Цалкам пагаджаюся з тымі, хто сцвярджае, што добрых людзей больш, чым нядобрых. Хаця часта нам здаецца наадварот. Зло ўсюды, куды ні глянь. Яно лезе ў вочы — нахабнае, пыхлівае і бессаромнае. Дабрыня ж наадварот — сціплая, непрыкметная, сарамлівая. Але менавіта на ёй, дабрыні, трымаецца гэты свет.

Сціплая, непрыкметная сям’я Сіроткіных з Рэчыцы. Угледзьцеся ў твары ўжо немаладых гаспадароў — Юліі Андрэеўны і Аляксандра Пятровіча. Дабрыню, спакой, пяшчоту іх светлых душ яскрава перадае фотаздымак. Пасярэдзіне — дачка Таня. Нават рука не хоча пісаць, што яна дачка прыёмная, а не родная, бо гэтыя людзі для дзяўчыны сталі радней за родных.

Сіроткіны забралі Таню з рэчыцкага дзіцячага дома, калі дзяўчынцы быў усяго 1 год і 3 месяцы. Свядома ўдачарылі хворае дзіця, адразу атулілі пяшчотай, ласкай і клопатам.

У 2 гады і без таго хваравітай Танечцы паставілі яшчэ адзін несуцяшальны дыягназ: менінгіт. А ён пацягнуў за сабой ланцужок іншых хваробаў. У жыцці Сіроткіных пачалася бясконцая чарга шэрых бальнічных дзён, і расцягнулася яна амаль на 25 гадоў з невялікімі перапынкамі.

У васьмігадовым узросце ў Тані здарыўся паўторны менгітаэнцэфаліт з частковым паралічам. З такім дыягназам выжыць практычна немагчыма, але бязмежная любоў бацькоў рабіла цуды: дзяўчынка паволі выкараскалася. Але чаго гэта ўсё каштавала бацькам! Колькі трэба было маральных, фізічных і духоўных сіл, каб выстаяць, вытрымаць самім і дапамагчы Танечцы адчуваць сябе роўнай з іншымі дзецьмі.

Пасля канчатковага прысуду дактароў (ваша дачка назаўсёды інвалід) сэрца Юліі Андрэеўны ледзь не спынілася ад невыноснага болю. Не бачачы дарогі, ішла дадому, паліваючы кожную сцяжынку слязьмі. Але ў хаце плакала толькі па начах, каб не чула дачка. У той час усе навокал, і дактары ў тым ліку, раілі Юліі і Аляксандру Сіроткіным адмовіцца ад хворага дзіцяці і здаць у дом інвалідаў. Маці нават слухаць пра гэта не хацела, а бацька аднойчы строга адказаў: «Гэта вам не цацка, што пагулялі і кінулі. Гэта наша дачка, за якую мы адказныя перад ёю і перад Богам...».

Усім сваім жыццём Сіроткіны сцвярджаюць годнасць сапраўдных хрысціян. Многія з тых, хто ведае гэтых цудоўных людзей, называюць іх святымі і, думаецца, ёсць у гэтым свая праўда, бо менавіта на такіх самаахвярных, добрых і міласэрных людзях трымаецца зямля. Праваслаўнага веравызнання, Сіроткіны прыходзяць і да касцёла, а ксёндз Гжэгаж Худэк стаў для сям’і добрым дарадцам, памочнікам і сябрам.

З 16 гадоў і па сённяшні дзень Таццяна інвалід І групы, але, нягледзячы на ўсе хваробы, дзяўчына не замкнулася ў сабе. Яна знайшла цікавы занятак — вырабляе прыгожыя рэчы з бісеру. Актыўна ўдзельнічае ў жыцці супольнасці людзей, якія слаба чуюць, — Таццяна таксама носіць слыхавы апарат. Спрабуе сябе і ў паэзіі. Нядаўна прызналася, што хоча напісаць паэму пра сваю любую, адзіную і самую лепшую ў свеце матулю. «Такіх маці больш няма на ўсёй зямлі, — гаворыць у нашай размове Таня. — Яна здзьмухвае з мяне пылінкі. А тата ёй дапамагае. Я вельмі ўдзячная Богу за такіх цудоўных бацькоў. Дай жа ім Божа здароўя і сілаў на доўгія гады!».

У дзень свайго 30-годдзя, які мінуў не так даўно, Таццяна напісала верш. У ім уся сутнасць яе чыстай, прыгожай душы.

Я Бога и судьбу благодарю
За каждый день
и каждую зарю,
За чудо-вздох и боли вскрик,
За горя час и счастья миг,
За то, что я живу, люблю,
Судьбу и Господа благодарю.

Тамара СЕРГІЕВІЧ,
г. Рэчыца.