У рэлігійным жыцці католікаў Беларусі Бог, Касцёл і Папа заўсёды складалі адно цэлае. Асоба Біскупа Рыма карыстаецца асабліваю павагаю і любоўю, а яго пазіцыя наступніка св. Пятра ва ўсведамленні вернікаў грунтуецца на словах Езуса: «Ты (Пётр) – скала, і на гэтай скале Я збудую Касцёл Мой» (пар. Мц 16, 18).Сувязь з Біскупам Рыма асабліва ўмацавалася дзякуючы Яну Паўлу ІІ, які з вялікім клопатам глядзіць на Касцёл на Усходзе, добра ведае і глыбока разумее ўсе тыя выпрабаванні, якія выпалі на яго долю. У спецыяльнай аўдыенцыі для 900 пілігрымаў з Беларусі, якая адбылася пяць гадоў назад у аўлі Паўла VІ, Святы Айцец зазначыў: «Хто злічыць усе цярпенні свецкіх вернікаў, святароў, законнікаў, законніц на беларускай зямлі! (...) Я нашу глыбока ў сэрцы ўсё тое, што сталася вашым лёсам (...). Я хацеў бы аддаць пашану тым, хто ў нялюдскіх умовах захаваў сваю годнасць, неаднаразова даючы гераічнае сведчанне любові да Бога і Касцёла».

Святы Айцец Ян Павел ІІ распачаў працэс адновы Касцёла і рэлігійнага жыцця на Беларусі, здзейсніў гістарычны акт рэарганізацыі дыяцэзіяльнай структуры Касцёла ў нашым краі, устанавіў дыяцэзіі і прызначыў касцёльную іерархію...

Вялікіх Божых справаў не трэба забываць. Іх трэба памятаць, імі трэба ўмацоўваць сябе і сваю веру. Святы Айцец Ян Павел ІІ заахвочвае нас да гэтага, калі кажа: «Нам трэба з удзячнасцю ўспамінаць мінулае, усім сэрцам перажываць сённяшняе і ўмець быць адкрытымі на будучыню». Дзякуй добраму Богу за гэтыя 25 гадоў сапраўды гістарычнага пантыфікату нашага Папы.