Запіскі з Кангрэсу свецкіх католікаў, які праходзіў 8–12 кастрычніка 2003 года ў Кіеве.

Кіеў сустрэў нас шчодрым сонейкам, у промнях якога ўрачыста й святочна ззялі купалы велічных старажытных сабораў, радасна прамяніліся восеньскай шматфарбнасцю знакамітыя кіеўскія каштаны ды клёны. Нас, беларускую дэлегацыю, прыветна сустрэлі на чыгуначным вакзале ўкраінскія католікі – маладая жанчына і пажылы мужчына. Кароткае знаёмства, абмен ветлівымі словамі, і на нас адразу дыхнула такімі блізкімі моўнымі праблемамі: мужчына з фарсістымі сівымі вусікамі намагаўся размаўляць па-польску, а маладзіца шпарка сыпала па-ўкраінску. Дзеля ветлівасці (і мы не лыкам шытыя!) сказаўшы колькі слоў мужчыну па-польску, мы незаўважна для сябе перайшлі на беларускую мову, і ўсе цудоўна зразумелі адзін аднаго — славяне!

Наша дэлегацыя – гэта восем чалавек з Беларусі: Крыстына Лялько, Алесь Жлутка, Францішак Сіўко, Караліна Ігнатовіч, сястра назарэтанка Стэла з Гародні і аўтарка гэтых радкоў. Пазней, ужо на кангрэсе, мы даведаліся, што ёсць і кіраўнік нашай дэлегацыі – біскуп Казімір Велікаселец.

Усе мы ехалі ў Кіеў на Кангрэс свецкіх католікаў Усходняй Еўропы, але ўжо сядаючы каля касцёла святога Аляксандра ў аўтобус, які павінен быў адвезці нас на месца правядзення кангрэсу, мы адчулі, што дыяпазон нашых сустрэч будзе значна шырэйшы: разам з намі ў аўтобус сядалі жанчыны з Сібіры, а побач чулася літоўская ды яшчэ нейкая незразумелая мовы.

Мы не паспелі нагледзецца на Кіеў – аўтобус павёз нас за ягоныя ваколіцы, у Азёрную пушчу, тую самую, у шыкоўных гмахах якой адпачывалі сабе за савецкім часам ды набіраліся сіл на далейшыя працоўныя дасягненні работнікі ЦК Кампартыі Украіны. Цяпер жа вось з’язджаюцца ды злятаюцца з розных куткоў былога СССР католікі. Дзівосныя вы, шляхі й планы Божыя!

Кангрэс адкрыў прэзідэнт Папскай Рады па справах свецкіх католікаў Яго Эмінэнцыя кардынал Джэймс Фрэнсіс Стаффард. Рабочыя мовы — украінская, руская, італьянская і ангельская, таму нам за гэтыя пяць дзён давялося даволі часта карыстацца слухаўкамі з сінхронным перакладам.

Зачытанае прывітальнае слова да кангрэсу Святога Айца Яна Паўла ІІ было сустрэта громам авацый. Яно нагадала пра адказнасць за нашае сведчанне Хрыстовай веры, значнасць падзеі, у якой мы бярэм удзел, пра нашу еднасць з Апостальскай Сталіцай і Святым Айцом, 25-гадовы пантыфікат якога на Пятровай Сталіцы ў кастрычніку святкаваў увесь свет. З удзячнасцю прыняла зала і прывітан- не прэзідэнта Украіны Леаніда Кучмы.

Два гады таму Украіна ўрачыста прымала Святога Айца Яна Паўла ІІ і, адчуваецца, тутэйшыя католікі ўсё яшчэ перажываюць значнасць тае знамянальнае падзеі. Выразна адчулася гэта і ў прамове кардынала Любаміра Гузара, вярхоўнага архіепіскапа для грэка- католікаў Украіны і мітрапаліта Львоўскага для католікаў лацінскага абраду кардынала Мар’яна Яворскага.

Падобныя кангрэсы, як зазначыў кардынал Джэймс Фрэнсіс Стаффард, ужо прайшлі ў розных краінах свету. Удзельнікі, як здаецца, добра разумеюць унікальнасць і адметнасць гэтае падзеі, бо ўсе мы яшчэ памятаем і, відаць, доўга будзем памятаць нядаўняе балючае і трагічнае мінулае Каталіцкага Касцёла ў нашых краінах, дзе верхаводзіў ды рабіў свае жорсткія справы ваяўнічы атэізм. Цяпер жа перад усімі намі стаіць агромністая задача – вярнуць побыту католікаў, як сказаў кардынал Любамір Гузар, хрысціянскую нармальнасць.

