Запісаць размову з Аленай Іванаўнай Рачыцкай мне карцела даўно: чалавек цікавы ды і справам касцельным у святыні Маці Божай Фацімскай ідолтаўскай парафіі Маці Божай Шкаплернай, што на Мёршчыне, аддаецца дарэшты. Нездарма ж кажуць пра яе аднавяскоўцы: «Не было б Рачыцкай у нас, не было б, пэўна, і такой парафіі». А яшчэ хацелася пагутарыць са спрактыкаваным педагогам (сп. Алена 33 гады аддала школе) пра ролю Касцёла ў маральным выхаванні людзей, перспектывы яго развіцця ў рэгіёне. Урэшце, і перыпетыі яе ўласнага верніцкага лёсу не такія простыя і не аднаму маладзёну маглі б прыдацца ў якасці ілюстрацыі да гісторыі атэізму і ваяўнічага бязбожніцтва на гэтых калісьці вірлівых, а цяпер напалову, калі не больш, спусцелых абшарах. Ды так доўга не згаджалася Алена Іванаўна на запіс размовы, што і надзеі ўжо не меў, як раптам... «Добра, пагутарым, — сказала пасля чарговай порцыі ўгавораў. — Але што я маю сказаць, каб было тое цікава людзям?»

— А вось для пачатку пра сябе крыху — дзеля знаёмства...

— Нарадзілася недалёка ад Павяцця, у вёсцы Цілеўшчына друйскай парафіі Святой Тройцы, у сям’і пабожных католікаў Яна і Вольгі Рачыцкіх. Маці паходзіла з сям’і праваслаўнай, але, выйшаўшы замуж, прыняла веру мужа. І мяне, і брата бацькі прывучалі да Бога з маленства. У 7 гадоў мяне разам з васьмю дзецьмі-аднавяскоўцамі выправілі за 4 вярсты ў Ідолту на катэхізацыю.

— Бацькі былі тымі людзьмі, што паказалі вам шлях да Бога?

— Безумоўна. Я выпадку не памятаю, каб тады, у дзяцінстве, не благаславілі перад сном, як і потым, дарэчы, выпраўляючы ў школу ці інстытут. Светлай памяці ксёндз Антоні Лось любіў казаць: «Добра, як дзеці штодзень бачаць падэшвы сваіх бацькоў». Мне пашчасціла, бо я бачыла іх кожную раніцу. Уставалі з ложкаў, рабілі сёе-тое з пільнейшага па гаспадарцы — і за малітву. Шмат маліліся ля крыжа. Як бы ні быў чалавек заняты, калі пачыналася супольная малітва, мусіў быць разам з усімі.

— Такія строгія былі патрабаванні?

— Ну, не такія ўжо і строгія, проста мы былі прывучаныя да іх і выконвалі іх з радасцю. Бацька выходзіў араць, але калі пачыналася Літанія да Усіх Святых, кідаў каня і ішоў пад Крыж. А мог бы ж і не ісці, спаслаўшыся на працу. Больш сумленнем тады людзі кіраваліся. Не ўдзяліць дзіцяці сакрамант Хросту ці не ўзяць касцельны шлюб — такое ў нас было цалкам немагчыма. І не здраджвалі гэтак у сем’ях адно аднаму, як сёння, і жылі дружней...

— А ці паўплывалі на фарміраванне вашага каталіцкага светапогляду ксяндзы?

— Вельмі паўплывалі. Асабліва Люцыян Паўлік. Пазней — Баляслаў Заёнц ды і іншыя. І тут не абміну магчымасці падзякаваць усім, каго ведала, і ўсім, з кім незнаёмая, але хто шчыра працуе на хвалу Хрыста, за іх так патрэбную нам, вернікам, працу, за ўсе тыя натхнёныя Божыя словы, што нясуць нам, лечачы скалечаныя душы...

— І вось вам, змалку выхаванай на Боскіх прыказаннях, давялося акунуцца ў атмасферу атэізму. Як вы тады адчувалі сябе?

— Маральна было вельмі цяжка. Жыць употайкі, хаваючыся — што можа быць цяжэй для чалавека? Ведаеш, што нічога дрэннага не робіш, а трэба хавацца... Але і тады дня не праходзіла, каб я не памалілася. Ужо працуючы пасля заканчэння матэматычнага факультэта Даўгаўпілскага педінстытута ў школе, ніводнага года не заставалася без споведзі. Дзеля гэтага позна ўвечары ці нават уначы хадзіла з Павяцця ў Ідолту да пробашча Баляслава Заёнца. Ён спавядаў, падтрымліваў добрым словам. Дарэчы, так здарылася, што апошні раз менавіта ў яго я была ў споведзі за дзень да ягонай смерці... Бывала, збіраюся да ксяндза, а маці кажа: «Апранайся так, каб не пазналі». Кажух апранала, хустку на вочы нацягвала. Касцёл пры дарозе, заўжды людзей шмат — а раптам хто ўбачыць, пазнае! Вось і мяркуй, ці лёгка было.

