Будслаў усім вядомы як месца, дзе знаходзіцца цудоўны абраз Маці Божай. Кожны год 2 ліпеня на свята Найсвяцейшай Панны Марыі Будслаўскай тут збіраюцца вернікі з многіх куткоў Беларусі і замежжа. Права на правядзенне фэсту 2 ліпеня даў яшчэ Папа Рымскі Пій VI у 1791 годзе. Гэтай жа булай Папа дазволіў іншы фэст 15 жніўня на свята Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, у гонар якой у 1783 годзе і быў пабудаваны будслаўскі касцёл. На жаль, на практыцы святкаванне Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі тут не адрознівалася ад іншых парафіяльных касцёлаў.

На распрацоўку ўласнага набажэнства ў гонар Унебаўзяцця і Трыумфу Марыі натхніла падобная практыка ў Кальварыі Забжыдоўскай і іншых марыйных санктуарыях нашых бернардынскіх кляштараў. У Кальварыі, якая мае вельмі глыбокія традыцыі святкавання таямніцаў пераходу Марыі ад зямнога жыцця да нябеснага, такія ўрачыстасці збіраюць каля 130 тыс. вернікаў, якія прымаюць удзел у грандыёзнай працэсіі Унебаўзяцця: у пятніцу пасля 15 жніўня ад капліцы Дома Маці Божай да касцёла Грабніцы Маці Божай, а ў нядзелю з касцёла Грабніцы Маці Божай да Базылікі. У працэсіі ўдзельнічаюць каля 50 рэгіянальных асістаў і 30 духавых аркестраў. Даўжыня гэтай працэсіі – паўтары кіламетры!

У Будславе 16 жніўня ў 22.00 урачыстае набажэнства адправіў біскуп Антоні Дзям’янка з Гродна. У казанні ён спыніўся на тэалагічных падставах догмату аб Унебаўзяцці Найсвяцейшай Панны Марыі, а прыкладам ушанавання Марыі назваў святога Максімільяна Кольбэ. Пасля Святой Імшы адбылася працэсія са свечкамі, падчас якой неслі труну, дзе сярод ружаў ляжала фігура спачыўшай Марыі. Пад гукі скрыпкі вернікі спявалі песню аб развітанні Марыі з мясцінамі, звязанымі з жыццём і дзейнасцю Езуса Хрыста. Прыпеў гэтай песні нагадваў усім, што «не смерць, а толькі спачын спазнала Марыя...». Пасля працэсіі моладзь сабралася каля касцёла і сваімі спевамі праслаўляла Збаўцу. Апрача будслаўскай моладзі была таксама моладзь з архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі і касцёла святых Сымона і Алены з Мінска, з Маладзечна і Даўгінава – усяго каля 100 чалавек. Раніцай у 8.00 з чыгуначнай станцыі выйшла працэсія Трыумфу Марыі, а пасля яе заканчэння адбылася Святая Імша, якую цэлебраваў кс. Юрый Быкаў з Мінска.

Свята Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі з’яўляецца адным з самых старажытных святаў Касцёла, прысвечаных Божай Маці. Ужо ў V ст. яго вельмі ўрачыста адзначалі ў Ерузалеме. Ва Усходняй Царкве гэтае свята называецца Успеннем, а ў Заходняй – Унебаўзяццем. Абедзве Традыцыі адмаўляюць смерць, якая з’яўляецца пакараннем за грэх, бо Марыя была вольная ад першароднага граху. Папа Рымскі Пій ХІІ 1 лістапада 1950 года абвясціў догму, што «Беззаганная Маці Божая Марыя, заўсёды Панна, пасля заканчэння зямнога жыцця душой і целам была ўзятая да нябеснай хвалы».

Папа нічога не сказаў пра тое, як менавіта была ўзятая на неба Марыя. Аб’ядноўваючы Заходнюю і Усходнюю традыцыі, францішканскае набажэнства працэсій Унебаўзяцця, а пасля Трыумфу, грунтуецца на старой традыцыі, замацаванай у апакрыфічным Евангеліі. У ім гаворыцца, што падчас пахавання Марыі не было апостала Тамаша. Калі ён прыйшоў, адчынілі магілу, каб і Тамаш мог развітацца, але Марыі там ужо не было, толькі кветкі і чуюцца спевы...

На свята Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў прэфацыі даецца прыгожае тлумачэнне сэнсу ўшанавання гэтай таямніцы жыцця Маці Божай: «Сёння была ўзятая на неба Багародзіца Панна. Яна першая дасягнула збаўлення і зрабілася адлюстраваннем Касцёла ў славе, а для пілігрымуючага люду – крыніцай суцяшэння і знакам надзеі. Бо Ты не хацеў, каб пашкоджанне ў магіле спазнала Панна, якая нарадзіла на свет Твайго Сына, даўцу ўсялякага жыцця».

Спадзяемся, што будслаўскія ўрачыстасці святкавання Унебаўзяцця і Трыумфу Марыі дапамогуць вернікам яшчэ лепш ушаноўваць Найсвяцейшую Багародзіцу.

А. Славамір Вятлугін OFM