Лельчыцы ўпершыню ўзгадваюцца ў гістарычных хроніках у XVI стагоддзі як вёска ў Мазырскім павеце Кіеўскага ваяводства. З 1569 г. Лельчыцы ўваходзілі ў Мінскае ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Пасля далучэння да Расійскай імперыі ў 1793 г. мястэчка стала цэнтрам воласці ў Мазырскім павеце. Вядома, што ў 1866 г. у Лельчыцах налічвалася 366 жыхароў, 64 двары. У 1909 г. — 1216 жыхароў, 170 двароў. Сёння тут жыве каля 9 тысяч чалавек.

Гісторыя Лельчыцаў звязана са старажытным беларускім родам Тышкевічаў. Мястэчка было ўласнасцю графа Тышкевіча з 1874 года. Юзаф Тышкевіч меў пяць сыноў і тры дачкі. Ён памёр у 1908 годзе, пакінуўшы сваім дзецям вялікую спадчыну: сын Аляксандр атрымаў Крэтынгу і на Палессі Астражанку, Уладзіслаў — Ландвараў і Маневічы, Антон — Койраны, млыны ў Вільні і Асавец, Фелікс — Палангу і Лельчыцы, Юзаф — Затрочы.

Уладальнік Лельчыцаў Фелікс Тышкевіч у 1909 г. стаў ініцыятарам і фундатарам пабудовы першага мясцовага драўлянага касцёла. Святыня была асвечана ў 1913 г. арцыбіскупам Вінцэнтам Ключынскім. Вядома, што пробашчамі парафіі былі Казімір Даўгяловіч у 1909—10 гг. і Ян Жаўрыт у 1912—13 гг.

Захавалася вельмі цікавае апісанне першага лельчыцкага касцёла (Tarnowski S.): «Меў каля 10 метраў даўжыні. Драўляны, падмурак з каменю. На званіцы і касцёле былі пазалочаныя крыжы. Вокны вялікія. Пастаўлены былі вельмі высока. Мелі толькі белыя шыбы. Па правым баку было шэсць акон, бо з левага былі вежа і два акны меншыя. З правага боку ад уваходу ў касцёл быў уваход на хоры, з арганамі. Хоры былі падпёртыя трыма слупамі. Пры ўваходзе — вялікі крыж, з метр вышынёй. Распяты Езус. Пад сподам была місачка на свянцоную ваду ў выглядзе ракавіны. Бляшаная кропельніца прыбіта да слупа. Першыя дзверы былі цалкам драўляныя, з дубу. Астатнія дзверы былі зашклёныя да паловы.

Алтар быў зроблены з усходу. Да алтара вялі дзве ступені. Прэзбітэрый быў высланы дыванамі ручной работы. Алтар быў абгароджаны баляскамі, дзе быў раззалачоны ручнічок. Балюстрада была фігурнай з дрэва з пераходам каля метра-метра дваццаці. У вялікім алтары быў пасярэдзіне каўчэг для святых дароў і абраз сэрца Езуса ў пазалочаных рамах. Над алтаром лунаў Святы Дух у выглядзе Голуба. Побач былі анёлы. З левага боку (касцёла) была амбона з пазалочанымі кантамі. Над амбонай — невялікі дашок, пакрыты белым матэрыялам. З левага боку быў таксама алтарык з фігурай святога Антонія, а з правага боку алтарык з Езусам. Пры св. Антонію была перагародка для хрысцільні.

Лаўкі ў касцёле былі шырокія. Па баках стаялі тры харугвы. Па правым баку звычайна сядзелі мужчыны, па левым — жанчыны. Стаялі дзве спавядальні. Падлога была чырвоная, сцены — белыя.

Касцёл атачала даволі вялікая плошча з зялёнаю травою. Па ёй свабодна можна было хадзіць з працэсіяй. Насупраць касцёла стаяла плябанія з невялікім агародам.

У 1922 г. савецкія ўлады зачынілі касцёл. Пазней святыню прыстасавалі пад сховішча. У 1943 г. будынак згарэў.

Парафія ў Лельчыцах адрадзілася ў 1990 годзе. У 1991 г. пачалося будаўніцтва парафіяльнага касцёла, завершанае ў 1998 г. пад кіраўніцтвам пробашча ксяндза Збігнева Бояра. 4 верасня 1998 г. новы дом Божы быў кансэкраваны кардыналам Казімірам Свёнткам. Касцёл атрымаў тытул Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Маці Божай Фацімскай.

Пробашчам парафіі цяпер з’яўляецца ксёндз Віталіс Мышона. Ён нарадзіўся і вырас на Мазырскім Палессі, таму невыпадкова пасля заканчэння семінарыі ў Гродне, Божы Провід скіраваў яго ў самую палескую глыбінку. Працы тут шмат. У многіх вялікіх і малых вёсках святара чакаюць старыя ды нямоглыя, мноству моладзі і дарослых патрэбная евангелізацыя, дзецям — катэхізацыя.

Наваколле Лельчыцаў — найпрыгажэйшы куток Беларускага Палесся. Амаль 70% займаюць лясныя абшары, прарэзаныя рачулкамі з красамоўнымі назвамі Убарць, Балотніца, Сцвіга, Плаў... Тут знаходзіцца частка Прыпяцкага ландшафтна-гідралагічнага запаведніка, а таксама Букчанскі заказнік-журавіннік. Вельмі сумна, што Лельчыцкі раён — адзін з найбольш пацярпелых у выніку Чарнобыльскай катастрофы.

...Белая вежа касцёла — плён жывой веры палешукоў, сведка адраджэння Хрыстовага Касцёла на гэтай зямлі, адно з шматлікіх пацверджанняў Фацімскіх пасланняў. Невыпадкова, Маці Божая Фацімская — Апякунка парафіі ў Лельчыцах. Няхай жа Яна і надалей дапамагае сваім палескім дзецям, паказвае ім Дарогу, Праўду і Жыццё, вядзе да Хрыста.

Руслан Гародка.
Фота аўтара.