Літанія да Маці Божай Салятынскай

Больш за 150 гадоў назад з Ля Салет данесліся словы Паслання Маці Божай. Горкія словы, вымаўленыя са слязьмі ў вачах. Марыя дакарала людзей, што яны адыходзяць ад Бога, не шануюць Сына Яе, не спаўняюць Божыя запаведзі.

Гэта былі часы шматлікіх зменаў у грамадстве, часы хвалявання грамадскай думкі. Узнікненне прамысловасці адарвала мільёны людзей ад зямлі і рамесных варштатаў, разбураючы старыя грамадскія структуры. Папулярнасць набывалі матэрыялістычныя канцэпцыі, якія пярэчылі веры і заахвочвалі адмовіцца ад рэлігійнай практыкі.

Мінула паўтара стагоддзя, і гісторыя апісала вялікі круг. Структуры, што існавалі дагэтуль, занепадаюць пад націскам глабалізацыі і інфармацыйным абвалам. Трыумфуюць спажывецкія адносіны да жыцця, у якіх зноў няма месца для Бога. Як жа часта мы забываем ушанаваць святы дзень, а імя Божае вымавіць з належнай павагай...

Маці Божая магла б сёння паўтарыць тое ж самае, што сказала больш за 150 гадоў назад. І хаця мінуў час, словы Яе Паслання з Ля Салет па-ранейшаму могуць служыць людзям нязгаснай зоркай.

Ля Салет — нікому не вядомая вёска ў французскіх Альпах — у ХІХ ст. знаходзілася ў цяжкадаступным месцы. Хто мог падумаць, што месца гэтае набудзе такую вялікую папулярнасць.

Спатканне з Чароўнай Пані

Мясцовасць Ля Салет можна знайсці толькі на вельмі падрабязных картах. Гэта маленькая альпійская вёсачка, забытая людзьмі. Але не Богам! Менавіта тут 19 верасня 1846 г. двум дзецям паказалася Маці Божая, давяраючы ім словы, якія цяпер ведаюць ва ўсім свеце. Сёння Ля Салет — гэта другі па значнасці пасля Лурда марыйны асяродак у Францыі і адзін з найважнейшых у свеце.

Усё пачалося звычайна. 15-гадовая дзяўчынка і 11-гадовы хлопчык выйшлі пасвіць кароў на горных пашах па-над вёскай Ля Салет. Было горача. Стомленыя спёкай, пастушкі заснулі, а калі прачнуліся, пабеглі шукаць кароў. Тыя, на шчасце, былі паблізу. Супакоеныя дзеці вярнуліся па свае торбы і тады...

Мялання першая ўбачыла незвычайнае ззянне, нібыта агністы шар. Спалохаўшыся, яна паклікала Максімена, які пазіраў у іншы бок, і той спужаўся не менш за дзяўчынку. Ён мацней схапіў пастухоўскі кій, гатовы бараніцца ад магчымага нападу. І як жа здзівіліся дзеці, калі ў гэтым ззянні пачала выяўляцца жаночая постаць. Яна сядзела на каменнай лавачцы, абапёршы рукі на калені і схаваўшы твар у далонях. Відавочна плакала. Максімен падумаў, што гэта чыясьці маці, якую пакрыўдзілі ўласныя дзеці. Праз хвіліну Чароўная Пані — так пазней назвалі Яе Мялання і Максімен — устала і лагодным голасам прапанавала пастушкам наблізіцца.

Тое, што дзеці пачулі ад Маці Божай, было для іх большай часткай незразумелым. Аднак аказалася, што яны запомнілі ўсё прамоўленае да самых дробязяў і аднолькава яго паўтаралі. Змест Паслання быў дакладна запісаны назаўтра пасля незвычайнага здарэння. А таму мы, чытаючы яго, лучымся са словамі, што выйшлі з вуснаў Марыі.

Пасланне Маці Божай з Ля Салет 19 верасня 1846 г.

Калі народ мой не захоча падпарадкавацца, я буду змушаная адпусціць руку Сына майго. Яна такая моцная і такая цяжкая, што я не здолею і надалей утрымліваць яе. Як даўно я ўжо пакутую за вас. Жадаючы, каб Сын мой не пакінуў вас, я вымушана безупынна прасіць Яго аб гэтым, а вы нічога не робіце дзеля гэтага. Нават калі б вы маліліся што ёсць моцы і рабілі невядома якія ўчынкі, вам ніколі не ўдасца аддзячыць мне за тыя намаганні, што я раблю дзеля вас.

