Легіён Марыі існуе і працуе з дазволу касцёльных уладаў і абавязкова пад кіраўніцтвам духоўнага настаўніка. У падручніку легіянера гаворыцца: «Духоўны кіраўнік з’яўляецца асноўнай рухальнай сілай усяго прэзідыума». Ад яго залежыць столькі, што Папа Пій ХІ нават акрэсліў гэтую дзейнасць словамі псальма: «Мой лёс у Тваіх руках». На жаль, праблема духоўнага кіраўніцтва ў некаторых прэзідыумах Легіёна Марыі даволі вострая. Апошнім часам, напрыклад, тры прэзідыумы спынілі сваю дзейнасць.

Але, дзякуй Богу, ёсць нямала духоўных кіраўнікоў шчыра адданых справе Легіёна Марыі. Адзін з іх – ксёндз Юзаф Дзеконьскі, духоўны настаўнік курыі Марыі Міласэрнасці г. Мазыра. З ім – наша размова.

– Айцец Юзаф, любоў да Маці Божай, адданасць Ёй – гэта вялікая Божая ласка, якая напаўняе чалавека асаблівай духоўнай прыгажосцю, асаблівай духоўнай сілай. Ваш шлях да гэтай любові?

– Я з дзяцінства рос, так бы мовіць, у Марыйнай школе. У сям’і быў звычай, нават абавязак, усім разам маліцца на ружанцы. Пасля вучобы ў інстытуце працаваў у сярэдняй школе настаўнікам. 13 мая 1981 года вельмі моцна перажыў замах на Папу Яна Паўла ІІ. Гэта была мая асабістая трагедыя. Пазней я зразумеў, што як святар нарадзіўся з раны Папы. Пасля таго страшнага здарэння я паехаў у Непакалянаў. Там адзін з законнікаў запытаў, ці не хацеў бы я ўступіць у рыцарства Беззаганнай Панны Марыі, расказаў пра гэтую супольнасць, і я згадзіўся. Атрымаў тады ў падарунак цудоўны медалік і пасвячэнне. Маім абавязкам было штодзённае прысвячэнне сябе Беззаганнаму Сэрцу Марыі і распаўсюджванне Яе медаліка. У тым жа годзе пайшоў першы раз у 9-дзённую пілігрымку ў Чэнстахова. Там пасля Святой Імшы з’явілася непераадольнае жаданне пайсці ў духоўную семінарыю.

У семінарыі я ўваходзіў у групу «Прыхільнікаў Божай Маці». Мы шукалі інфармацыю па парафіях пра цудоўныя іконы Багародзіцы, збіралі звесткі пра Яе санктуарыі. Пісалі на гэтыя тэмы рэфераты.

Калі стаў святаром, у сваіх парафіях наладжваў пілігрымкі на веласіпедах ў Чэнстахова, а таксама ў тыя месцы, дзе знахо- дзіліся абразы ці фігуркі Маці Божай, ушанаваныя Папскімі каронамі.

– Гэта было на Вашай радзіме ў Польшчы. Працуючы на Беларусі, вы не пакідаеце справу, якую распачалі студэнтам духоўнай семінарыі – збіраеце звесткі пра цудоўныя абразы Багародзіцы?

– Прыехаўшы ў 1990 годзе ў Мазыр, даведаўся, што тутэйшыя мясціны слынныя цудоўным абразом Маці Божай Юравіцкай. Гэты абраз у канцы ХІХ стагоддзя быў перавезены ў Кракаў, у касцёл св. Барбары, дзе знаходзіцца па сённяшні дзень. У тыя часы непрыязных адносінаў царскага рэжыму да Каталіцкага Касцёла існавала пагроза знішчэння цудоўнай рэліквіі. У Юравіцкім касцёле была змешчана копія. Я быў у Кракаве і бачыў гэты цудоўны абраз. У Юравічах адправіў Святую Імшу ў будынку разбуранага касцёла. Марыў хаця б аб копіі цудоўнага абраза. З часам знайшоўся мастак, які намаляваў яе для касцёла ў Мазыры і ў Хойніках (таксама мая парафія). Пасля асвячэння копіі цудоўнага абраза Маці Божай Юравіцкай я нібыта выпадкова трапіў у Дублін, у Цэнтр Легіёна Марыі. Вядома ж, выпадковасці тут не было – мяне вяла Маці Божая. У доме-музеі Фрэнка Даффа (заснавальніка Легіёна Марыі) мы чатыры гадзіны размаўлялі з прадстаўніком Цэнтра – Патрыкам Фоем аб дзейнасці Легіёна Марыі і яго неабходнасці. Ехаў адтуль з жаданнем стварыць Легіён у сваёй парафіі. Вёз з сабою сцяг Легіёна (ваксіліум). У той час у Баранавічах ужо працаваў Легіён Марыі пад духоўнай апекай кс. Ежы Мазура. З яго дапамогай мы арганізавалі Легіён Марыі і ў Мазыры.

