27 верасня ў нясвіжскім касцёле Божага Цела адбылася ўрачыстая Святая Імша, прысвечаная 410-й гадавіне гэтай святыні. Канцэлебраваную Святую Імшу вёў кардынал Казімір Свёнтэк, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Нунцый Апостальскай Сталіцы арцыбіскуп Іван Юркавіч у сваёй гаміліі зазначыў, што нясвіжская святыня, вернікі гэтага старажытнага горада маюць асаблівую ласку Божую, бо «нягледзячы на перыпетыі гісторыі на працягу чатырох стагоддзяў касцёл Божага Цела захаваўся для нашчадкаў. Гэта звязана з таямніцай Касцёла, таямніцай збаўлення чалавека». Арцыбіскуп Іван Юркавіч падкрэсліў, што «сённяшняе свята – гэта свята хрысціянства. Трэба памятаць пра тое, што Касцёл, як клапатлівая маці непакоіцца пра ўсе праблемы – і ранейшыя, і сучасныя. Апостальскі нунцый звярнуў увагу на тое, што «410 гадоў святыні – гэта частка нашай гісторыі. І трэба, каб мы памяталі словы Евангелля, што «Хрыстус той самы ўчора, сёння і заўсёды». Гэтыя словы адпавядаюць таксама гісторыі нясвіжскай святыні, бо той жа Хрыстус быў напачатку стварэння гэтага касцёла, Ён такі ж самы сёння сярод нас і застанецца ў Эўхарыстыі назаўсёды...»

Ва ўрачыстасці прымалі ўдзел святары з усіх дыяцэзій Беларусі, прадстаўнікі дзяржаўнай і гарадской уладаў, шматлікія вернікі і госці.

Падчас урачыстасці Яго Эмінэнцыя кардынал Казімір Свёнтэк абвясціў дэкрэт аб прызначэнні пробашча парафіі кс.Францішка Рудзя дзеканам Нясвіжскага дэканату.

У гэты ж дзень была асвечана фігура святога Яна Непамуцэна, знойдзеная на дне возера і адрэстаўраваная да юбілею святыні дзякуючы намаганням пробашча і парафіянаў. Адрэстаўраваў фігуру святога закрыстыянін Зыгмунт Калясінскі.

Фотарэпартаж М. Новікава.