Амаль 10 гадоў у Каталіцкім Касцёле Беларусі існуе апостальскі рух свецкіх людзей, які мае назву Легіён Марыі. Галоўная мэта Легіёна – праслаўляць Бога праз духоўнае ўдасканальванне легіянераў у малітве, сумеснай працы і разам з Паннай Марыяй здабываць свет для Хрыста.

З вялікай Божай ласкі Легіён расце і пашыраецца, і на сённяшні дзень мы маем ужо пяць курый у гарадах: Мінску, Маладзечне, Баранавічах, Стоўбцах і Мазыры. У сваю чаргу яны аб’ядноўваюць 38 прэзідыумаў, у якіх больш за 350 легіянераў.

Абавязковымі для легіянераў з’яўляюцца духоўныя практыкаванні – рэкалекцыі. Яны праходзілі некалькі разоў у Будславе, але ахоплівалі толькі адну-дзве курыі Легіёна. І вось вялікая Божая ласка, сапраўды цуд – увесь Легіён Марыі збіраецца на свае першыя сумесныя рэкалекцыі. Прайшлі яны ў жніўні ў Доме Святой Тройцы ў Баранавічах. З благаславення Яго Эмінэнцыі кардынала Казіміра Свёнтка рэкалекцыі праводзіў ксёндз Юзаф Дзеконьскі, духоўны кіраўнік курыі мазырскага Легіёна Марыі. Прывітаць легіянераў прыехаў з Брэста дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец. Ён звярнуўся да воінаў Марыі з прывітальным словам і цэлебраваў Святую Імшу, якой распачыналіся рэкалекцыі.

Адной з самых галоўных умоў рэкалекцый быў абавязак маўчання. Як памятаем са Святога Пісання сам Боскі Настаўнік меў звычай запрашаць апосталаў да сяброўскага маўчання ва ўкрытым месцы: «Пайдзіце адны ў пустыннае месца ды крыху адпачніце» (Мк 6, 31). Ведаем таксама, што Пан Бог прамаўляе да кожнай душы ў цішыні, а менавіта для гэтага і сабраліся легіянеры на свае рэкалекцыі. Але людская недасканаласць нярэдка брала верх і маўчанне парушалася. З айцоўскай цярплівасцю кс. Юзаф тактоўна нагадваў: «Калі вы, напрыклад, запрасілі да сябе вельмі шаноўнага госця, але самі размаўляеце з суседкай ці сяброўкай, што ён зробіць? Вядома ж, пойдзе ад вас. Вось так Пан Езус стаіць і чакае кожнага з нас, бо мы Яго запрасілі...».

Што і казаць, вельмі пашанцавала нам, легіянерам, з айцом рэкалекцыяністам. Прасякнуты марыйным духам, адданы справе Яе Легіёна, ён паказаў прыклад самаахвярнасці і сапраўднай святасці. Мы на яве ўбачылі, як чалавек павінен ушаноўваць Маці Божую і цалкам быць Ёй адданым. А менавіта на гэтым грунтуюцца праца і жыццё легіянера. «Я ўвесь духам Твой, Каралева і Маці мая, і ўсё, што маю, належыць Табе», – гэта словы асабістага пасвячэння легіянера Божай Маці. Сапраўднае ўшанаванне – гэта стан душы, сэнс і стыль жыцця. Вядома ж, гэта няпроста, але магчыма, і ксёндз Юзаф даў нам такое сведчанне, за што мы яму вельмі ўдзячныя.

Тры дні напружанай духоўнай працы і мора Божых ласкаў – так коратка можна ахарактарызаваць гэтыя рэкалекцыі. Вельмі глыбока былі асвечаны тэмы «Абяцанне легіянера – абяцанне Духу Святому», «Аднавіць усё ў Хрысце праз Марыю», «Марыя і Касцёл», «Адвага, пакора, чыстасць», «Малітва і праца легіянера», «Сакрэт поспеху – любоў», «Споведзь – найлепшы сродак фармавання душы», «Крыж легіянера».

З канферэнцыі кс. Юзафа:

– Крыж кожнага хрысціяніна, а легіянера асабліва, не можа быць папяровым. Калі штосьці не мае рысаў крыжа, яно не будзе выратавальным, таму што няма Хрыста без крыжа... Мы павінны заўсёды памятаць, што на Кальварыі пад Крыжам стаяла Марыя. Перамога нязменна прыходзіць праз Марыю, Каралеву спакою. І мы вельмі крыўдзім Яе, калі нешта робім самі. Наша яднанне з Марыяй павінна быць такім, як яднанне маці з дзіцем, якога яна носіць пад сэрцам. Толькі тады не будзе нашай волі, а будзе воля Марыі...

Легіён – гэта войска Найпакорнейшай Панны. Каб дзейнічаць з Ёю, трэба быць хаця б трошкі падобным да Яе, а без пакоры такое падабенства немагчымае. Кожны павінен перадусім пачаць барацьбу з самім сабою, выкараніўшы з душы пыху і сябелюбства...

Хочацца таксама адзначыць некалькі вельмі слушных парадаў ксяндза рэкалекцыяніста: «Вернік, які яшчэ не бежмаваны, не можа даваць абяцанне легіянера. Не можа даваць такога абяцання і сямейны чалавек, які жыве без касцёльнага шлюбу. Легіянеру, які без важнай прычыны не выканаў свайго задання, не трэба даваць наступнага – няхай адпачне і разважыць, які ён працаўнік». Па-айцоўску далікатна кс. Юзаф звярнуў увагу і на адзенне легіянераў. Яно павінна быць сціплым, каб не правакаваць да спакусы.

На працягу ўсіх рэкалекцый дамінавала тэма поўнага прысвячэння сябе Божай Маці. Без гэтага немагчыма быць сапраўдным воінам Марыі. Кожная канферэнцыя пачыналася з акта аддання Маці Божай. Гэту цудоўную малітву кс. Юзаф склаў сам, надрукаваў і падарыў кожнаму ўдзельніку.

У сваю чаргу мы хочам падарыць яе вам, дарагія чытачы, з пажаданнем пачынаць кожны свой дзень гэтай малітвай. На крыжы Пан Езус праз апостала Яна даручыў нас сваёй Маці. Мы – Яе дзеці, Яе ўласнасць. Давайце ж гаварыць Ёй пра гэта часцей.

Штодзённы акт аддання Маці Божай:

Беззаганная Каралева неба і зямлі,
Маці Пана нашага Езуса Хрыста і наша Маці,
Багародзіца Дзева Марыя!
Разам са Святым Айцом Янам Паўлам ІІ
клічам да Цябе: «Я цалкам Твой(-я), Марыя,
і ўсё маё аддаю Табе на яшчэ большую хвалу Бога ў Тройцы Адзінага.
Дазволь мне годна хваліць Цябе, Найсвяцейшая Дзева,
і дай мне моц супраць ворагаў Тваіх». Амэн.

Галіна Горская