17 жніўня 2003 г. у Маладзечне адбылося ўрачыстае асвячэнне крыжа на месцы будучага касцёла св. Казіміра. Здавалася, само надвор’е вітала гэта свята — сярод пахмурных, халодных дзён выдалася сонейка, пацяплела, стала святлей навокал. Такое ж святло панавала і ў сэрцах, у душах людзей, якія сабраліся на ўрачыстасць.

Асвяціў крыж генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай Архідыяцэзіі кс. Эдмунд Даўгіловіч — пробашч адзінага касцёла св. Юзафа ў Маладзечне (на вуліцы Прытыцкага). Кс. вікарый на пачатку Св. Імшы прывітаў айцоў капуцынаў і вернікаў і заклікаў маладзечанцаў да пабудовы новай святыні.

Новы касцёл будзе ўзвышацца на скрыжаванні вуліц Вялікі Гасцінец і Міра (раней ён знаходзіўся на вуліцы Замкавай, але пры савецкай уладзе аддадзены пад склад падшыпнікаваму заводу).

Пробашчам новай парафіі ў Маладзечне назначылі а. Тадэвуша Кавальскага OFMCap. Менавіта а. Тадэвуш пачынаў будаваць касцёл св. Тройцы ў Докшыцах (Віцебская дыяцэзія), шмат гадоў служыў пробашчам у Параф’янаве (Віцебская дыяцэзія).

На Св. Імшы прысутнічала шмат людзей — не толькі мясцовыя жыхароў, але і вернікаў з іншых парафій. Айцец Анатоль Ярошка OFMCap, пробашч парафіі св. Юзафа ў Мінску, падзякаваў людзям за іх жаданне будаваць новую святыню. «Крыж — гэта помнік перамогі над злом, а пабудова касцёлаў на Беларусі сведчыць пра адраджэнне нашай рэлігійнасці», — падкрэсліў а. Анатоль у сваім казанні.

Сёння ў Маладзечне жыве 178 тыс. чалавек, з іх каля 30 тыс. католікаў. У такім вялікім горадзе павінна быць больш святыняў. Спадзяёмся, што будова касцёла св. Казіміра стане добрым прыкладам і заахвоціць мясцовых вернікаў да ўзвядзення новых храмаў...

Таня Малько