Ёсць вельмі добрая інтэлектуальная гульня – «Асацыяцыі»... Калі б хто запытаўся, якую асацыяцыю выклікае ў мяне Святы Айцец, адказала б, не задумваючыся: «Сонейка ўсміхаецца».

І сапраўды, для мяне вобраз Яна Паўла ІІ – гэта сонейка, якое прамянюе непаўторным святлом, гэта радаснае хрысціянства і гераічнае апостальства, пілігрымуючая ўсмешка любові. Ён абдорвае цеплынёй і надзеяй усіх, незалежна ад колеру скуры і веравызнання, таму так шмат людзей, у іх ліку і я, практычна не ведаючы гэтага чалавека, моцна любяць яго.

Прыпамінаю Сусветны дзень моладзі Юбілейнага 2000 года ў Рыме. Мне пашчасціла быць у складзе дэлегацыі моладзі нашай краіны на Святой Імшы з удзелам Яна Паўла ІІ. Памятаю, што я не магла стрымаць вялікага жадання быць бліжэй да Папы, таму ашалела неслася яму насустрач у дождж, па гразі. Мне вельмі хацелася зазірнуць у гэтыя мудрыя вочы, атрымаць яго святое блаславенне. Не мела радыё, каб паслухаць пераклад яго навукі, аднак душа мая ўсё разумела і спявала ад такога роднага і дарагога голасу.

Як жа мне ўсё гэта было патрэбна ў той час! Я блукала, нібы сляпое кацяня, у лабірынтах свайго лёсу. Хацела пазбавіцца нялюбай працы, уцячы ад балючых адносінаў з бацькамі і сябрамі. Дадому з гэтай пілігрымкі я не вярнулася – паехала ў свет па незалежнасць.

Я не ведала тады, што кожная незалежная краіна, атрымаўшы суверэнітэт, накіроўвае свайго прадстаўніка ў Рым у Пятрову Сталіцу, і гэта дыктуецца не палітычнымі меркаваннямі, а своеасабліваю патрэбаю духоўнага права, маральнымі поглядамі. Так і я для суверэнітэту сваёй асобы, не плануючы таго, атрымала ў Юбілейным Годзе блаславенне Вікарыя Езуса Хрыста.

Вось і цяпер, калі думаю рашуча змяніць сваё жыццё, даведваюся, што арганізоўваецца пілігрымка ў Рым да Святога Айца на юбілей яго пантыфікату. Разумею, што трэба ехаць, таму што да блізкіх, дарагіх сэрцу людзей мы абавязкова ідзем на іх свята, чаго б гэта ні каштавала.

У дні падрыхтоўкі да пілігрымкі мяне не пакідаюць думкі вярнуцца ў Легіён Марыі, які пакінула 3 гады таму. Пішучы гэтыя словы, разважаю: тады я атрымала блаславенне адарвацца ад людзей, а цяпер еду па яго, каб узмацніцца на дарозе да Езуса Хрыста і Найсвяцейшай Панны Марыі. Я прымаю рашэнне зноў стаць у шэрагі воінаў Марыі, бо еду да таго, хто дэвізам свайго пантыфікату абраў словы Totus Tuus (цалкам Твой, Марыя). У кнізе «Пераступіць парог надзеі» Ян Павел ІІ успамінае: «Тады мне здавалася, што я павінен крыху адысці ад дзіцячай марыйнай пабожнасці на карысць хрыстацэнтрызму. Але дзякуючы святому Людвіку Грыньёну дэ Манфору я зразумеў, што сапраўднае набажэнства да Маці Божай – менавіта хрыстацэнтрычнае, больш таго, яно вельмі глыбока ўкаранёна ў Трынітарнай таямніцы Бога і звязана з таямніцаю Уцелаўлення і Адкуплення. Такім чынам я наноў навучыўся марыйнасці...».

Я таксама наноў вучуся марыйнасці, вучуся не баяцца, як заклікае Папа. Веру, што яго блаславенне дапаможа мне не баяцца і «пераступіць парог надзеі».

Вольга АКСЮЧЫЦ