Кс. пралат Міраслаў Сканчылас,
Віцебская дыяцэзіяльная курыя

Бываюць такія здарэнні, такія дні ў жыцці, якія немагчыма забыць. У маім жыцці такім стаў дзень 16 кастрычніка 1978 года. На той час я быў клерыкам трэцяга курса Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Влацлаўку. Быццам учора тое было: выходзім пасля вячэры са сталоўкі і раптам чуем гукі найвялікшага катэдральнага звону. «Што здарылася?» – дзівімся: як правіла, звон, вядомы пад імем Героніма, агалошвае наваколле толькі ў надзвычайных выпадках. Неўзабаве даведваемся прычыну: абраны Папа, і ён – наш суайчыннік, паляк!

Так здарылася, што менавіта ён, Папа Ян Павел ІІ, стаў нібыта апекуном майго шацунку ў жыцці. У мае справы і памкненні, у тое, чым я жыў, Папа ўвайшоў грунтоўна і адмыслова. У 1988 г. па даручэнні тагачаснага влацлаўскага біскупа Генрыка Мушыньскага я распачаў будоўлю новага касцёла пад Здуньскаю Гарою, знанаю як радзіма святога Максіміліяна Кольбэ. І якраз у той час надарылася пілігрымка ў Рым, якая ўвянчалася незабыўнай аўдыенцыяй у Папы: 26 жніўня Святы Айцец прызначыў у Кастэль Гандольфа сустрэчу для польскіх пілігрымаў. Папа падышоў да нашай групы, і я папрасіў у яго блаславення на справу, якая тады найбольш мяне займала, – пабудову касцёла. «А як будзе называцца новы касцёл?» – спытаў Папа. «Маці Божай Вастрабрамскай» – адказаў я. «Тады не сумнявайцеся, што такі касцёл абавязкова паўстане», – абдымаючы мяне за плечы, сказаў Святы Айцец. Мяне тыя словы вельмі ўразілі. Але галоўнае, што і людзі, якіх пазней сустракаў па справе будоўлі, і запал, з якім і сам працаваў, і ўсе наўкола, пацвярджалі сказанае падчас аўдыенцыі. Цудоўны касцёл сёння цешыць вока, а я бязмерна шчаслівы, што Пан Бог з бласлаўлення нашага Папы дазволіў мне быць яго будаўніком і давесці распачатую справу да канца. Зрэшты, інакш і быць не магло: прамоўленыя Папам словы веры так моцна натхнілі мяне, што нейкага інакшага выніку і чакаць было немагчыма.

Я шчаслівы, што магу жыць і працаваць дзеля Касцёла падчас пантыфікату Яна Паўла ІІ. Дзякуючы яму многае ў свеце змянілася да лепшага. Вялікая сіла Яго слова, яго дзеяў, і хай так і будзе надалей.

Наша Віцебская дыяцэзія – самая маладая ў Беларусі. І мы, як тое дзіця на пачатку жыцця, якім апякуецца клапатлівы бацька, увесь час адчуваем апеку нашага Папы. Ён любіць нас і ўсіх католікаў Беларусі, і любоў гэтая – узаемная.

Сястра Анэля Гелата CSFB:

Для мяне Святы Айцец Ян Павел ІІ – найвышэйшы аўтарытэт і ўвасабленне Чалавека з вялікім сэрцам. Я нарадзілася ў горнай вёсцы, якая належыць да Кракаўскай архідыяцэзіі, і ўпершыню сустрэлася з Каралем Вайтылам, калі ён, з’яўляючыся біскупам кракаўскім, прыехаў з візітацыяй у нашу парафію і ўдзяліў нам сакрамант бежмавання. Мне было тады 7 гадоў, і я дэкламавала на ўрачыстасці верш-падзяку высокаму госцю. Па сённяшні дзень памятаю дотык яго рукі на маім чале і тое, як прытуліў ён мяне да сваіх грудзей.

Калі нашага кардынала і біскупа абралі Папам, я вучылася ў 5 класе. Памятаю, нешта рабілі з мамаю на падворку па гаспадарцы. Тата выйшаў з кухні, дзе слухаў радыё, і паведаміў навіну: Караль Вайтыла – Папа! Уся вёска і радавалася, і не магла даць веры: наш зямляк – Папа? Раней Папу бачылі толькі на абразках, а тут – бачылі зблізку, добра ведалі, нават размаўлялі з ім. Шчасце наша не ведала межаў.

У 1979 годзе адбыўся першы візіт Яна Паўла ІІ у Польшчу. Мы з мамаю ідзем пешкі з групаю пілігрымаў за 30 вёрст на спатканне з ім у Новы Тарг. Так шмат людзей усюды, спевы, воклічы... Урачыстае набажэнства, праезд Папы сярод натоўпу... Ніколі не забуду тых узнёслых хвілін шчасця і радасці.

...Я – ліцэістка. І новы візіт Святога Айца на радзіму. Назаўжды застануцца ўва мне ягоныя словы да моладзі, яго заклік бараніць найважнейшыя хрысціянскія каштоўнасці.

7 чэрвеня 1997 года – урачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса. Разам з сябрамі еду на спатканне з Папам у Закапанэ. Цудоўнае надвор’е, вяршыня Гевонта – і НАШ Святы Айцец. Супольная Эўхарыстыя. Мне хочацца не толькі спяваць, а і скакаць ад радасці, бо ва ўсім – і ў пошуме лесу, і ў промнях сонца, і ў сілуэце Гевонта, і ў словах наступніка Пятра – ласка Божая, Яго воля – высокая, усёабдымная. Поўныя любові да свету і да кожнага чалавека словы адбіліся рэхам у сэрцы, заселі ў ім, каб потым доўга там жыць, адгукацца на запрашэнне самога Езуса да святасці, дасканаласці.

