11 верасня ў аэрапорце імя Р. Штэфаніка пад Браціславай сабралася вельмі шмат вернікаў. Яна Паўла ІІ сустракаў таксама урад, прадстаўнікі парламента і Епіскапат Славакіі. Першым прывітаў Папу прэзідэнт Славакіі Рудольф Шустэр, які з пашанаю пацалаваў папскі пярсцёнак.

Святы Айцец, радуючыся чарговаму, трэцяму візіту ў Славакію, звярнуў увагу на постаці слугаў Божых: біскупа Васіля Хопкі і сястры Здэнкі Шэлінговай, мучанікаў часоў камунізму. Ён падкрэсліў, што яны з’яўляюцца сімвалам нястомнай веры, дзякуючы якой Касцёл у Славакіі вытрываў перыяд пераследу. Папа таксама звярнуў увагу на намаганні, якія прыкладае Славакія для ўваходу ў Еўрапейскі Саюз. «Ужо хутка, – сказаў ён, – ваша краіна ўвойдзе ў паўнапраўную супольнасць еўрапейскіх народаў. Паспрыяйце будаванню тоеснасці новай Еўропы сваёй багатай хрысціянскай традыцяй. Не задавольвайцеся толькі пошукам эканамічнай выгоды. Усялякае багацце можа на самай справе наклікаць таксама вялікую бяду. Толькі будуючы грамадства, якое, нягледзячы на ахвяры і цяжкасці, шануе чалавечае жыццё ва ўсіх яго праявах, папулярызуе сям’ю як месца ўзаемнай любові і выхавання чалавека, шукае супольнага дабра і адгукаецца на патрэбы найслабейшых, можна гарантаваць будучыню на трывалым фундаменце і шчаслівую для ўсіх».

Візітам у «славацкі Рым» – Трнаву – Папа завяршыў першы дзень сваёй пілігрымкі ў Славакію. Гэты невялічкі гарадок – адзін з найважнейшых касцёльных асяродкаў у Славакіі. У ХVІІ ст. Трнава была сядзібаю венгерскага прымаса ў той час як Эштэргом (Астрыгом) быў захоплены туркамі. Тады і пабудавалі прыгожы цэнтр горада, а таксама славуты ва ўсёй Цэнтральнай Еўропе Трнаўскі універсітэт, які заснаваў вядомы венгерскі кардынал Петэр Пазман. Асабліваю пашанаю тут карыстаецца абраз Панны Марыі Трнаўскай, якая ў ХVII ст. ахоўвала горад ад заразы і турэцкай навалы.

Трнава была першаю сталіцаю славацкай касцёльнай правінцыі пасля таго, як Павел VІ стварыў у 1977 г. Трнаўскую дыяцэзію, выдзяляючы яе з тэрыторыі венгерскай Астыгомскай архідыяцэзіі. У 1995 г. Ян Павел ІІ заснаваў браціслаўска-трнаўскую мітраполію, мітрапалітам якой стаў арцыбіскуп Ян Сокал.

На заканчэнне сустрэчы ў Трнаве Святы Айцец прывітаў і благаславіў хворых. Гэта быў адзін з найбольш узрушальных момантаў першага дня папскай пілігрымкі ў Славакію, сімвалічны выраз яго вучэння аб любові, якая прыносіць надзею, дазваляе перамагаць асабістыя трагедыі і будаваць салідарнасць.

Ян Павел ІІ наведаў яшчэ Баньску-Быстрыцу і Ружняву, а ў апошні дзень прыехаў у Браціславу. Падрыхтоўка да сустрэчы з Папам пачалася ў ваколіцах Петржалка яшчэ з вечара. Тысячы маладых людзей сабраліся каля алтара, спявалі рэлігійныя песні, слухалі разважанні на евангельскія тэмы. Разбітыя на плошчы перад алтаром намёты сведчылі пра тое, што моладзь збіраецца правесці тут цэлую ноч, не зважаючы на вельмі холаднае надвор’е і парывісты вецер.

У нядзелю, 14 верасня, з самай раніцы на месца сустрэчы накіроўваліся пілігрымы з усёй Славакіі, а таксама з Аўстрыі, Венгрыі, Украіны, Польшчы, Румыніі. Частку сектараў займала каля 25 тысяч грэка-католікаў. Шмат было таксама іерархаў з усёй Еўропы.

Вітаючы Яна Паўла ІІ, арцыбіскуп Ян Сокал падкрэсліў, што Петржалка ў камуністычныя часы была месцам без Бога, але пасля 1989 г. тут узніклі тры парафіі. Арцыбіскуп гаварыў пра вынікі візіта Папы ў Славакію. Першае, што ён зазначыў – гэта відавочнае паяднанне веруючых з Рымскім Біскупам і рымскім Касцёлам. Яшчэ большы плён павінна прынесці гэта сустрэча, бо падчас Святой Імшы будуць узнесены да хвалы алтара як прыклад веры, праведнасці і вытрываласці двое благаслаўлёных: біскуп Васіль Хопка і сястра Здэнка Шэлінгова.

На заканчэнне Святой Імшы ў Браціславе Ян Павел ІІ падзякаваў усім славацкім вернікам і ўладам за цёплы прыём. «Забіраю з сабою прыемныя ўспаміны эўхарыстычных абрадаў і сустрэч гэтых дзён, – сказаў Папа. – Гэта ўспаміны, якія ў маім сэрцы выклікаюць глыбокія і радасныя пачуцці». Ён асвяціў таксама краевугольныя камяні пад будучыя касцёлы і капліцы.

Падрыхтавала Ірына Ламака.