Я дала вам шэсць дзён на працу, сёмы пакінула сабе, а вы не хочаце са мной пагадзіцца. Менавіта гэта робіць руку Сына майго такой цяжкай. Вазакі, сварачыся, вымаўляюць імя Сына майго. Дзве гэтыя з’явы наймацней абцяжарваюць руку Сына майго.

Калі ўраджай гіне, дык толькі па вашай віне. Летась я паказала вам гэта на прыкладзе бульбы, але вы зноў нічога не хочаце мяняць. Наадварот, знайшоўшы сапсаваную бульбу, вы лаяліся, вымаўляючы пры гэтым Імя Сына майго. Бульба будзе псавацца і далей, а ў гэтым годзе на Божае Нараджэнне яе зусім не будзе. (...)

Калі вы маеце збожжа, не трэба яго сеяць, бо ўсё, што вы пасееце, з’ядуць чарвякі. А калі штосьці вырасце, дык яно ператворыцца ў пыл на малатарні. Настане вялікі голад, але перш чым гэта здарыцца, дзяцей, малодшых за сем гадоў, пачнуць праймаць дрыжыкі, і яны будуць канаць на руках тых, хто іх трымае. Іншыя будуць пакутаваць ад голаду. Арэхі сапсуюцца, а вінаград згніе. (...)

Ах, дзеці мае, трэба добра маліцца, раніцай і ўвечары. Калі не стае часу, чытайце прынамсі «Ойча наш» і «Вітана будзь, Марыя», а калі зможаце, маліцеся больш. На Святую Імшу прыходзіць толькі некалькі старых жанчын. Іншыя ўсё лета працуюць у нядзелю, а зімой, калі яны не ведаюць, чым заняцца, дык ідуць на Імшу толькі дзеля таго, каб панасміхацца з рэлігіі. У час Вялікага Посту яны ядуць мяса, як сабакі. (...)

Аб’яўленне бясспрэчнае і пэўнае

Гісторыю спаткання з Чароўнай Пані першы расказаў свайму гаспадару малы Максімен, які заўсёды любіў шмат гаварыць, а цяпер яшчэ быў узбуджаны перажытым здарэннем. Аповед яго быў настолькі незвычайны, што паклікалі Мяланню. Яна пацвердзіла словы Максімена. Абое згодна пераказвалі змест абвешчанага ім паслання як на правансальскай гаворцы, так і на французскай мове, якой, дарэчы, яны амаль не ведалі.

Назаўтра Мяланню падрабязна распытаў мясцовы войт. Спробы злавіць дзяўчынку на хлусні, пагражаць ёй судом і схіляць да адмовы ад сваіх паказанняў за шчодрае ўзнагароджанне аказаліся беспаспяховымі. Пасля адыходу войта Жан-Баціст Пра вырашыў, што сведчанне Мяланні трэба запісаць. Словы пастушкі ён занатаваў разам з П’ерам Сэльмам і Жанам Мус’ерам. Да позняй ночы яны ўтраіх перакладалі тэкст з правансальскай гаворкі на французскую мову. Дакумент гэты да сённяшняга дня застаецца найбольш верагодным сведчаннем аб’яўлення.

Справу, аднак, мусілі даследаваць касцельныя ўлады. Паводле іх распараджэння дзеці ў ліпені 1851 г. апісалі таямніцу, якую ў час аб’яўлення Маці Божая паведаміла кожнаму з іх паасобку. Сведчанне дзяцей перадалі Папу рымскаму. 19 верасня 1851 г. кіраўнік дыяцэзіі Грэнобль біскуп Філібер дэ Бруяр выдаў пастырскі ліст пра аб’яўленне ў Ля Салет, у якім сцвярджаў, што аб’яўленне гэтае «мае ўсе рысы сапраўднасці» і што «вернікі маюць усе падставы лічыць яго бясспрэчным і пэўным». У наступным годзе біскуп апавясціў пра будаўніцтва храма на гары Ля Салет, а таксама пра заснаванне Супольнасці місіянераў Маці Божай з Ля Салет. 19 верасня 1855 г. новы кіраўнік дыяцэзіі Грэнобль біскуп Жынуляк заявіў: «Місія пастушкоў скончылася, і пачалася місія Касцёла».

