60-я гадавіна смерці назарэтанак

«Поўнымі, спелымі каласамі нашай зямлі, зжатымі ў Наваградку», назваў гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч адзінаццаць благаславёных мучаніц-назарэтанак. 1 жніўня 2003 г., у 60-ю гадавіну расстрэлу сясцёр немцамі ў лесе непадалёк ад Наваградка, ён адправіў Святую Імшу ў наваградскім фарным касцёле. На ўрачыстасць прыбылі шматлікія святары, законныя сёстры, родныя благаславёных сясцёр і выхаванцы назарэтанак, а таксама былыя і сённяшнія наваградцы. Перад алтаром было пастаўлена 11 упрыгожаных ружамі і лісцем папараці кленчнікаў мучаніц.

Назарэтанскія мучаніцы былі абвешчаны благаславёнымі 5 сакавіка 2000 г. у Ватыкане. Падчас урачыстасці беатыфікацыі Святы Айцец Ян Павел ІІ назваў іх «найкаштоўнейшым скарбам супольнасці назарэтанак», «спадчынай усяго Касцёла Хрыстовага на ўсе часы, асабліва на Беларусі».

Новы сакратар Кангрэгацыі

Арцыбіскуп Даменіко Сарэнціно прызначаны 2 жніўня новым сакратаром Кангрэгацыі Божага культу і дысцыпліны сакрамантаў. Апошнія два гады ён быў арцыбіскупам-пралатам Пампеі і папскім дэлегатам мясцовага санктуарыя Маці Божай Ружанцовай. 55-гадовы іерарх часова будзе і надалей спаўняць абедзве функцыі ў якасці апостальскага адміністратара, хутчэй за ўсё, да візіту Яна Паўла ІІ у Пампею, запланаванага на 7 кастрычніка гэтага года.

Кангрэгацыя Божага культу і дысцыпліны сакрамантаў займаецца справамі літургіі. Да яе кампетэнцыі між іншым належыць выдача заключэнняў аб несапраўднасці святарскіх пасвячэнняў і сужэнстваў. Прэфектам Кангрэгацыі з’яўляецца кардынал Фрэнсіс Арынзе з Нігерыі.

У пошуках шляхоў паяднання

11 ліпеня 2003 г. адбыліся афіцыйныя ўрачыстасці з нагоды прымірэння польскага і ўкраінскага народаў. Ян Павел ІІ скіраваў да народаў Польшчы і Украіны ліст, які стаў своеасаблівым мастком у справе прымірэння ўкраінцаў і палякаў. Чарговы раз Святы Айцец нагадаў пра неабходнасць прабачэння і еднасці, як гэта было і раней, падчас ягонага побыту ў Львове ў 2001 г.

Святы Айцец заклікаў да глыбокага рахунку сумлення, а таксама падкрэсліў неабходнасць прымірэння, што дазволіла б па-новаму зірнуць на сучаснасць і мінулае. Ян Павел ІІ звярнуўся да ўкраінцаў і палякаў з заклікам глянуць на мінулыя падзеі з новай перспектывы і працягнуць адзін аднаму далоні ў знак прымірэння, каб разам будаваць для ўсіх лепшую будучыню.

«Калі Бог дараваў нам у Хрысце, — сказаў Святы Айцец, — то неабходна, каб і вернікі ўмелі прабачаць крыўды адзін аднаму, а таксама прасіць аб прабачэнні ўласных правінаў і такім чынам садзейнічаць справе будовы свету, у якім шануюцца жыццё, справядлівасць, згода і спакой. Акрамя таго, хрысціяне, якія ведаюць, што Бог «...Таго, Хто граху не ведаў, зрабіў за нас грахом» (2 Кар 5, 21), пакліканы прызнацца ў памылках мінулага, абудзіць уласнае сумленне перад абліччам цяперашніх кампрамісаў і адкрыць сэрцы на сапраўднае, трывалае навяртанне».