сур’ёзнае драматычнае выкананне. А Наталля Забусава са Смаргоні (песня «Не спаборнічай з любоўю»), яна ж і салістка ансамбля «Мікаэль», які заняў 1-е месца сярод гуртоў (песні «Мой Божа» і «Багаты юнак»), заваявала найболей воплескаў, сабрала найболей фанаў, таму што адчувае залу, свабодна танцуе, валодае пластыкай рухаў.

Увогуле, гурты са Смаргоні «Мікаэль» і з Ліды «Міласць», адчуваецца, славяць Пана Бога не толькі ў сценах сваіх касцёлаў, але і ў пілігрымках, моладзевых спатканнях, на эстрадах, таму ўмеюць захапіць залу. Лідскі ансамбль «Міласць» у галаканцэрце, які адбываўся ў былым палацы аб’яднання «Азот», разагрэў публіку, унёс рытмы добрага року ў спакойны канцэрт рэлігійнай песні і захапіў і моладзь, і дарослых.

Гурт з Вішняўца «Міласэрнасць Божая» таксама варты ўсялякіх пахвалаў, вельмі добры дзявочы хор са Слоніма «Спакой і дабрыня»...

Вынік найважнейшы — моладзь Гродзенскай дыяцэзіі тры дні хваліла Бога спевам, а добры спеў дапамагае маліцца. У касцёле спяваюць усе, але калі спеў касцёла вядзе добры саліст, добрая вакальная група ці добры хор, тады гучанне касцёла ўзмацняецца і адухаўляецца.

— Які вынік ІІІ фестывалю?

— Вынік фестывалю — гэта дыск пераможцаў, які мы запісалі на добрым узроўні ў ходзе фестывалю.

— Дзякуй, ойча Станіслаў, што знайшлі час на размову. Дзякуй, што прыклалі столькі намаганняў і правялі гэты цудоўны фестываль.

Размаўляла Данута Бічэль.