13 верасня 2003 года ў Жодзінскім касцёле было людна. Адбывалася падзея, якую вернікі чакалі шмат часу – асвячэнне святыні. Было шмат людзей, але нямногія з іх памяталі, як пачыналася гісторыя ўзвядзення прыгожага будынка з крыжам...

Голае поле каля ўзлеску. Вецер гуляе па верхалінах дрэў і пасевах жыта. Менавіта так у мінулым выглядала гэтае месца. Але як у счарсцвелай чалавечай душы прарастае зярнятка веры, так і на гэтым пясчаным узгорку, на перакрыжаванні дарог, намаганнямі нешматлікіх яшчэ тады каталікоў быў усталяваны драўляны крыж. Прайшло няшмат часу – і крыж быў зламаны. Але людзі не адступіліся, не адракліся сваёй мэты – і побач са зламаным крыжам паставілі крыж металічны. Да яго ішлі цэлымі сем’ямі, маліліся, спявалі песні. Прайшло нямала часу, пакуль у Жодзіна прыехаў свой ксёндз – марыянін Марэк Жук. Ён доўга шукаў «касцёл» па горадзе і жахнуўся, убачыўшы стары цесны вагончык. Месца ўсім не хапала, таму ўлетку маліліся на вуліцы. Аднойчы, у люты мароз, не змаглі адкрыць замок, пачалі чытаць Ружанец на снезе. Напрыканцы першай таямніцы ключ паслухаўся. Тады пробашчам было прынята рашэнне – чытаць Ружанцовую малітву кожны дзень усёй парафіяй. І ніхто не сумняваецца, што менавіта дзякуючы гэтай цудадзейнай малітве ў Жодзіне ўзнялася святыня. Ніхто ўжо не можа ўспомніць, колькі людзей пахрысціліся і ўзялі шлюб за гэтыя гады. Горад паціху навяртаўся да Бога.

У 1996 годзе пачалася будоўля касцёла. Было шмат цяжкасцяў, у большай ступені практычных, – у маладога пробашча не было ні вопыту, ды і стабільнай матэрыяльнай дапамогі таксама не было. Яшчэ не адну зіму маліліся ў халодным, пакрытым шэранню падвале, хадзіць па некалькі разоў праз заснежанае поле, знаходзіць прытулак у бабулькі пані Евы. Але ўвесь гэты час ксёндз не пераставаў перабіраць пацеркі ружанца ў сваіх пальцах. І рэальна бачыў плады гэтае цудадзейнае малітвы: будынак ўзнімаўся ўвысь, вось ужо ўсталяваны крыжы, у святыні ўсё больш новых людзей, моладзі. Нездарма і наш касцёл носіць імя Маці Божай Фацімскай, якая прасіла дзяцей маліцца Ружанец, каб аднавіць свет. Менавіта Яе фігурка ўсе гэтыя гады пілігрымавала па хатах гараджан, якія шчыра маліліся Ружанцовыя таямніцы, просячы заступніцтва ў будове святыні. І яшчэ адна малітва, прапанаваная ксяндзом Марэкам, вельмі палюбілася парафіянам і стала добрай традыцыяй – начное чуванне з 12 на 13 чысло кожнага месяца да Божай Маці з Фацімы.

Прайшлі гады. Шмат цяжкасцяў, працы, малітваў, пакутлівых пілігрымак засталося ў мінулым. Перасталі балець ногі і ад апошняй пілігрымкі да Маці Божай Будслаўскай, у якой жодзінскія каталікі дзякавалі Богу за пабудаваную святыню. Цікава, што па дарозе назад, з Будслава ў Жодзіна, ішло 13 чалавек! Як сімвал 13-га чысла месяца, калі аб’явілася Маці Божая ў Фаціме ці Езуса Хрыста і 12 апосталаў!

Былі ўладкаваныя апошнія арганізацыйныя моманты – і касцёл вітаў Яго Эмінэнцыю кардынала Казіміра Свёнтка, ксяндзоў марыянаў, гараджан, гасцей з Беларусі, Польшчы. Апошнія трапілі ў аварыю ў начной дарозе і ледзь паспелі на свята. Матачка Божая і тут уратавала сваіх дзетак ад бяды. Усім касцёлам маліліся Ружанец, удзячна спявалі песні. На гэтым свяце аддаваў падзяку Богу і вікарый нашай святыні Антоній Лось. Не маглі стрымаць слёз вернікі, не мог іх стрымаць і наш пробашч Марэк Жук, калі гаварыў словы ўдзячнасці ўсім, хто дапамог будаваць гэты прыгожы светлы касцёл:

«Я ўдзячны кардыналу Казіміру Свёнтку за тое, што ўсе гэтыя гады не забываў пра нас, свайму бацьку, які паміраў з думкай пра касцёл у нашым горадзе, усім тым, хто ахвяраваў сваім здароўем, часам і грашыма, каб у Жодзіне ўзвесці гэтую святыню. Прызнацца, я і сам спачатку не верыў, што тут будзе нешта пабудавана. Тады, у 1996 годзе, я быў толькі два гады пасля святарскага пасвячэння, і баяўся ісці ў гэтую парафію. Але ўжо даўно вядома, што дзе няма надзеі, там пачынае дзейнічаць Бог!»

Прайшло свята, раз’ехаліся госці. Але радасць у сэрцы не заціхае. Бо сёння кожны з нас можа з гонарам сказаць: «У Жодзіне ёсць каталіцкая святыня!»

Іна ЯРОШКА, г. Жодзіна
Фота М. Новікава.