Пасланне да ўсіх нас

Што вынікае са слоў Маці Божай, скіраваных да Мяланні і Максімена? Каб лепш іх зразумець, звернем увагу на тое, калі і дзе яны былі абвешчаны.

У 1846 г. Францыя знаходзілася ў стане эканамічнай катастрофы і маральнага разгрому. У выніку шэрагу неўраджаяў сельская гаспадарка перажывала заняпад. Краіну раз’ядалі карупцыя і падзенне нораваў. Людзі сталі абыякавымі да рэлігіі. Многія, у тым ліку бацька Максімена, лічылі за лепшае ў нядзелю пайсці ў карчму, а не ў касцёл. Менавіта да гэтых людзей у першую чаргу скіравала Марыя свае словы, поўныя болю, папрокаў і слёз. Але яна таксама сказала дзецям: «Перадайце гэта ўсяму майму народу».

Чароўная Пані звярталася не толькі да двух пастушкоў, але і да астатніх жыхароў наваколляў Ля Салет ці нават да ўсяе Францыі. Праўду кажучы, Яе пасланне было адрасавана ўсім нам. У ім утрымліваецца найперш імкненне схіліць да навяртання, да жыцця праведнага і ў згодзе з прынцыпамі веры, да падпарадкавання волі Божай.

Пазначаючы шлях да веры, Маці Божая ўказвае на асноўныя праблемы. Сярод іншага, Яна заклікае нас да штодзённай малітвы, настойвае адмовіцца ад працы ў нядзелю і нагадвае пра абавязак удзелу ў Святой Імшы.

На працягу больш чым 150 гадоў ад часу аб’яўлення заклікі гэтыя не страцілі сваёй надзённасці.

Місіянеры Марыі з Ля Салет

Салятынская Кальварыя. Фігуры, якімі пазначаюць чарговыя фазы аб’яўлення Маці Божай, і стацыі Крыжовага шляху, пастаўлены дакладна так, як прайшла Марыя.
У апошніх словах, скіраваных 19 верасня 1846 г. да Мяланні і Максімена, Маці Божая даручыла перадаць Яе пасланне ўсяму народу. Зразумела, што двое дзяцей не маглі самастойна выканаць падобнае даручэнне. Яго выкананне ўсклалі на сябе місіянеры салятыны — манаская супольнасць, створаная дзеля спаўнення гэтай місіі.

Сваім заснаваннем салятыны абавязаны біскупу Філіберу дэ Бруяру, які ў пастырскім лісце ад 1 мая 1852 г. абвясціў пра стварэнне ордэна, заданнем якога будзе пашырэнне слоў Марыі з Ля Салет. Ён таксама выбраў групу святароў, якім даручыў арганізацыю Супольнасці місіянераў Маці Божай з Ля Салет. Пачатковы перыяд салятынскага служэння быў вельмі цяжкі. Першая капліца мясцілася ў драўлянай павеці, жылое памяшканне — у бараку з дошак. Першыя салятыны склалі ордэнскія шлюбы 2 лютага 1858 г. У гэтым жа годзе ў манаскае згуртаванне ўступіў ксёндз Сільвен Жыро, які шмат зрабіў для Супольнасці.

Намаганні першых салятынаў неўзабаве атрымалі належную ацэнку Апостальскай Сталіцы. Папа Леў ХІІІ надаў Супольнасці права ажыццяўляць сваю дзейнасць ва ўсім свеце, і ў выніку салятыны вырушылі ў іншыя еўрапейскія краіны, а ў канцы ХІХ ст. — у Злучаныя Штаты, Канаду і на Мадагаскар. Сёння яны працуюць у 23 краінах на пяці кантынентах.

Біскуп Філібер дэ Бруяр, які нарадзіўся ў 1765 г., жыў у неспакойныя часы. Святарскія пасвячэнні ён атрымаў у год французскай рэвалюцыі (1789). Душпастырскую службу пачынаў як адзін з ксяндзоў, што суправаджалі людзей у шляху на эшафот. Быў канонікам славутай катэдры Нотр-Дам у Парыжы. Біскупскую сакру атрымаў у 1826 г. За свае заслугі, у тым ліку за дапамогу бедным, быў адзначаны французскай дзяржавай кавалерскім і афіцэрскім крыжам Ганаровага Легіёна.

