Калісьці ў мяне былі пэўныя пярэчанні супраць звычаю вадзіцеляў вешаць ружанцы на пярэднім люстэрку. Ці не ўспрымаюцца некаторымі з нас пацеркі ружанца як своеасаблівы талісман, які павінен ахоўваць вадзіцеля і яго машыну?

Можа бывае часам і так. Аднак жа гэты звычай мае ў сабе пэўную, вельмі цікавую сімволіку. Кожны з нас у сваім жыцці кудысьці накіроўваецца, праходзіць нейкі шлях. Мы ўглядваемся ў дарогу, імкнемся загадзя заўважыць небяспеку, не хочам прамаргаць месца, дзе трэба звярнуць управа ці ўлева...

Вадзіцель павінен умець «чытаць карту», але таксама павінен умець «чытаць дарогу». Як жа нам навучыцца «глядзець», г. зн. глядзець разумна, на свет і на сваё жыццё? Тут трэба выкарыстаць адпаведны інтэрпрэтацыйны ключ. А можа Ружанец і ёсць менавіта такім ключом?

Святы Айцец кажа, што ў новым тысячагоддзі патрэбна «хрысціянства, якое вылучаецца перадусім мастацтвам малітвы». Хрысціянін, калі не хоча марна згінуць у сучасным свеце, павінен стаць чалавекам малітвы, малітвы глыбокай, мудрай і дасканалай. Гаворка ідзе пра такі тып сустрэчы з Богам, які ў традыцыі называецца медытацыяй і кантэмпляцыяй.

Маці Тэрэса з Калькуты, адказваючы калісьці на пытанне, чаму сёстры ў яе супольнасці праводзяць штодзённа гэтулькі часу на адарацыі Езуса ў Эўхарыстыі, сказала, што гэта неабходна для іх місійнай працы з убогімі. У такой працы нельга было б вытрываць нават паўгадзіны, калі б не вера, якая дазваляе ў бедных людзях бачыць спакутаванае Аблічча Хрыста, а гэтаму нельга навучыцца без штодзённага малітоўнага сузірання Бога.

Мы ўсе маем сваю Калькуту. Побач з намі жывуць людзі, якім вельмі цяжка бывае сказаць нават «добры дзень». Мы перажываем хвіліны, якіх не разумеем, сітуацыі, якіх хацелася б пазбегнуць... пакуль не адкрыем ва ўсім гэтым прысутнасць Бога. Тады супакойваецца сэрца: яшчэ трохі вытрываю, яшчэ раз усміхнуся, прабачу...

Ружанец — гэта адарацыя Пана Езуса, раскладзеная на ўвесь дзень. Разам з паасобнымі ружанцовымі дзесяткамі праходзіць перад нашымі вачыма Езус у Яго радасных, апостальскіх, балесных і хвалебных сітуацыях. Праз іх мы глядзім на ўсё, што нас напатыкае. «Ружанец належыць да найлепшай і да найбольш выпрабаванай традыцыі хрысціянскай кантэмпляцыі».

Вернемся да вобразу ружанца, павешанага перад вачыма вадзіцеля. Ці не з’яўляецца ён прыгожым сімвалам хрысціяніна, які глядзіць на сваю жыццёвую дарогу праз ружанцовыя, а значыць — праз Езусавыя таямніцы? Медытацыя над Асобаю Збаўцы дапамагае верніку распазнаваць дарогу, заўважаць папераджальныя знакі, умела пераадольваць жыццёвыя павароты... Каб ружанцовая малітва выконвала ў нашым жыцці менавіта такую ролю — ролю кантэмпляцыі ў дарозе — яна павінна быць сапраўды раскладзеная на ўвесь шлях, павінна спадарожнічаць чалавеку праз увесь дзень. А таму не будзем баяцца звяртацца да Ружанца там, дзе гэта магчыма. На прыпынку, у аўтобусе, на сумным сходзе, калі трапляем у «корак», калі чакаем на кухні, пакуль згатуецца страва, калі мучыць бяссонне — кожны час і месца прыдатныя для таго, каб думаць пра Езуса і Марыю, каб маліцца на ружанцы.

І яшчэ адно. Каб ружанцовая малітва стала такім падмацункам для сэрца, мы павінны зрабіць пэўнае ўнутранае намаганне: да моўленых словаў трэба дадаць працу розуму, уяўлення, памяці...

Давайце прымем перасцярогу Паўла VI, якая цытуецца ў Лісце пра Ружанец: «Калі не хапае кантэмпляцыі, то Ружанец становіцца падобным да цела без душы і ўзнікае небяспека, што малітва стане механічным паўтарэннем формулаў, а таксама, што будзе супярэчыць напаміну Хрыста, які сказаў: «А молячыся, не кажыце шмат, як пагане, бо яны думаюць, што ў шматслоўі сваім будуць выслуханыя» (Мц 6, 7). Па сваёй сутнасці Ружанец вымагае, каб яго адгаворвалі ў рытме спакойнай малітвы і павольнай рэфлексіі».

А таму — спакойна, разважліва, даверліва і... пастаянна будзем жа маліцца!

Кс. Войцех Бартковіч
«Różaniec» № 7-8 за 2003 г.
Пераклад з польскай мовы К. Л.