удзельнікам Кангрэсу свецкіх католікаў Усходняй Еўропы

1. З прывітаннем спакою звяртаюся да вас, шаноўныя кардыналы, браты біскупы, святары, законнікі, законніцы і свецкія вернікі, якія прыбылі (магчыма, не без намаганняў) з розных краін у Кіеў, каб прыняць удзел у Кангрэсе свецкіх католікаў Усходняй Еўропы. Вы прыбылі на гэту сустрэчу, маючы такую ж надзею, якая падтрымлівае вашы Касцёлы. Гэта Касцёлы, гераічныя мучанікі сярод пакутаў, а часам і пралітай крыві, якія выстаялі ў еднасці з Хрыстом, Адзіным Панам, у вернасці Паўсюднаму Касцёлу, умацоўваючы каштоўнасці свабоды. (...)

2. Таталітарныя атэістычныя рэжымы пакінулі пасля сябе спусташэнне і глыбокія раны, нанесеныя сумленню. Іх цяжкая спадчына і да сённяшняга дня ўскладняе для краінаў Усходняй Еўропы працэс рэлігійнага, маральнага і грамадзянскага аднаўлення, умацаванне адроджанай незалежнасці, свабоды, дэмакратыі, аздараўлення эканомікі. На гэтым складаным шляху, які трэба будзе пераадолець вашым народам, каб нанава засвоіць уласную гісторыю і культурны набытак, вам, свецкім вернікам, адведзена асабліва важная роля, у якой вы незаменныя. Да вас, якія былі непахіснымі сведкамі веры ў часы выпрабаванняў і пераследу, Пан звяртаецца і ў час, калі рэлігійная свабода ўжо стала заваёваю, з просьбаю падрыхтаваць глебу для энергічнага адраджэння Касцёла ў вашых краінах. Пасля доўгіх дзесяцігоддзяў балючага падзелу, які выклікаў свайго роду ўдушша ў хрысціянскіх супольнасцях Усходу, Еўропа зноў пачынае дыхаць абодвума лёгкімі, і перад намі адкрываюцца вялікія магчымасці для распаўсюджвання Евангелля.

