святой памяці Марыі
(10.02.1922—8.08.2002)

1 белая кніга
светлая ў вышы бялеецца грудка
вецер бунтуе не буду не буду
перыйка нехта страсае ціхутка
вершацца дзеі таемнага цуду

вершацца дзеі і з нашым удзелам
у леце гарачым у холадзе белым
холад у сэрцах змятае пустэчу
перад Тваёй Міласэрнасцю кленчу

з Мамай сустрэнемся пад абразамі
Мама сказала нічога не бойся
вось твая Маці так Мама сказала
белую кнігу напішуць нябёсы

2 белае лета
у белым леце не хапіла слёз
заглыбілася ў гушчары нябёс
у белы дождж сярэбраных валос

заглыбілася ў светлую любоў
як і ў прастору белых алтароў
каб сэрца распаліць не трэба дроў

а Мама ў белым за руку вядзе
гняздзечка ў белым воблаку прадзе
шкадуе як гурочка на градзе

3 белы смутак
Збоку пад крыжам у белым аблоку у белым
смутку сустрэліся з Мамай якая збалела
ткалля даткала да ніткі свой белы вуток
грудзі яе прытуляе той белы грудок

Маці з душою і целам узнятая ў неба
бачу ў вачах Тваіх Маму якая збалела
візіяй ціхаю грэе цудоўны абраз
Суцяшальніца Белая
ў смутку маліся за нас

4 белая магія
у белым ліўні Садзе Аліўным
у белым ліўні спеюць масліны
у Галілеі горача хмарыць
Божым алеем нельга ашпарыць

не адмаўляй Міласэрная Маці
белага чару белае магіі
добра маліцца і так яно будзе
на белым свеце у Белагрудзе

войска святое не мае прастою
чары здымае войска святое
згоршаны свет не збаўляецца бітвай
але збаўляецца ціхай малітвай

5 белы пракос
белы касец
не збівае тваіх белых рос белых слёз
гоніш сама як гасцінец шырокі пракос

белае воблака ўзніме
белы матыль
белыя вёрсты і белы
аўтамабіль

белыя жарты
далёка твой белы цягнік

у белай світцы на горцы
грыбок баравік

белы хлябок
і белы галубок

6 белы крыж
дачка ахрышчана ў Хрысце
з душою добраю расце
і Ласкі Поўная над ёй
з малітвы цёплаю слязой

на грудзі белыя аблок
скаціўся сонейка клубок
грудок пасвенчанай зямлі
малое сонейка замгліў

анёл трымае Мамін Крыж
дачка трымае Мамін боль
святло і змрок глыбінь і выш
усё трымае добры Бог

7 Белая Панна
Чыстая Поўная Ласкі з Белае Груды
ад неўрадлівага лета ад голаду бруду
з белых праменняў жыцця Твой цудоўны абраз
Белагрудская Божая Маці маліся за нас

Чыстая Поўная Ласкі з Белае Груды
не адмаўляй аглядаць Твае белыя цуды
мае драбінкі на неба Твой цудоўны абраз
Белагрудская Божая Маці
маліся за нас

8 магніфікат
о Незямная на зямлі
бядою вочы не замглі
у белы дом у белы Край
непазбіраных пазбірай

Твой Сын усюды творыць цуд
маіх грахоў змывае бруд
крывінкі збаўчыя свае
у нашы сэрцы пералье

9 белая песня
з мясцін дзе Твой і Божы Сын
Ты да людзей ідзеш з карцін
Вястунка ад духовых ран
вядзеш у Божы Акіян

з балотаў белых перапраў
малітвы з працай чысты сплаў
вяночкі ружанцовых руж
у ланцужкі святочных душ

адмый вясковых чараўніц
паскідвай злых шатанаў ніц
падняць жыццё з жывых магіл
пазыч анёльскіх белых крыл

чакаюць белыя груды
збаўлення як жывой вады
усіх у белае адзень
у белым Краі ў белы дзень

літанія
сямейка ахрышчана перажагнана
пшаніца пажата не пераламана
малінка даспелая ў лесе сабрана
маліся за нас Белагрудская Панна

азерца працэджана рэчкай звязана
а рыбка на донцы не пералапана
а кожнай малечы залечана рана
маліся за нас Белагрудская Панна

у кожнай шматдзетнай сям’і занядбанай
матуля з малітвай гадуе каплана
расце пры касцёле вяночак бялянак
маліся за нас Беларудская Панна

а хто ж будзе сонейкам апекавацца
а хто ж сіраце адламае ламанца
мы крышку марудныя ды не ўтрыманцы
маліся за нас Белагрудская Божая Маці

Данута Бічэль
ліпень 2003