Гэта быў дар Провіду. Заўсёды адчуваю яго. І ўдзячная Лёсу. Хоць зразумела тое не адразу. Наш дом у Наваградку — насупраць касцёла Перамянення Пана — Белай Фары. Касцёл відаць з нашых вокнаў. Як і замак. Раніцай было проста немагчыма не прайсці каля замка і не спусціцца да касцёла, каб пастаяць там у малітоўным роздуме перад вялікім драўляным крыжам, перад магілай сясцёр-назарэтанак, а пасля не зайсці ў касцёл...

Сапраўды... Як гэта ў Ганны Ахматавай? «А юность была, как молитва воскресная...» Хаця — 50-я гады ХХ стагоддзя... Пара афіцыйнага атэізму... Але і пара ўнутранай неабходнасці веры... Імкненне да Хрыста, жаданне наблізіцца да Яго... Праз відавочнае хараство Божага свету... Праз акрыленае адчуванне Божай ласкі, праз містычнае адчуванне Божай волі... Тут, у Наваградку, мабыць, асабліва... Тут лунаў дух 11 пакутніц — сясцёр-назарэтанак, што сваім жыццём і паслугаю былі адданыя аднаму: сцвердзіць і спраўдзіць харызматычнае пасланніцтва свае супольнасці, якое заключалася ў пашырэнні Валадарства Божай Любові. Тут лунаў дух сясцёр-назарэтанак, што смерцю сваёю склалі ахвяру за жыццё іншых, засведчылі веру ў Бога перад абліччам нянавісці і гвалту.

...А падчас майго пасляваеннага дзяцінства і юнацтва тут была сястра Малгажата. Адзіная з сясцёр, што засталася жывая, бо падчас арышту знаходзілася ў шпіталі. Сапраўднае яе імя Людвіка Банась.

Яна засталася жыць, каб паводле Провіду таксама выканаць Божую волю: захаваць Белую Фару, дапамагчы мясцовым жыхарам быць адданымі вернікамі, прыйсці да сапраўднай веры ў цяжкія часы афіцыйнага і ваяўнічага атэізму.

Спачатку я бачыла сястру Малгажату толькі здалёк. Велічна-высакародная. Не падобная ні да кога. Годнасць і пакора — адначасова. Жыццё духа, падпарадкаванасць нейкай вышэйшай наканаванасці — гэта адчувалася нават на адлегласці... Хоць, на першы погляд, сястра Малгажата была занятая звычайнымі справамі: даглядала касцёл (яна не адзін год пражыла ў касцельнай закрыстыі як нястомная вартаўніца Божай святыні). Вырошчвала кветкі: улетку — каля касцёла, зімою — у закрыстыі, збірала вернікаў і праводзіла набажэнствы... Мясцовыя жыхары называлі яе «вартавым табэрнакулюма» ... Касцёл заўсёды быў адчынены з самага ранку. Увесь белы, светлы, чысты нейкаю асабліваю чысцінёю.

Здавалася, само паветра тут было прасякнута Божаю прысутнасцю, пасля далучэння да якой неяк усё само сабою ладзілася, удавалася. Напрыклад, да экзаменаў я заўсёды рыхтавалася на лаўцы каля касцёла, а пасля ішла на тыя іспыты лёгка, з радасцю і здавала іх паспяхова.

Асаблівую душэўную злагаду адчувала, сустрэўшы сястру Малгажату. Аднаго разу, калі мне было адзінаццаць гадоў, я мела шчасце пазнаёміцца з ёю і з тымі, хто ёй дапамагаў пры касцёле: з пані Магдаленаю Жукоўскаю, з роднымі сёстрамі Жыжылеўскімі. (У іх доме пазней жыла сястра Малгажата і пробашчы Фары.) Тое добрае і блізкае знаёмства доўжылася да канца іх зямнога шляху. З маёю маці (адвакатам) у іх былі асаблівыя стасункі. Маці пісала бясконцыя апеляцыі, каб улады дазволілі парафіянам мець свайго пастыра, адпраўляць Святую Імшу, практыкаваць каталіцкую веру. Складаліся тыя заявы, безумоўна ж, не на працы, а ў нас дома, звычайна познім вечарам або ноччу.

Ад сястры Малгажаты ў маю душу прыходзіла многае. Не толькі Божыя запаведзі, Святое Пісанне, катэхізіс (тут было і «хатняе» веданне). Яна пашырала мой духоўны кругагляд, знаёміла з выдатнымі постацямі каталіцкіх святых: з Тэрэзай з Лізьё (яе абраз з тых даўніх часоў вісіць у наваградскай Фары), з Тэрэзай Авільскаю, з Францішкам Асізскім... Пачатак тых ведаў — ад сястры Малгажаты, ад пані Магды...

Адтуль — і разуменне хараства Божага свету ва ўсіх яго праявах...

...37 гадоў, што мінулі з дня адыходу сястры Малгажаты з гэтага свету, я беражліва захоўваю запіску, якую прынеслі парафіяне маёй маці: «У 5 гадз. вечара будзе вынас труны ў касцёл. Заўтра раніцай адбудзецца пахаванне». І здымкі... Цяпер яны друкуюцца ўпершыню.