3. Старая Еўропа, ад Захаду да Усходу, шукае сваю новую тоеснасць. У гэтым працэсе яна не можа забыцца пра тое, якімі былі яе карані. Еўропа павінна памятаць, што жыццёвымі сокамі, з якіх яна на працягу двух тысячагоддзяў чэрпала свае самыя высакародныя духоўныя памкненні, было хрысціянства. Як я пісаў у Апостальскім звароце «Касцёл у Еўропе» (Ecclesia in Europa), сёння «еўрапейская культура стварае ўражанне «маўклівага адступніцтва» з боку сытага чалавека, які жыве так, быццам Бог не існуе» (ч. 9). Але ўсё ж хапае знакаў ухвалення «новай хрысціянскай вясны» (энцыкліка «Місія Адкупіцеля», 86: Lett. en. «Redemptoris missio», 86), якія з’яўляюцца таксама і на даляглядзе вашых Касцёлаў. Аднак іх поўны росквіт будзе залежаць ад незаменнага ўдзелу свецкіх вернікаў, якія пакліканы ствараць Хрыстовы Касцёл у свеце, абвяшчаючы і даючы Евангелле надзеі (пар. Апост. адгартацыя «Касцёл у Еўропе», 41; cfr. Esort. ap. Ecclesia in Europa, 41). Тэма вашага Кангрэсу «Быць сёння сведкамі Хрыста» добра адлюстроўвае значэнне гэтай місіі, якую ніхто з ахрышчаных не можа ўсклаці на іншых, бо ад яе нельга ўхіліцца. На вас, сабраных у цудоўным горадзе Кіеве, што бачыў хрост старажытнай Русі, ляжыць адказнасць перадаць будучаму пакаленню спадчыну хрысціянскай веры. Гэта будзе магчыма ажыццявіць у той ступені, у якой кожны і кожная з вас зможа ўмацаваць усведамленне асабістага хросту. Святы сакрамэнт хросту робіць нас дзецьмі Божымі, пакліканымі да святасці, робіць чле- намі Касцёла, містычнага Цела Хрыста, якія падзяляюць адказанасць за пабудову хрысціянскіх супольнасцяў, удзельнікамі паклікання Касцёлаў абвяшчаць людзям Добрую Навіну збаўлення. Новае адкрыццё годнасці свецкіх вернікаў, атрыманае падчас хросту, і іх адказнасць за пакліканне Касцёла, – гэта адзін з пладоў Другога Ватыканскага Сабору. Таму нагадваю вам, сабраным у Кіеве, словы, скіраваныя да вернікаў, якія ў 2000 годзе прыбылі ў Рым на святкаванне Юбілею апостальства свецкіх: «Трэба вярнуцца да Сабору. Трэба зноў узяць у рукі дакументы Другога Ватыканскага Сабору, каб нанава адкрыць вялікае багацце веравучэння і пастырскіх пачынанняў. Перш за ўсё гэтыя дакументы павінны ўзяць у рукі вы, свецкія, бо менавіта для вас Сабор адкрыў незвычайныя перспектывы ўдзелу і працы ў місіі Касцёла» (казанне з нагоды Юбілею апостальства свецкіх, 26 лістапада 2000 г.). Разам з Саборам у Касцёл прыйшло шмат свецкіх! Ваша пакліканне і місія прынясе плён пры ўмове, што ў сваёй дзейнасці вы заўсёды будзеце здольныя нанава вяртацца да Хрыста, нанава пачынаць ад Хрыста, пастаянна ўглядацца ў Яго Аблічча. «Вы – соль зямлі... Вы – святло свету» (Мц 5, 13-14). Гэтыя словы Пан абвяшчае кожнаму з вас. Рабіце так, каб Яго святло заззяла ў вашым асабістым жыцці, у вашых сем’ях, на працоўных месцах, у сферы адукацыі, культуры, палітыкі, ва ўсіх справах, якія спрыяюць умацаванню міру і пабудовы грамадскага ладу, які найбольш адпавядае чалавеку і паважае яго неад’емную годнасць.

4. Для свецкіх вернікаў гэта час надзеі і энтузіязму! Вы патрэбны Касцёлу, і ён ведае, што можа даручыць вам гэтую вялікую адказнасць. Таму выказваю падзяку вашым біскупам, святарам, законнікам і законніцам за іх імкненне фармаваць сталых і цвёрдых у веры хрысціянаў. Выказваючы словы падзякі, заклікаю вас прадаўжаць гэтую працу; за вашу мэту вызначаю цэласную катэхізацыю, якая ахоплівае ўсе ўзроставыя катэгорыі ў розных абставінах і ўмовах жыцця, укладваючы энергію і сродкі перш за ўсё ў справу агульначалавечага і хрысціянскага фармавання маладых пакаленняў – надзеі Касцёла і будучыні народаў. Каштоўную дапамогу ў гэтым могуць аказаць аб’яднанні веруючых, касцёльныя рухі, новыя супольнасці, з вопыту якіх нарадзіліся плённыя педагагічныя кірункі і абноўленыя апостальскія пачынанні.

