у часе беатыфікацыі Маці Тэрэзы з Калькуты

(...)

Быць нявольнікам усіх!

Такой логікай дазволіла сабе кіравацца Маці Тэрэза з Калькуты, заснавальніца Місіянерак і Місіянераў Любові, якую сёння з радасцю далучаю да шэрагу благаславёных. Я асабіста ўдзячны гэтай мужнай жанчыне, прысутнасць якой заўсёды адчуваў побач з сабою. Як ікона Добрага Самарытаніна, яна ішла ўсюды, каб служыць Хрысту ў найбяднейшых і сярод бедных. Ні канфлікты, ні войны не маглі яе спыніць.

Час ад часу яна прыбывала, каб расказаць мне пра свой вопыт у служэнні евангельскім каштоўнасцям. Памятаю, напрыклад, як яна сказала пасля атрымання Нобелеўскай прэміі міра: «Калі пачуеце, што нейкая жанчына не хоча нарадзіць свайго дзіцяці і мае намер пазбавіцца ад яго, пастарайцеся пераканаць яе, каб прынесла яго мне. Я буду яго любіць, бачачы ў ім знак Божай любові».

Ці ж не красамоўны факт, што яе беатыфікацыя дакладна прыпадае на дзень, калі Касцёл адзначае Сусветны дзень місіі. Сведчанне жыцця Маці Тэрэзы нагадвае ўсім, што евангелізацыйная місія Касцёла адбываецца праз любоў, якая жывіцца малітваю і слуханнем слова Божага. Вельмі красамоўна гэты місіянерскі стыль паказвае вобраз новай благаслаўлёнай, якая адною рукою трымае дзіця, а другою перабірае пацеркі ружанца.

Кантэмпляцыя і праца, евангелізацыя і папулярызацыя чалавечнасці; Маці Тэрэза абвяшчае Евангелле сваім жыццём цалкам ахвяраваным бедным, але адначасова цалкам паглыбленым у малітву.

«Хто хоча стаць паміж вамі вялікім, няхай будзе слугою» (гл. Мк 10, 43). З асаблівым хваляваннем узгадваем сёння Маці Тэрэзу, вялікую слугу бедных, Касцёла і ўсяго свету. Яе жыццё з’яўляецца сведчаннем годнасці і прывілею пакорлівай службы. Яна пажадала не так быць найменшаю, як стаць слугою найменшых.

Як сапраўдная маці бедных, яна схілялася над людзьмі, якія пакутуюць ад беднасці ў розных яе праявах. Яе веліч заключана ў здольнасці даваць, не падлічваючы коштаў, даваць «аж да болю». Яе жыццё было радыкальным выпрабаваннем і смелым абвяшчэннем Евангелля.

Заклік Езуса на крыжы: «Прагну» (гл. Ян 19, 28), які выяўляе глыбіню Божага суму па чалавеку, працяў душу Маці Тэрэзы і знайшоў у яе сэрцы ўрадлівую глебу. Задаволенне Езусавай прагі любові і збаўленне душаў у еднасці з Марыяй – стала адзінаю мэтаю жыцця Маці Тэрэзы. Задаволенне таксама ўяўляла сабою ўнутраную сілу, якая падштурхоўвала яе «ісці спешна» праз увесь свет, каб працаваць на карысць збаўлення і асвячэння найбяднейшых з бедных.

«Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых меншых братоў Маіх, вы зрабілі Мне» (гл. Мц 25, 40). Гэты евангельскі радок, вельмі важны для разумення служэння Маці Тэрэзы бедным, лёг у аснову яе абсалютнай вераперакананасці ў тым, што, дакранаючыся да параненых целаў бедных людзей, яна дакранаецца да цела Хрыста. Гэта самому Езусу, утоенаму пад змучанаю постаццю найбяднейшага з бедных, была адрасаваная яе паслуга. Маці Тэрэза выяўляе найглыбейшы сэнс служэння: акт любові да галодных, прагнучых, іншаземцаў, раздзетых, хворых, вязняў (пар. Мц 25, 34-36) адносіцца да самога Езуса. (...)

«Сын Чалавечы прыйшоў, каб аддаць душу Сваю на адкупленне многіх» (гл. Мк 10, 45). Маці Тэрэза дзяліла з Укрыжаваным Яго балесную муку, асабліва падчас доўгіх гадоў «унутранай цемры». Гэта пранізлівае да глыбіні выпрабаванне было прынята як асаблівы «дар і прывілей».

У гадзіны найбольшай цемры Маці Тэрэза пастаянна ратавалася малітваю перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Гэта духоўная пакута вяла яе да ўсё большага атаясамлівання з тымі, якім штодзённа служыла, спазнаючы цярпенні, а часам проста адпрэчванне. Яна часта паўтарала, што найбольшая беднасць – быць непатрэбным, не мець нікога, хто б паклапаціўся пра цябе. (...)

Ушаноўваем яе як адну з найбольш вядомых асобаў нашай эпохі. Давайце прымем яе пасланне і будзем наследаваць яе прыклад.

Найсвяцейшая Панна Марыя, Каралева ўсіх святых, дапамажы нам быць ціхімі і пакорнымі сэрцам, так, як гэта мужная вястунка любові. Дапамажы служыць з радасцю і ўсмешкаю кожнаму чалавеку, якога сустракаем. Дапамажы быць місіянерамі Хрыста, нашага спакою і нашай надзеі. Амэн!