І, здаецца, адчуваю высокі дух сястры Малгажаты, калі сустракаюся з верніцамі, якія ведалі яе: з сястрою Тэрэзаю (Сабінаю Касінскаю), што была пры сястры Малгажаце да апошняй яе хвіліны, прыбірала яе ў апошні шлях; з пані Зоф’яй Бародын, з пані Ядвігай Пісарук, з пані Марыяй Каравайскай.

...Я заўсёды несла з сабою святло той сустрэчы і доўгага знаёмства з сястрою Малгажатаю. Даўно марыла пра гэта напісаць. Напрыканцы 1970-х у выдавецтве «Юнацтва» была запланавана мая кніга «Святло загадкі». Кніга паводле пражытага і перадуманага, паводле тых даўніх незабыўных дзён. Аднак я адмовілася ад выдання. Тады нельга было згадваць нават Біблію. Пісаць пра касцёл, духоўных асобаў — нельга было і думаць. Пазбавіць гэтага жыццё — усё роўна што душу выняць. І, мабыць, дух сястры Малгажаты не дапусціў мяне да такога граху.

Затое, як толькі такая магчымасць з’явілася, прамовіла пра самае дарагое. У часопісах «Хрысціянская думка» (1994), «Беларусь» (1993), «Наша Вера» (1996, № 3/6), у кнізе «Святло загадкі» (1995).

А ў 2000 годзе з Божай ласкі прысутнічала на беатыфікацыі 11 сясцёр-назарэтанак у Рыме. (Пра тое ў часопісе «Наша Вера», 2000, № 2.)

І вось 19 лютага 2003 года быў распачаты беатыфікацыйны працэс сястры Марыі Малгажаты ад Сэрца Пана Езуса, канаючага ў Садзе Аліўным.

17 чэрвеня адбыліся ўрачыстасці з нагоды эксгумацыі слугі Божай сястры Малгажаты. Яна вярталася ў сваю Фару. І калі дзень эксгумацыі 11 сясцёр-пакутніц — 19 сакавіка 1945 года — быў адметны тым, што выпаў чысты белы снег, а дзень пахавання сястры Малгажаты быў па-вясноваму лагодны і сонечны (21 красавіка 1966 года), дык у гэты чэрвеньскі дзень ранак нібыта выяўляў смутак усяе прыроды: воблачная, мяккая прахалода падчас хвалюючых гадзін на могілках; і няяркае, нібыта ўсцешанае сонца — падчас Ружанцу і Святой Імшы.

Асаблівае адчуванне Боскай прысутнасці... Ва ўрачыстасці ўдзельнічалі ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Аляксандр Кашкевіч і дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Антоній Дзям’янка, дэлегат ад прымаса Польшчы кс. доктар Стэфан Козьнік, прамотар справядлівасці кс. доктар Габрыэль Барташэўскі OFM, Генеральная маці супольнасці Найсвяцейшай Сям’і з Назарэту Марыя Яніца Фулмэр з Рыма, кіраўнічка назарэтанскай правінцыі ў Варшаве сястра Люцына Карнацка, віцэ-пастулятарка беатыфікацыйнага працэсу сястра Францішка Худа з Рыма; першы натарыус сястра Дамініка Паўлік, другі натарыус сястра Амата Навашэўска, даручыцель лістоў беатыфікацыйнага працэсу сястра Эльвіра Пракопак; сёстры-настаяцельніцы з Польшчы і Беларусі, сёстры і навіцыяткі назарэтанскай Супольнасці... Сведкі жыцця і адданай веры сястры Малгажаты.

У Белай Фары — цнатлівы, далікатны водар ружаў. Іх шмат — белых і чырвоных. Усё нібыта ціха свеціцца высокаю чысцінёю і святлом. Усё сведчыць аб сапраўднай веры. І гэты непараўнальны водар... Здаецца, дух сястры Малгажаты прысутнічае тут. Так заўсёды пры яе жыцці Белая Фара поўнілася водарам і свежасцю кветак. І цяпер іх зямны водар як напамін пра ўзнёсласць незямную.

Здаецца, адчуваеш прарыў Божай рэчаіснасці ў наш грэшны свет... Рэальная прысутнасць Хрыста Збаўцы, што ўмацоўвае нас Хлебам жыцця вечнага ў таямніцы Эўхарыстыі...

Асабліва і пранікнёна гучаць словы малітвы аб беатыфікацыі слугі Божай Марыі Малгажаты ад Сэрца Пана Езуса, канаючага ў Садзе Аліўным (Людвікі Банась):

«Міласэрны Божа, Твой Сын Езус Хрыстус з пакораю і любоўю прыняў Тваю волю, а Яго смерць стала для Касцёла крыніцаю новага жыцця.
Учыні ласкава, каб Твая слуга, сястра Малгажата, назарэтанка з Наваградка, якая па прыкладзе Езуса прыняла пераслед і цяжкасці лёсу як заклік да асаблівай службы Касцёлу, была залічаная да шэрагу благаславёных.
Няхай сведчанне яе жывой веры, мужнасці і любові да бліжняга дапамагае нам верна трываць пры Хрысце і Ягоным Касцёле. Праз яе заступніцтва ўдзялі нам ласку ......, аб якой просім Цябе праз Езуса Хрыста, Пана нашага. Амэн».

Альбіна Сямёнава
Фота з архіва аўтара.