Гісторыя кожнага куточка Беларускага Палесся непарыўна звязана з Касцёлам, бо хрысціянскія традыцыі гэтай зямлі паходзяць з сівой даўніны, ад часоў Тураўскага княства. Хрысціянства прыйшло сюды ў канцы Х стагоддзя. Пра гэта апавядаюць летапісы, пра гэта сведчаць знакамітыя каменныя тураўскія крыжы XII стагоддзя з вёсак Жыткавіччыны і Турава. Бясцэнны рукапісны помнік XI стагоддзя — Тураўскае евангелле — самая старажытная кніга на Беларусі. Па гэтай зямлі хадзіў і прапаведаваў святы Андрэй Баболя, пакутніцкая кроў якога была ахвярным зернем, кінутым у глебу Палесся для таго, каб праўдзівая вера захавалася і адрадзілася ў моцным Хрыстовым Касцёле.

У самым цэнтры Палесся знаходзіцца горад Жыткавічы. У гістарычных хроніках ён упершыню згадваецца ў 1500 г. як маёнтак Жыдкавічы. У канцы XVI ст. гэта была вёска ў Мазырскім павеце, які ў 1793 г. быў далучаны да Расійскай імперыі. Сваё развіццё мястэчка пачынала з будаўніцтва Палескай чыгункі. Сёння гэта горад, у якім жыве каля 17 тысяч чалавек.

У Жыткавічах і раёне шмат каталікоў. Вядома, што на пачатку ХХ ст. у мястэчку існавала рыма-каталіцкая парафія пад тытулам св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус. Для набажэнстваў парафіяне выкарыстоўвалі невялікую капліцу. Драўляны касцёл быў пабудаваны ў 1935 г. у цэнтры мястэчка. Урачыстае асвячэнне святыні 30 чэрвеня 1936 года правёў біскуп Казімір Букраба. Але, на жаль, той будынак не захаваўся.

У жыткавіцкай парафіі ў 1939г. налічвалася каля 250 вернікаў.

Рэлігійнае жыццё пачало адраджацца ў 1990-я годы, калі да мясцовых каталікоў сталі прыязджаць святары з суседніх раёнаў і неўзабаве была створана парафія св. Юзафа Рамесніка. З 2000 г. вядзецца будаўніцтва новага касцёла. Справа гэтая нялёгкая, бо парафія невялікая, а будоўля патрабуе значных фінансавых укладанняў. Але, не без дапамогі з нябёсаў, знайшліся дабрачынцы, якія дапамагаюць матэрыяльнымі сродкамі, падтрымліваюць малітоўна.

Душпастырам жыткавіцкай парафіі цяпер служыць ксёндз Віталіс Мышона, які прыязджае з Лельчыцаў. Галоўны яго клопат — завяршыць будаўніцтва святыні. У хуткім часе яшчэ адзін Дом Божы на Палессі расчыніць свае дзверы і запросіць вернікаў на малітву, на слова Божае і Хлеб Эўхарыстычны.

Руслан Гародка.
Фота з архіва парафіі.