Ці не ўсе мы знаёмыя са словам «матэрыялізм». Хтосьці ведае больш, хтосьці менш пра гэтую філасофскую плынь, якая многія дзесяцігоддзі панавала ў ідэалогіі нашай Радзімы і часта нават прэтэндавала на ролю рэлігіі. Так, менавіта рэлігіі, бо матэрыя ў матэрыялізме азначае першакрыніцу, якая заўсёды ёсць і ад якой ёсць усё. Гэткая ўсёмагутнасць і ўсёдыіснасць — рысы, якія мы, хрысціяне, прызнаем толькі ў Богу. Як бы там ні было, час матэрыялістычнай рэлігіі мінуў, і многія ўпэўніліся ў памылковасці матэрыялізму, аднак застаецца пытанне: як суаднесці існаванне Бога і Сусвету-матэрыі? Можа, кагосьці гэта здзівіць, але ўвесь свет, які можна бачыць, чуць, даследаваць, з’яўляецца адным з галоўных доказаў існавання Бога. Матэрыя гаворыць нам, што Бог ёсць.

Мы ведаем, што Сусвет мае свой пачатак — момант вялікага выбуху (big bang). Гэта адбылося ад 10 да 20 млрд. гадоў назад, калі ўся матэрыя, сабраная першапачаткова ў адной кропцы і максімальна сціснутая, раптам пачала расшырацца. Пры расшырэнні адбыўся велізарны выбух і выкід вялікай колькасці энергіі.

Сёння вучоныя могуць назіраць цікавую з’яву: Сусвет аддаляецца ад свайго цэнтра. Наша галактыка разам з Сонечнай сістэмай і Зямлёй таксама аддаляецца ад гэтага цэнтра.

Дык адкуль жа ўзялася гэтая матэрыя-кропка і чаму пачала расшырацца? Хто надаў рух мільярдам зорак? Хто з’яўляецца першапрычынай і першакрыніцай існавання ўсяго? Бог. Толькі Ён можа стварыць Словам, з нічога паклікаць усё да існавання (пар. Быц 1, 1-25). Толькі Ён дазваляе існаваць таму, што не існавала і не магло само з’явіцца.

Як бачым, таямніцу існавання матэрыі можа растлумачыць толькі Усемагутны Абсалют — Заўсёдыісны Бог. Але куды большай таямніцай, якую нельга зразумець без Бога, з’яўляецца таямніца жыцця.

Жыццё на Зямлі, паводле падлікаў вучоных, з’явілася прыкладна 3,7 млрд. гадоў назад. На працягу 3 млрд. гадоў пасля свайго з’яўлення адзінымі жывымі істотамі на нашай планеце былі толькі бактэрыі і блакітныя водарасці. Як жа сфармаваліся гэтыя простыя арганізмы? Хто прымусіў нежывую матэрыю жыць, развівацца, расці, старэць, размнажацца — быць жывой?

Толькі Бог мог сваім уладарным словам запісаць у «сэрцы» матэрыі закон жыцця, які па сённяшні дзень для нас — тайна.

Некаторым здаецца, што адказ на пытанні можа даць эвалюцыя, але яна якраз нічога не тлумачыць. Усе мы ведаем, які складаны працэс з’яўлення новай клеткі. Гэта — жывы арганізм, жыццё якога залежыць ад мільёнаў фактараў. Вучоныя падлічылі верагоднасць самаз’яўлення першай клеткі цягам эвалюцыі. Шанец невялікі. Уявіце сабе лічбу: 1 супраць 1 з тысяччу нулямі. Нават цяжка ўявіць сабе такі нумар.

Такія дадзеныя ўражваюць. Але гэта яшчэ не ўсё. Вядома, што малекула ДНК, якую мае кожны жывы арганізм, з’яўляецца вельмі складанай камбінацыяй хімічных элементаў. Яе паўстанне цягам эвалюцыі проста немагчымае. На гэта не хапіла б часу. Бо, калі жыццё на Зямлі існуе каля 3,7 млрд. гадоў, то на самастойнае з’яўленне малекулы ДНК трэба 1 мільён мільярдаў гадоў (лічба: 1 з пятнаццаццю нулямі). Такая вось верагоднасць аўтаматычнага з’яўлення ДНК шляхам эвалюцыі. Гэта нават больш, чым існуе ўвесь Сусвет.

Існаванне матэрыі не абвяргае існавання Бога, а, наадварот, даказвае яго. Па стварэннях можна пазнаць Творцу. Наш свет уладкаваны на дзіва гарманічна і суладна, кіруецца пэўнымі законамі і развіваецца. Кволае жыццё, якое можа знішчыць малейшае змяненне зямной арбіты ці нейкі шалёны метэарыт, ахоўваецца Божай мудрасцю вось ужо амаль 4 млрд. гадоў. І. Ньютан у свой час сцвярджаў: «Цудоўнае ўладкаванне космасу і гармонія ў ім могуць быць растлумачаны толькі тым, што Сусвет быў створаны паводле плана Усёведнага і Усемагутнага Бога. Гэта маё першае і апошняе слова».

Натхнёны аўтар у Святым Пісанні сцвярджае наступнае: «Неразумныя ад прыроды ўсе людзі, што не спазналі Бога — па бачных стварэннях не змаглі пазнаць Творцу» (пар. Мдр 13, 1).

Свет, які мы бачым, не аддзяляе нас ад Бога, а вядзе да Яго. Гэта шлях, па якім можна і трэба дайсці да Аўтара ўсяго існага.

Дыякан Віктар Місевіч,
паводле часопіса «Il timone», № 11—12/2000.