З айцом Пахоміем, які належыць да ордэна студытаў
грэка-каталіцкай Царквы, гутарыць Ірына Жарнасек.

— 25-гадовы юбілей пантыфікату Святога Айца Яна Паўла ІІ – гістарычная дата для ўсяго свету. Як Вы, прадстаўнік грэка-каталіцкай Царквы, ацэньваеце гэты 25-гадовы перыяд?

— Напачатку скажу, як я асабіста ўспрымаю гэтага чалавека. Ён для мяне – найдасканалейшы прыклад мудрасці, вернасці абранаму шляху, стойкасці ў самых розных выпрабаваннях. Дзякуй Богу, нам, католікам усяго свету, ёсць у каго ўсяму гэтаму вучыцца. У наш такі зменлівы, плыткі, няпэўны час, калі на вачах мяняецца палітыка дзяржаваў, калі з палітычнае карты знікаюць цэлыя дзяржаўныя ўтварэнні і паўстаюць новыя, калі для многіх трагічна раструшчваюцца ранейшыя ідэалы, гэты чалавек стойка й мудра застаецца пры сваім галоўным ідэале — Хрысце. Гэтым самым ён дае прыклад вернікам усяго свету, як чалавек у любых сітуацыях можа арганічна ўпісвацца ў свой час і быць годным сведкам Хрыста.

Што ж тычыцца нашай Царквы, то Ян Павел ІІ таксама вучыць нас берагчы нашу самабытнасць. Ён неаднойчы падкрэсліваў, што ўсходняя Царква мае сваю самабытнасць і павінна берагчы яе дзеля ўсяго хрысціянства.

— А што, ёсць пагроза страціць яе?

— Ведаеце, у наш бурны час шмат над кім навісае гэтая пагроза, і мы таксама не выключэнне. Нашу Царкву часта называюць уніяцкай, але слова «унія» азначае «часовы саюз». На маю думку, гэты перыяд для нас ужо мінуўся, а нам самім усё яшчэ не стае простага ўсведамлення, што мы ёсць на гэтым свеце, мы існуем і маем поўнае права на гэтае існаванне нароўні з іншымі Цэрквамі. Бог, а не хто іншы, дае нам гэтую ласку. Ян Павел ІІ часта падкрэслівае гэта, як, напрыклад, у сваім пасланні «Святло Усходу». Мне здаецца, мы часта грашым адсутнасцю смеласці. Памятаю, якое моцнае ўражанне зрабіў на мяне ўдзел у спатканнях з Папам у Седліцы, Вроцлаве, дзе ён выразна падкрэсліваў патрэбу адвагі для сучаснага хрысціяніна.

— А ці ўдзельнічалі Вы ў сустрэчах Святога Айца з вернікамі на Украіне?

— На жаль, я ў той час быў далёка ад Украіны, ажно на іншым кантыненце, але я вельмі ўважліва сачыў за той лёсавызначальнай падзеяй. Памятаю, як мы радаваліся, калі бачылі, які зарад духу атрымліваюць нашы браты ўкраінцы. Папа проста выдатна ўмее несці людзям адвагу.

— Вы гаворыце пра недахоп адвагі ў грэка-католікаў, а мне здаецца, што яе не стае ўсім сучасным хрысціянам. Такое адчуванне, што мы нібы разгубіліся ў жорсткім, тлумным свеце. Як Вы думаеце, хто тут больш вінаваты: усё той жа свет альбо мы самі, хрысціяне?

— Цалкам згодны, што хрысціяне перажываюць перыяд нейкай разгубленасці. А ведаеце чаму? На маю думку, таму, што праўда пра Уваскрослага Хрыста для нас быццам адышла ў гісторыю, у навуку багаслоўя. Мы нібы забываемся пра гэтую ашаламляльную праўду і жывем так, быццам бы яе для нас няма. А тым часам Папа часта падкрэслівае, што Уваскрослы Хрыстус – крыніца нашага адраджэння. Калі ж мы забываемся пра гэта, то тым самым страчваем сваю жывую веру, і яна ператвараецца ў прыгожую традыцыю.

— Прыгадваецца такі смелы, такі малады заклік Святога Айца: «Не бойцеся! Адчыніце дзверы Хрысту!»

— Вось... Менавіта... Хрысціянін — гэта найперш чалавек адвагі і вялікае любові да праўды і справядлівасці.

— Інакш кажучы, адвага павінна мець сэнс, іначай яна можа ператварыцца і ў дурноту.

— Вядома. Для ўсіх нас прыкладам такой мудрай адвагі можа быць смеласць Святога Айца, з якою ён ад імя Касцёла папрасіў прабачэння перад усім светам за памылкі Каталіцкага Касцёла, зробленыя ў розныя часы. Памятаеце, якім громам сярод яснага неба стала гэта для многіх?

— Так, некаторыя казалі тады, што, можа, і не патрэбна яно было, тое перапрашэнне, маўляў, час ідзе, навошта варушыць застарэлыя болькі...

— Былі такія меркаванні. Але Папа зрабіў гэты крок і тым самым яшчэ раз засведчыў адвагу чалавека і Касцёла, які ён вядзе па сучасным моры чалавецтва. Толькі той здольны на такія крокі, хто бясконца любіць праўду, верыць у яе моц...