Ля Салет учора і сёння

Людзі пачалі ўшаноўваць гэта месца неўзабаве пасля аб’яўлення Марыі. Пачатак паклаў бацька Максімена, які пасля свайго навяртання паставіў там крыж. Праз паўгода пасля цудоўнага здарэння пілігрымы ўсталявалі стацыі Крыжовага шляху. У 1852—1865 гг. была пабудавана базыліка. У 1860 г. для вандроўнікаў адкрылі гатэль.

Сёння ў санктуарый вядзе зручная дарога. Даехаць сюды можна з вядомага цэнтра зімовага спорту Грэнобля, мінуючы па дарозе мясцовасць Кор, дзе нарадзіліся Мялання і Максімен (яшчэ стаяць іх родныя дамы), а потым уздымаючыся па маляўнічай пятнаццацікіламетровай звілістай горнай дарозе. Штогод гэтую трасу пераадольваюць каля 200 тыс. пілігрымаў — і французаў, і вандроўнікаў з іншых краін.

Вандруючы па ўзгорку

У санктуарыі, апрача базылікі, перш за ўсё звяртае на сябе ўвагу месца аб’яўлення. Яно знаходзіцца ў цясніне ракі Сезія, і яго лёгка распазнаць па бронзавых фігурах, што ўвасабляюць Маці Божую і двух пастушкоў і стаяць дакладна на месцы падзеі.

У санктуарыі ёсць памяшканні для малітвы і групавых спатканняў. У зале Нотр-Дам дэманструюцца фільмы салятынскай тэматыкі. Той, хто прагне сумоўя з Богам на адзіноце, заўсёды можа знайсці зацішнае месца.

Салятыны ў Польшчы

На 2002 г. прыпадае 100-гадовы юбілей прысутнасці ксяндзоў-салятынаў у Польшчы. Амаль 100 гадоў назад пяць маладых святароў прыехалі са Швейцарыі ў Кракаў вывучаць польскую мову. Яны павінны былі абвясціць пасланне з Ля Салет польскім эмігрантам у ЗША. Перад выездам за акіян іх скіравалі на душпастырскую практыку ў кракаўскай і львоўскай дыяцэзіях. Аднак у выніку толькі двое з іх былі адпраўлены на працу ў Злучаныя Штаты. Астатнім даручылі місію стварэння салятынскай арганізацыі ў Польшчы.

Дэмбовец — польская Ля Салет

На працягу 90 гадоў Дэмбовец вядомы як галоўны асяродак Супольнасці місіянераў Маці Божай з Ля Салет у Польшчы. Кожны польскі салятын менавіта тут атрымаў сваю адукацыю. У Дэмбоўцы адбываюцца ўсе больш-менш значныя ўрачыстасці.

Дэмбовец — гэта адзін з найважнейшых марыйных санктуарыяў у Польшчы. Яго ахвотна наведваюць пілігрымы, асабліва з нагоды адпустаў. Вернікі спазнаюць тут блізкасць Бога і Маці Божай. Месца гэтае славіцца таксама цудоўнымі выздараўленнямі. Яго асаблівая атмасфера спрыяе малітве і засяроджанасці. Паказальна тое, што салятыны, якія працуюць па-за межамі Польшчы, абіраюць месцам адпачынку менавіта дэмбавецкі санктуарый.

У Беларусь першая пілігрымка з салятынскай парафіі ў Жэшаве прыбыла ў 1995 г. Салятыны працуюць у вёсцы Далёкія, на Віцебшчыне.

Маленькія місіянеры

Сярод шматлікіх прыхільнікаў Марыі Салятынскай ёсць таксама група з некалькіх сотняў дзяцей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Яна была створана пяць гадоў назад з нагоды 50-годдзя святарства Святога Айца Яна Паўла ІІ і 150-й гадавіны аб’яўлення ў Ля Салет. Ініцыятарам яе стварэння з’яўляецца ксёндз Юзаф Похват, а аніматаркай супольнасці — Мадзя Бучак, вядомая па «Радыё Марыя».

Папская місійная супольнасць дзяцей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі імя Маці Божай з Ля Салет — так гучыць поўная назва супольнасці — дае дзецям усведамленне таго, што яны незабытыя, а іх пакуты недарэмныя. Пазбаўленыя нармальнага дзяцінства з прычыны хваробы або выпадку, часта вымушаныя перасоўвацца ў інвалідных калясках, яны ахвяруюць свае пакуты дзеля Святога Айца, місіянераў і галадаючых дзяцей.