Шаноўныя свецкія вернікі, не падайце духам перад выклікамі нашага часу! Чэрпайце падтрымку з прыкладаў і праз пасрэдніцтва мучанікаў, сведчанне якіх стала «найвышэйшым увасабленнем Евангелля надзеі» (Апост. адгартацыя «Касцёл у Еўропе», 13; «Ecclesia in Europa»). Рабіце вашы сем’і сапраўднымі хатнімі Касцёламі, а вашы парафіі – сапраўднымі школамі малітвы і хрысціянскага жыцця. Вы, якія заваявалі свабоду коштам вялікіх пакутаў, не дазвольце, каб яна калі-небудзь абясцэнілася пагоняй за фальшывымі ідэаламі, што вынікаюць з карыслівасці, геданізму, нястрымнага спажывецтва, характэрнымі для большай часткі сучаснай культуры. Беражыце вашы багатыя хрысціянскія традыцыі, супраціўляйцеся спакусе выдаліць Бога са свайго жыцця ці звесці веру да асобных і павярхоўных жэстаў ці праяваў. Вы – «новыя» мужчыны і жанчыны. Няхай жа ваш позірк, скіраваны на рэальнасць, будзе позіркам, прасветленым вераю і вучэннем Касцёла.

5. Няхай вашы Касцёлы аддадуць належную ўвагу неабходнасці садзеяння «духоўнай прыналежнасці, (каб яна) стала выхаваўчым прынцыпам усюды, дзе фармуецца чалавек і хрысціянін» (Апост. пасланне Novo Millennio ineunte, 43). А значыць – у дыяцэзіях, парафіях, сем’ях і грамадстве. Гэта духоўнасць асаблівым чынам заклікае да абнаўлення экуменічных абавязкаў. Належна выхаваныя свецкія вернікі, заўсёды паважаючы свабоду, у братэрскай любові, дыялогу і супрацоўніцтве могуць адкрыць шлях да хрысціянскага адзінства, што і значыць «ісці разам да Хрыста». Тут я хацеў бы зноў звярнуць вашу ўвагу на прыклад мучанікаў, сведчанне веры якіх стала агульнай спадчынай розных хрысціянскіх Касцёлаў і з’яўляецца больш пераканальным, чым прычыны падзелу (пар. Апост. пасланне Novo Millennio ineunte, 37). Вы пакліканыя сведчыць аб Хрысце разам з усімі братамі-хрысціянамі, дзе б вы ні жылі і ў якіх справах вы б ні супрацоўнічалі. Любоў Хрыста залечвае раны, знішчае недавер, рыхтуе шляхі для еднасці. Няспынна маліцеся, каб тое, што здаецца немагчымым для чалавечай логікі, Бог зрабіў магчымым сваёю магутнаю дапамогаю, – г.зн., каб здзейсніўся наказ Яго Сына: «Няхай будуць усе адно» – «Ut unum sint» (Ян 17, 21).

6. У маім служэнні Намесніка святога Апостала Пятра, у якасці пілігрыма ў гэтым свеце, Бог даў мне магчымасць наведаць некаторыя з вашых краінаў. Я нашу ў сэрцы гэты надзвычайны вопыт шчырай гасціннасці, веры і адданасці. Толькі Божы Провід ведае, ці змагу я надалей працягваць свае пастырскія пілігрымкі па вашых благаслаўлёных землях. Сёння ў свае абдымкі прымаю разам з вамі ўсе народы, краіны і хрысціянскія супольнасці, да якіх вы належыце. Усіх вас даручаю Найсвяцейшай Панне Марыі, Маці Касцёла, Заступніцы хрысціянаў. З асаблівай пабожнасцю мы звяртаемся да Яе ў гэтым годзе, прысвечаным Ружанцу. Няхай жа Найсвяцейшая Панна выпрошвае ў свайго Сына ласкі, якія б ажыўлялі і падтрымлівалі адраджэнне вашых Касцёлаў і вашых краінаў. Жадаю Кангрэсу свецкіх католікаў Усходняй Еўропы шчодрага плёну, які адновіць абяцанні хросту перад Хрыстом. Усім вам, хто прымае ўдзел у Кангрэсе, ад усяго сэрца шлю маё асаблівае Апостальскае благаслаўленне, якое з радасцю распаўсюджваю на ўсіх вашых родных і ўсіх тых, каго вы сустрэнеце на сваім шляху вучняў Хрыста.

З Ватыкана,
4 кастрычніка 2003 г.