Да 25-годдзя пантыфікату Святога Айца Яна Паўла ІІ

Пачатак

27. Цуд у Гаване
Агромністы пляц Рэвалюцыі ў сталіцы Кубы Гаване быў перапоўнены — тысячы кубінцаў прыйшлі на Святую Імшу, якую адпраўляў для іх у той дзень Ян Павел ІІ. У першым радзе сядзеў прэзідэнт Фідэль Кастра. Гэты чалавек за сваё жыццё зрабіў шмат кепскага. Ён забіў шмат святароў і законніц, пазачыняў касцёлы, не дазваляў сваім суайчыннікам вызнаваць веру ў Езуса Хрыста.
Да таго, як распачаць святую Камунію, Папа, пранікліва гледзячы ў вочы Фідэлю Кастра, паволі й выразна прамовіў: «Перадайце адзін аднаму знак спакою». Прэзідэнт зрабіў выгляд, што не разумее, пра што ідзе гаворка. Ён нават запытаў у свайго суседа, міністра па справах веры: «Што сказаў Папа? Што гэта азначае?» І ў гэты момант здарыўся цуд: сціплая законніца, абмінуўшы ўсіх паліцэйскіх, што ахоўвалі прэзідэнта, і выклікаўшы пярэпалах сярод гэтых высокіх, плячыстых мужчын, гатовых у любую хвіліну расправіцца з кожным, хто насмеліўся б наблізіцца да яго, апынулася перад самім Фідэлем Кастра. Яна падала яму сваю руку і пацалавала ягоную, тую самую руку, што некалі забівала людзей. Кастра не паспеў апамятацца, а ўжо да яго падышоў святар, праз момант – іншыя святары і законніцы. На пляцы ўсчаўся шквал воплескаў. Ды і як было стрымацца, калі многія з іх бачылі такое ўпершыню і да нядаўняга зусім не спадзяваліся ўбачыць на свае вочы. Многія з тых, хто у тыя хвіліны падавалі адзін аднаму рукі, рабілі гэта ўпершыню за апошнія сорак гадоў. А ўсё таму, што Папа сказаў ім перадаць адзін аднаму знак спакою.

28. Наступная сустрэча будзе ў раі
— Хачу сустрэцца з Папам! — заявіў перад швейцарскай гвардыяй 28-гадовы чалавек. Ён меў выгляд дзіцяці, важыў не больш за 30 кілаграмаў — скура ды косці. Ён хварэў на рак і ведаў, што хутка памрэ, але марыў перад смерцю яшчэ сустрэцца са Святым Айцом. Ягоная сям’я была бедная, хлопец не меў грошай на дарогу і таму ўся вёска склалася ды купіла яму білет у Рым. 1 студзеня каля 16 гадзінаў, калі ўвесь свет заняты віншаваннямі, хлопец з маці спыніліся перад брамаю Ватыкана. Гвардзейцы, якіх зазвычай не кранаюць просьбы людзей, на гэты раз хутка зарыентаваліся, што справа вельмі сур’ёзная.
У хуткім часе ў прыватнай папскай капліцы кленчыў Святы Айцец, а збоч яго на інваліднай калясцы ся- дзеў схуднелы малады чалавек, якога Святы Айцец трымаў за руку, нібы жадаючы падзяліцца з ім сваімі сіламі. Потым ён падняўся і пацалаваў хлопца, блаславіў яго, трохі падумаў, зняў з шыі залаты ланцужок з крыжыкам і павесіў яго на хлопцаву шыю. У капліцы ўстана- вілася поўная ціша. Хлопец нейкі час разглядваў крыжык, а потым прыпаў вуснамі да рукі Папы.
— Дзякуй, — прашаптаў ён. — Да сустрэчы ў раі.
Праз тыдзень у Ватыкан прыйшла вестка, што хлопец памёр

29. Найлепшыя падарункі
Людзі дораць Папу самае дарагое, што ў іх ёсць. Падарункі бываюць матэрыяльныя і духоўныя. Напрыклад, міністранты з Кросна (Польшча) падаравалі Папу «Залатую кнігу духоўных учынкаў», у якой яны абяцалі: не буду маніць, не буду красці, не буду надакучаць брату, не буду біцца з сябрамі, штодня буду маліцца «Тваёй абароне аддаемся»... Калі б паспрабаваць сабраць усе рэчы, падораныя Святому Айцу, яны не змясціліся б ва ўсе памяшканні Ватыкану. Ян Павел ІІ атрымаў неяк, напрыклад, шакаладку вагою 50 кілаграмаў і даўжынёю 2 метры. Яму дораць сыры, вяндліну, цукеркі, машыны і... нават касцёлы. Большасць падарункаў Папа адразу перадае бедным.
Аднойчы Папа атрымаў ад знакамітага музыкі Кінга ягоную любімую гітару, з якой той не развітваўся больш за 50 гадоў. Кінгавы сябры не маглі даць веры, што такое здарылася.
Некаторыя падарункі вельмі каштоўныя, як, напрыклад, куленепрабівальная машына «Merсedes S 500», усе часткі якой зроблены ў адным экзэмпляры. Але Святы Айцец найбольш даражыць духоўнымі падарункамі, а таму ружанцовая малітва чытачоў нашага часопіса ў кастрычніку, несумненна, будзе яму даражэй за згаданы «Merсedes S 500».

Працяг

Пераклад Ірыны ЖАРНАСЕК