І ты можаш далучыцца да людзей, якія больш за 150 гадоў пашыраюць Пасланне Маці Божай з Ля Салет. Асяродкі паклікання ксяндзоў місіянераў салятынаў знаходзяцца ў Мрангове і Закапанэ.

Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць па адрасах:

ul. Słoneczna 1 B, 11-700 Mrągowo
тэл.    (089) 741 40 41
ul. Tuwima 5, 34-500 Zakopane
тэл. (018) 206 69 79

Ля Cалет у Інтэрнэце

Калі хочаш узбагаціць свае веды на тэму аб’яўлення ў Ля Салет, шмат каштоўнай інфармацыі знойдзеш у Інтэрнэце. Тым, хто валодае замежнымі мовамі, можна найперш рэкамендаваць афіцыйную старонку пра Ля Салет па адрасе:

http://www.lasalette.org

Інфармацыя на польскай мове знаходзіцца па адрасе:

http://www.lasalettr.org.pl

Чароўная Пані ў прамяністым строі.
З апісанняў, пераказаных дзецьмі, вынікае, што Маці Божая аб’явілася ў строі мясцовых жанчын. Яна была апранута ў доўгую, ажно да шчыкалатак, сукенку, і аперазаная фартухом. На грудзях у яе была хустка, на галаве — чапец, на нагах — чаравічкі са спражкамі. Аднак у адзенні Чароўнай Пані дзеці заўважылі дэталі, якія істотна адрознівалі яе постаць ад мясцовых сялянак. Галаву аздабляла прамяністая дыядэма, а на плячах ляжаў цяжкі шырокі ланцуг — біблейскі сімвал несправядлівасці і чалавечага граху. На грудзях у яе быў крыж, а па абодвух яго канцах знаходзіліся малаток і абцугі. Вакол было мноства ружаў. Увесь убор зіхацеў святлом, якое зыходзіла ад крыжа.

Слёзы Марыі.
Падчас аб’яўлення дзеці стаялі побач з Маці Божай так блізка, што, паводле іх слоў, «ніхто не мог бы прайсці паміж Ёю і намі». Яны добра бачылі, як Чароўная Пані плакала. Слёзы Марыі нагадваюць пра Галгофу. Плачучы над Сваім Сынам, якога пакінулі людзі, Маці Божая плача над усімі намі. Гэтыя слёзы — сведчанне любові да чалавека і адначасова заклік да навяртання, а таксама ачышчэння ад граху. Слёзы на цудоўным абліччы Маці Божай з Ля Салет, Яе балесная скарга на грэшны свет і парушэнне Божых запаведзяў растрывожылі сумленне людзей. З тае прычыны, што Маці Божая плача і, як і раней, імкнецца заступіцца за нас і Сына, Слёзнай Мадонне надалі тытул «Паяднальніцы грэшнікаў».

Крыж з Ля Салет.
На грудзях Маці Божай Мялання і Максімен убачылі сімвал пакуты Панскай — крыж, але ж так не падобны на іншыя вядомыя нам крыжы. На адным яго канцы знаходзіліся абцугі, на другім — малаток. Некаторыя бачылі ў іх прылады, выкарыстаныя ў час укрыжавання. Але сімвалы гэтыя маюць больш глыбокі сэнс. Бо малатком прыбіваюць, а з дапамогай абцугоў вызваляюць. Такім чынам, яны сімвалізуюць смерць і змёртвыхпаўстанне. Салятынскі крыж нагадвае пра бязвінныя пакуты Езуса і заклікае нас паяднаць свой жыццёвы крыж з крыжам Збавіцеля, каб ахвяраваць Хрысту свой боль і свае пакуты.

Ружанец з Ля Салет.
Наўкол постаці Чароўнай Пані дзеці ўбачылі безліч ружаў. Кветкі, сфармаваныя ў выглядзе кароны на галаве, акружалі краі хусты і ногі Марыі. Які пекны ружанец! Гэта напамін, што ружанец з’яўляецца наймілейшай малітвай да Маці Божай і адначасова прызнаннем Яе ролі ў таямніцы Збаўлення. Гэта таксама заклік за Яе прыкладам ахвяраваць Езусу сваё жыццё разам з усімі пакутамі.

Літанія да Маці Божай Салятынскай

Пераклад з польскай мовы
Наталлі Мазоўкі.