Кс. Войцех Бартковіч

Пан Бог – гэта не «Бог памерлых». Калі Ён размаўляў з Майсеем, назваўся так: «Я ёсць, Каторы ёсць» (Зых 3, 14). Слушна паўтараецца ў каментарах да гэтага тэксту, што ў святым імені, якое прагучала з сярэдзіны палаючага куста, сцвярджаецца вечнае сёння Божага існавання, бо для Бога няма ані мінулага, ані будучага часу – ёсць вечнае сёння, што ахоплівае ўсе часы і месцы. Таму добрая малітва павінна быць па-сапраўднаму ўгрунтаваная ў гэтае Божае сёння. Ці спаўняе гэты пастулат Ружанец? Ці не з’яўляецца ён перадусім разважаннем над Божымі таямніцамі? Так, але гэтае разважанне вельмі асаблівае. Вось як тлумачыць яго Святы Айцец: «Кантэмпляваць з Марыяй – гэта перадусім успамінаць. Аднак трэба разумець гэтыя словы ў біблійным значэнні памяці (zakar), якая актуалізуе справы, здзейсненыя Богам у гісторыі збаўлення. Біблія ёсць апісаннем збаўчых падзеяў, якія дасягаюць сваёй кульмінацыі ў самім Хрысце. Гэтыя падзеі не належаць толькі да «ўчора»; яны з’яўляюцца таксама «сённяшнім днём» збаўлення».

Ёсць хітры спосаб адарваць чалавека ад Бога – трэба адцягнуць яго ад сённяшняга. Мы бясконца разважаем над тым, што было (і на што мы ўжо не маем ніякага ўплыву); мы перажываем за будучыню (яна ж у вялікай ступені нам непадуладная), а ўцякае ад нас тое адзінае, што мы маем ва ўсёй паўнаце: цяперашняя хвіліна.

Ружанец павінен вяртаць нас да цяперашняй хвіліны: да людскога і Боскага «сёння».

Дзякуючы гэтай малітве мы можам перажываць таямніцы Хрыста як падзеі, што адбываюцца на нашых вачах. З другога боку, мы перастаем баяцца ўсяго таго, што непакоіць нас тут і цяпер і што нам дакучае, бо адкрываем, што тут таксама «ўсё напоўнена Богам». Тады становіцца натуральным жаданне прыносіць на гэтае спатканне са святою чалавечнасцю Адкупіцеля шматлікія праблемы, страхі, цяжкасці і планы, якія напаўняюць нашае жыццё. «Скінь свой клопат на Пана, а Ён цябе падтрымае» (пар. Пс 55 [54], 23). Медытаваць з Ружанцам – гэта значыць давяраць нашы трывогі міласэрнаму Сэрцу Хрыста і Сэрцу Яго Маці». (...)

Уся прыгажосць і сіла веры адкрываюцца толькі тады, калі мы дапасоўваем іх да сучаснасці. І робіцца гэта праз добра практыкаваную ружанцовую малітву, але дзякуючы гэтай малітве ўзнікае таксама адваротны працэс: наша штодзённасць мае магчымасць «падцягнуцца» да Божых таямніцаў, жыццё ўздымаецца на ўзровень веры, якую мы перадаем вуснамі. «Ружанец, як «медытацыя» аб Хрысце з Марыяй, ёсць збавеннаю кантэмпляцыяй. Сапраўды, калі, таямніца за таямніцаю, мы паглыбляемся ў жыццё Адкупіцеля, то ўсё, што Ён здзейсніў, а літургія актуалізуе, глыбока засвойваецца і фармуе наша існаванне».

Трэба цвёрда запомніць: Ружанец можа стаць малітваю, якая «збаўляе нашую штодзённасць...».

Будзем жа маліцца!

Różaniec № 9 за 2003 г.
Пераклад з польскай мовы Крыстыны Лялько.