— Пэўна ж, і без прыкрых сітуацый не абыходзілася?

— Канешне. Самая прыкрая здарылася ў 63-м годзе, калі памерла мама. Тады ўпершыню я асмелілася адкрыта пайсці на Святую Імшу. Дайшло да школьнага калектыву, былі непрыемнасці. Пазней, ужо працуючы ў школе намеснікам дырэктара, бацьку вазіла ў касцёл, і таксама нехта дапільнаваў. Абмяркоўвалі на савеце раённага аддзела адукацыі, але неяк абышлося.

— А мы, вучні вашы, і не ведалі пра тое нічога...

— І не толькі вы, але і калегі. Ніхто, апроч маіх бацькоў, кватэрнай гаспадыні Уладзі Садоўскай і святара, нічога не ведаў. Наогул, я прабыла «падпольнай» верніцай 29 гадоў. Менавіта «падпольнай», што пазней і дало асобным людзям падставу для інсінуацый. Маўляў, у школе працавала, атэізм прапагандавала, дзяцей на школьных лінейках ушчувала. Праўда, ушчувала, але толькі не за веру, а за кепскую вучобу ці паводзіны. Ды ты і сам гэта добра ведаеш.

— Ведаю. І сведчу: усё так і было. Але давайце крыху зменім размову. Ці даводзілася вам асабіста ўпэўнівацца ў моцы малітвы?

— Даводзілася і неаднойчы. Мой бацька аслеп у пяцігадовым узросце так, што нічога не бачыў. Пасля цяжкіх хаджэнняў пехатою ажно ў Вільню па лекі, якія зусім не дапамаглі, вырашылі заказаць у друйскім касцёле на святога Роха Св. Імшу. Вярнуўся дзед з Імшы з яблыкамі, падае сыну, а той: «Дзе ты, тата, яблыкі ўзяў?» — «А адкуль ты ведаеш, што гэта яблыкі?» — «Бачу». Так ацаліўся малы. Другі раз бацька пачаў страчваць зрок у 50-гадовым узросце, пасля хваробы на жаўтачку. Завезлі ў шпіталь у Полацк, а там «вердыкт»: выдаляць вока. Маліліся да Маці Божай несупынна. І зноў здарыўся цуд — аднавіўся зрок. Ды так, што Ян Рачыцкі яшчэ чатыры разы потым перачытаў «Вайну і мір».

— З узвядзеннем у Павяцці касцёла вы ўзялі на сябе абавязкі і захавальніцы, і гаспадарніцы...

— Пасля шматгадовых таемных наведанняў касцёла ў Ідолце, Даўгаўпілсе, Рызе пабудова святыні ў вёсцы, якой аддадзена большая частка свядомага жыцця, для мяне вялікае шчасце. Таму раблю тут усё, каб людзі і Бог адчувалі сябе ў касцёле годна і ўтульна. Займаюся кветкамі, бялізнай, уборкаю, усім, што трэба пры падрыхтоўцы да Святой Імшы. Калі не магу сама нешта зрабіць — прашу людзей. І яны вельмі дапамагаюць, за што я ім шчыра ўдзячная. Гэтаксама, як і святарам, якія штодзённа, штохвілінна намі апякуюцца, прысвячаючы Богу і людзям сваё жыццё, свой талент.

— Як, на ваш погляд, ці паўплывала з’яўленне ў Павяцці касцёла на стан маралі тут і ў навакольных вёсках?

— Мяркую, паўплывала. Хоць, канешне, не ўсё так гладка ў гэтым сэнсе, як хацелася б. Безумоўна, патэнцыял касцёла, рэлігіі ў маральным выхаванні вельмі вялікі. Але праца мусіць весціся праз сям’ю. Ні ад каго так шмат не залежыць у выхаванні, як ад бацькоў, іх станоўчага прыкладу. Будуць бацькі добрымі вернікамі і высокамаральнымі людзьмі — хутчэй за ўсё, стануць такімі і дзеці.

— А якою бачыцца Вам узаемасувязь касцёла і школы?

— Думаю, няблага было б увесці ў школьную праграму выкладанне асноваў рэлігіі. Пры абавязковай умове, што заняткі (напрыклад, у выглядзе факультатыву) будуць весці не цывільныя, а духоўныя асобы — ксяндзы або сёстры законныя.

— Як вы ўяўляеце будучыню касцёла ў тутэйшых мясцінах?

— Мяне яна трывожыць, калі папраўдзе. Як-ніяк цэлае пакаленне людзей выхавана на атэізме. Зрэшты, усё будзе залежаць, напэўна, ад маладога пакалення святароў — тых, што ўжо працуюць, і тых, што знаходзяцца на шляху да паклікання. І найперш, вядома, ад Бога і ад таго, наколькі шчыра і дасканала мы будзем да Яго маліцца.

— Дзякую за размову, Алена Іванаўна. Поспехаў Вам у працы і моцнага здароўя.

Гутарыў Франц Сіўко.
Фота аўтара і з хатняга альбома А. Рачыцкай.