У 2002 годзе, па складанні законных шлюбаў, адбылася чарговая мая сустрэча са Святым Айцом, на гэты раз у Рыме. Бачыла, праўда, яго здалёк, падчас малітвы. Але так хацелася (і мара гэтая па сёння мяне не пакідае) сказаць яму сам-насам пра тое, які вялікі ўплыў зрабіў на мяне, пра тое, якая я шчаслівая ў сваім пакліканні, як часта сумую, як і ён, напэўна, па нашых гарах.

Цяпер, калі працую ў Віцебску сакратаркай біскупа Уладзіслава Бліна, не забываюся ніколі пра тыя сустрэчы і дзякую Богу, што зрабіў іх магчымымі. Вельмі люблю Папу, малюся за яго і спадзяюся, што калі-небудзь усё-такі прыедзе на Беларусь, каб наблізіць да усіх, хто тут жыве, праўдзівае аблічча Міласэрнага Бога.

Айцец Анатоль Ярошка OFM Cap,
пробашч парафіі св. Юзафа ў Мінску

Ян Павел ІІ у маім жыцці і ў жыцці Касцёла – гэта прыклад любові і прабачэння. Несумненна, да Святога Айца можна аднесці словы з Евангелля св. Мацвея, дзе Хрыстус у казанні на гары кажа: «Блаславёныя міратворцы, бо яны сынамі Божымі названыя будуць». За 25 гадоў пантыфікату Яна Паўла ІІ свет пераканаўся, што гэта сапраўды той чалавек, які прагне спакою ў свеце і можа навучыць людзей, як будаваць цывілізацыю любові. Вельмі часта за апошнія дзесяцігоддзі, калі ўзнікалі ўзброенныя канфлікты паміж рознымі краінамі, дзе гінулі людзі, Святы Айцец заклікаў гэтыя краіны да прымірэння, маліўся ў гэтай інтэнцыі і заклікаў да малітвы іншых. Папа Рымскі хоча пераканаць свет у тым, што пры дапамозе рэвалюцый і войнаў нельга зменшыць зло ў свеце. Усё сваё вучэнне Ян Павел ІІ будуе на словах Езуса Хрыста, які вучыць, што зло нараджае зло, і што трэба імкнуцца перамагаць зло дабром. Найбольш выразным прыкладам прабачэння з’яўляецца яго ўласнае жыццё – Папа прабачыў таму, хто замахнуўся на яго жыццё. Падчас святкавання Юбілейнага Года Святы Айцец ад імя ўсяго Касцёла прабачае ўсім тым, хто на працягу гісторыі хрысціянства прыносіў шкоду Касцёлу, і просіць прабачэння ў тых, каго Касцёл пакрыўдзіў. Мы, яго сучаснікі, шчаслівыя, што маем такога Настаўніка, у якога можам вучыцца самаму галоўнаму ў жыцці – любові і прабачэнню.

Юлія Янкова,
аператар сувязі (г. Віцебск):

Некалькі разоў мне пашчасціла ўдзельнічаць у спатканнях са Святым Айцом. Першы раз гэта здарылася ў Ларэта ў 1995 годзе. Тая сустрэча зрабіла на мяне вялікае ўражанне. Потым, у 2000 годзе, было спатканне ў Рыме, якое таксама моцна паспрыяла ўмацаванню маёй веры. Зрэшты, не толькі маёй: тысячы людзей з усіх куточкаў свету прыязджаюць на такія спатканні, і любові нашага Папы хапае на ўсіх. Сваім асабістым прыкладам ён паказвае, як трэба любіць Хрыста, як мацаваць веру ў самых, здавалася б, неспрыяльных умовах, як перапрашаць Бога і дзякаваць Яму за атрыманыя ласкі. Я шчаслівая, што маю ў жыцці такога настаўніка і такі яскравы ўзор чалавечай любові да ўсяго жывога.

Валянціна Осіпава,
выкладчыца замежных моваў (г. Віцебск):

Маё сэрца поўнае ўдзячнасці Божай Міласэрнасці за цудадзейны дар прыязнасці, што атрымала падчас пілігрымкі на сустрэчу са Святым Айцом у Вільню. У маім няпростым жыцці менавіта яго постаць, яго заступніцтва перад Панам Богам выратавалі мяне. Блаславенне, якое ўдзяліў майму сэрцу Святы Айцец Ян Павел ІІ, змяніла маё жыццё, дапамагло знайсці выйсце ў безнадзейнай, як мне здавалася, жыццёвай сітуацыі. Таму горача прагну падзякаваць Богу і наступніку святога Пятра ў дзень 25-годдзя яго пантыфікату за ласку міласэрнасці да ўсіх людзей на зямлі, за прабачэнне нашых грахоў, за тое, што не пакідаюць нас ніколі ў цяжкія часіны. Цяпер, на парозе трэцяга тысячагоддзя, калі на свеце так шмат розных непамыснотаў, голас нашага Пастыра – сапраўдны голас з неба, заклік да праўдзівай малітвы дзеля ачышчэння людскіх сэрцаў, іх навяртання да спаконвечных хрысціянскіх каштоўнасцяў. То голас сапраўднага правідцы, няўрымслівага Настаўніка ўсіх хрысціянаў свету, чалавека, які палюбіў люд Божы больш, чым сябе самога, больш за ўласнае здароўе і сэрца. ...У біблейскіх сюжэтах часта згадваюцца горы. Яны з’яўляюцца не толькі месцам адмысловых Божых дзеяў і сімвалам прыхільнасці Бога, але і месцам яго знаходжання. Ці дзіўна, што і дарагі наш пастыр, Святы Айцец, выйшаў адтуль, каб несці нам усім Яго несмяротнае слова.