16 кастрычніка 2003 г. спаўняецца 25 гадоў пантыфікату Святога Айца Яна Паўла II.

У гэты дзень, 16 кастрычніка 1978 г., Калегія кардыналаў, сабраная на канклаў у Рыме, выбрала чарговага, 262-га па ліку, наступніка святога Пятра. ім стаў кракаўскі арцыбіскуп, кардынал Караль Вайтыла, паляк, першы славянін за ўсю гісторыю папства.

25 гадоў назад на плошчы святога Пятра на ўрачыстай Святой імшы ў гонар інаўгурацыі пантыфікату ўпершыню прагучалі словы Папы Яна Паўла II, у якіх свет пачуў вялікую надзею і вялікі аптымізм веры: «Не бойцеся! Адчыніце дзверы Хрысту, усе людзі і ўсе дзяржавы. Толькі Хрыстус – ключ да выратавання свету!».

Pontifex – азначае «будаўнік мастоў». Цяперашні Пантыфік цалкам пацвярджае гэтае значэнне, ужо чвэрць стагоддзя ахвярна выконваючы функцыю вялікага будаўніка мастоў паміж Хрыстом і чалавецтвам, узводзячы масты паразумення паміж асобнымі людзьмі і народамі.

Як нястомны пілігрым Папа здзейсніў 102 апостальскія падарожжы ў розныя краіны свету і 142 пілігрымкі ў Італію. У яго агульных аўдыенцыях у Ватыкане ўдзельнічала больш за 16700000 пілігрымаў, не лічачы ўсіх іншых спецыяльных аўдыенцый, сустрэчаў і рэлігійных урачыстасцяў.

Ян Павел ІІ абвясціў 1316 благаславёных і кананізаваў 474 святых.

Папа выдаў 14 энцыклік, 13 апостальскіх адгартацый, 11 апостальскіх канстытуцый і 42 апостальскія лісты; апублікаваў тры кнігі: «Пераступіць парог надзеі» (1994), «Дар і таямніца» (1996) і «Рымскі трыпціх» (2003). Усе яны перакладзены на беларускую мову.

Гэты пантыфікат называюць гістарычным, бо ён змяніў не толькі аблічча Касцёла, але й паўплываў на змены ў свеце. Для Касцёла на Беларусі пантыфікат Святога Айца Яна Паўла ІІ мае асаблівае значэнне: з ім звязана адраджэнне Касцёла ў нашым краі; асоба Папы, прыклад яго веры, яго цярпення, яго любові да Бога і чалавека дапамагаюць вельмі многім захаваць сваю чалавечнасць і веру, выстаяць у самых складаных жыццёвых выпрабаваннях.

Напярэдадні гадавіны пантыфікату наша рэдакцыя правяла анкету-апытанне на тэму «Папа ў маім жыцці і ў жыцці Касцёла». На яе адгукнуліся асобы духоўныя і свецкія, тыя, хто сустракаўся з Янам Паўлам ІІ і хто толькі са-

браўся на сустрэчу з ім з нагоды юбілею пантыфікату...