– Ці праца з Легіёнам Марыі асабіста Вам дае штосьці карыснае?

– Яшчэ колькі. Праца ў Легіёне стала для мяне чарговай і вельмі важнай прыступкай да большага разумення дасканалага ўшанавання Божай Маці. Вельмі дапамагла мне ў гэтым кніжка святога Грыньёна дэ Манфора «Аб сапраўдным ушанаванні Маці Божай». Даведаўся, што гэтая унікальная праца святога Людвіка Марыя дэ Манфора пакінула глыбокі след і ў жыцці Папы Яна Паўла ІІ. Упершыню гэту кнігу ён убачыў, калі працаваў на содавых рудніках. Аднойчы ў начную змену нейкі пажылы чалавек працягнуў Каралю Вайтылу трактат св. Грыньёна дэ Манфора і сказаў: «Чытай, табе гэта патрэбна, а я папрацую». Ён у захапленні чытаў і перачытваў, а сода пырскала на кнігу з усіх бакоў. «Гэтыя плямы і цяпер стаяць у маіх вачах», – узгадваў потым Ян Павел ІІ.

У наш час Святы Айцец – жывы ўзор таго, як павінен чалавек ушаноўваць Маці Божую. Тут можна былоб прыгадаць таксама акт аддання сябе Беззаганнай св. Максімільяна Кольбэ і тэсэру Фрэнка Даффа (малітва Легіёна), каб зразумець, што трэба шматразова на працягу дня даручаць сябе Марыі для дасканалага ўшанавання Маці Божай. Памятайма і пра набажэнствы першых суботаў месяца – дзень перапрашэння Маці Божай за грахі, якімі Яе зневажаюць...

– Да кожнай адказнай справы трэба, як гаворыцца, «даспець». Духоўны кіраўнік Легіёна Марыі, напэўна, таксама патрабуе гэтага «даспявання»?

– Безумоўна. Сёння, азіраючыся назад, я бачу, што наш прэзідыум Легіёна Марыі працаваў не так, як трэба. Я недастаткова ўдзяляў яму ўвагі. Да таго ж наш прэзідыум не працаваў у структуры – не было курыі. І вось пасля таго, як яна была створана, я асабіста адчуў вялікую ласку, атрымалі яе і ўсе легіянеры. У мяне нібыта вочы расплюшчыліся. Я зразумеў, што моц Легіёна залежыць у вялікай ступені ад духоўнага настаўніка, зразумеў, што Легіён павінен быць у маім жыцці на адным з першых месцаў. Аднойчы, калі ўначы прачнуўся і не мог заснуць, адчуў, што гэта не выпадкова. Позірк мой трапіў на падручнік Легіёна. Разгарнуўшы, стаў чытаць менавіта пра тое, што рэлігійнае занядбанне заўсёды пануе там, дзе няма Легіёна Марыі. Мяне як маланка працяла. Я вырашыў арганізаваць Легіён у Хойніках. Парафія там невялічкая, ды і касцёл пакуль толькі будуецца. Я растлумачыў ідэю. Чатыры жанчыны згадзіліся быць легіянерамі. Яны збіраюцца пакуль што ў хаце адной з верніц. Гэта толькі пачатак, і я веру, што Легіён Марыі будзе расці і ў Хойніках, і наогул у Беларусі. Легіён Марыі – вялікая Божая ласка, і мы павінны з яе скарыстаць.

– Дзякуй вам, айцец Юзаф, за цікавую размову і за адданасць Легіёну Марыі.

Гутарыла Галіна Калевіч