(для прыватнага чытання)

Кірые, элейсон, Хрыстэ, элейсон, Кірые, элейсон,
Хрыстэ, пачуй нас, Хрыстэ, выслухай нас.
Ойча з неба, Божа, змілуйся над намі.
Сыне, Адкупіцель свету, Божа, змілуйся над намі.
Духу Святы, Божа, змілуйся над намі.
Святая Тройца, Адзіны Божа, змілуйся над намі.

Марыя Салятынская, Маці Божая,
                                                                                              — маліся за нас!
Марыя Салятынская, Каралева і Маці людзей,
Марыя Салятынская, Пасланніца Божай Міласэрнасці,
Марыя Салятынская, Пасрэдніца ўсемагутная,
Марыя Салятынская, Ахвяра пакуты і перапрашэння,
Марыя Салятынская, Агень адданасці і апостальства,
Марыя Салятынская, Настаўніца сапраўднай пабожнасці,
Марыя Салятынская, Крыніца збаўлення для бедных грэшнікаў,
Марыя Салятынская, якая нагадваеш свету пра справядлівасць Божую і кару за грахі,
Марыя Салятынская, якая з дабрынёю настойваеш, каб мы ў Цябе паратунку шукалі,
Марыя Салятынская, якая хочаш, каб увесь свет Цябе ведаў і да Цябе звяртаўся,
Панна Салятынская, Прыклад сціпласці і прастаты,
Панна Салятынская, Узор прыгожай любові,
Панна Салятынская, Святло для аслепленых і тых, хто яшчэ блукае ў цемры,
Панна Салятынская, якая асуджаеш пажадлівасць і бессаромныя забавы свету,
Панна Салятынская, якая схіляеш нас да стрыманасці і самавалодання,
Панна Салятынская, якая заклікаеш да паслухмянасці і пакоры,
Панна Салятынская, якая прыспешваеш грэшнікаў да навяртання і пакуты,
Панна Салятынская, якая абяцаеш шматлікія ласкі тым, хто навяртаецца,
Панна Салятынская, якая заахвочваеш справядлівых да яшчэ больш шчырай пабожнасці,
Маці Салятынская, якая горка плачаш над нашаю злосцю і нашаю нядоляю,
Маці Салятынская, якая ўтрымліваеш руку Сына, калі на нас гневаецца,
Маці Салятынская, якая церпіш за тое, што людзі не святкуюць нядзелі і абражаюць Бога,
Маці Салятынская, якая смуткуеш з-за таго, што людзі зневажаюць святыні,
Маці Салятынская, якая перасцерагаеш увесь свет,
Маці Салятынская, якая пра нас клапоцішся, не зважаючы на нашу няўдзячнасць,
Маці Салятынская, якая раіш маліцца раніцай і ўвечары,
Маці Салятынская, якая ласкава нагадваеш пра Муку Свайго Боскага Сына,
Маці Салятынская, якая клапоцішся пра хлеб наш штодзённы,
Маці Салятынская, якая адорваеш нас крыніцай цудоўнай вады,
Маці Салятынская, якая лечыш усялякія хваробы,
Маці Салятынская, Апякунка бедных і дзяцей,
Маці Салятынская, Суцяшальніца хворых і засмучаных,
Маці Салятынская, Надзея і Суцяшэнне тых, хто ў роспачы,
Маці Салятынская, Апора пілігрымуючага Касцёла,
Маці Салятынская, Заступніца церпячага Касцёла,
Маці Салятынская, Хвала ўмілаванага Касцёла,
                                                                                              — маліся за нас!

Праз Твае горкія заўвагі ўчыні, каб мы былі паслухмяныя Твайму Сыну,
                                                                                              — просім Цябе, Марыя!
Праз Твае балесныя слёзы выпрасі нам жаль за грахі,
Праз Твае нечуваныя цярпенні вымалі нам ласку, каб у жыццёвых цяжкасцях мы давяраліся Божай волі,
Праз Тваё аб’яўленне і цуды ўмацуй веру і ўзаемную згоду ў Тваім народзе,
Праз Твой позірк, скіраваны ў бок Рыма, абудзі ў нас гарачую адданасць Каталіцкаму Касцёлу,
Праз Тваю невымоўную пяшчоту ўчыні, каб мы яшчэ мацней Цябе любілі,
Праз Тваю захапляючую прыгажосць учыні, каб мы сумавалі па небе,
Праз Тваё новае Унебаўзяцце прывядзі ўсіх нас да Сябе,
                                                                                              — просім Цябе, Марыя!

Баранку Божы, які бярэш на Сябе грахі свету,
                                                                                              — даруй нам, Пане.
Баранку Божы, які бярэш на Сябе грахі свету,
                                                                                              — выслухай нас, Пане.
Баранку Божы, які бярэш на Сябе грахі свету,
                                                                                              — змілуйся над намі.

Маці Божая Салятынская, Паяднальніца грэшнікаў з Богам,
маліся нястомна за нас, хто ў Цябе паратунку шукае.

Пане Езу Хрыстэ, у сваёй бясконцай міласэрнасці Ты спаслаў на Салятынскую Гару сваю Найдаражэйшую Маці, каб Яна схіляла нас да спаўнення хрысціянскіх абавязкаў. Учыні, каб мы, расчуленыя Яе слязьмі і паслухмяныя Яе наказам, праз сваю пакуту на зямлі маглі злагодзіць Твой справядлівы гнеў і з Табою ў небе валадарыць на вякі. Амэн.

 

У кожную сераду перад фігурай славутай ласкамі Маці Божай Слёзнай адбываецца набажэнства няспыннай навэнны да Марыі Салятынскай. Вернікі звяртаюцца з просьбамі найперш пра здароўе, Божае благаславенне, дапамогу ў прыняцці цяжкай пастановы, гармонію ў сям’і, пра навяртанне і паяднанне грэшнікаў. Таксама дзякуюць. Некаторыя ўмольныя або падзячныя памкненні прысылаюць па пошце, бо і такая форма малітвы дапушчальная.

Помні, о Маці Божая Салятынская, пра слёзы, пралітыя за мяне на Кальварыі. Помні таксама пра намаганні, якія Ты няспынна робіш дзеля мяне, каб засланіць мяне перад справядлівасцю Божай. Ці ж можаш Ты цяпер пакінуць дзіця сваё, калі Ты для яго ўжо шмат так зрабіла. Ажыўлены гэтай суцяшальнаю думкаю, я падаю да ног Тваіх, хоць я такі здрадлівы і няўдзячны. Не адкідай малітвы маёй, о прачыстая Нявінніца, Паяднальніца грэшнікаў, але навярні мяне і выстарайся для мяне тую ласку, каб я Езуса ўзлюбіў больш за ўсё, а Цябе суцяшаў жыццём пабожным, каб я мог калі-небудзь убачыць Цябе на небе. Амэн.

НЯЗГАСНАЯ ЗОРКА З ЛЯ САЛЕТ