Як гэта зрабіць? Відавочна адно: калі гэтая праблема будзе хваляваць толькі нашае духавенства, а мы, свецкія католікі, будзем адно пасіўна назіраць ды ацэньваць, то вельмі ж марудна рушым наперад. А таму і наш кангрэс – патрэба часу, бо Каталіцкі Касцёл – найперш супольнасць тых, каго аб’ядноўвае адна вера. Сярод удзельнікаў кангрэсу былі свецкія людзі розных узростаў, нацыянальнасцяў, поглядаў і прафесій, а таксама біскупы, святары, законнікі і законніцы. І ўдвая радасна, што на кангрэсе прысутнічалі і рыма-католікі, і грэка-католікі. Дарэчы, тут мы сустрэлі двух беларусаў грэка-каталікоў – Яўгена Андросіка і Вячаслава Гарчакова.

Быць сведкамі Хрыста сёння... Гэтыя словы – дэвіз кангрэсу, а значыць, яны – найпершая і найвялікшая задача для сучасных католікаў. Другі дзень і пачаўся з абмеркавання гэтай праблемы.

Па дакладах Яго Эмінэнцыі кардынала Мілослава Влка «Місія Касцёла на пачатку трэцяга тысячагоддзя» і Яго Эксцэленцыі біскупа Станіслава Рылкі (на той час сакратара Папскай Рады па справах свецкіх, а цяпер ужо яе старшыні) «Будзеце Маімі сведкамі: час свецкіх» разгарэлася зацікаўленая дыскусія. І гэта зразумела, бо цяжка, да прыкладу, было заставацца абыякавымі на папрок біскупа Станіслава Рылкі ў тым, што ў многіх нашых краінах хрысціяне ніяк не выяўляюць сваёй пазіцыі ў грамадска-палітычным жыцці, не рэагуюць на балючыя праблемы сучаснасці, а многія ўспрымаюць сваю веру як прыватны факт. Па-беларуску гэта гучыць прыкладна так: мая хата з краю. Але час ідзе, і тая «хата», што яшчэ нядаўна была на ўзбочыне, цяпер можа апынуцца ў цэнтры падзей. «Сонны велікан» – так часам называюць свецкіх вернікаў у Касцёле. Балючае, але, на жаль, справядлівае вызначэнне, даў арцыбіскуп Рылка. Дык як жа разбудзіць гэтага велікана? Як прымусіць нашых сучаснікаў адчуць важнасць і прыгажосць таго, што яны хрысціяне? Як абудзіць у сучаснага хрысціяніна смеласць быць самім сабой у кожнай жыццёвай сітуацыі? Пытанняў шмат. «Але надзею на тое, што адказы будуць знойдзены, дае ўпэўненасць у галоўным, — сцвердзіў арцыбіскуп, — а менавіта ў тым, што мы, хрысціяне, патрэбныя свету. Бо ніхто, апроч Хрыста, не здольны надаць поўны і канчатковы сэнс чалавечаму жыццю».

Час пераследу Каталіцкага Касцёла ў былым СССР скончыўся, але ці азначае гэта, што разам з ім скончыліся і выпрабаванні нашай веры? Вядома, не. Ці ж не выпрабоўваецца наша вера цяпер атрыманай свабодай? Ці заўсёды сучасны хрысціянін задумваецца над тым, наколькі разумна ён выкарыстоўвае атрыманую свабоду? Ці заўсёды яна выкарыстоўваецца дзеля дабра бліжніх, Божай хвалы, дзеля вернасці Касцёлу? Хіба не многія з нас чуюць час ад часу нараканні на тое, што калі б менш дазвалялася, то і лепш было б, і спакайней жылося б, а хтосьці яшчэ адкрыта сумуе па жалезнай руцэ правапарадку...

Выпрабаванне свабодай... Ці вытрымаем? Больш за тое, ці зможам годна адказаць на няпростыя выклікі, якія кідаюцца Касцёлу пад самым розным выглядам? Ці заўсёды мы гатовыя абараніць Касцёл ад несправядлівых нападак? Ці заўсёды ў нас хапае адвагі быць самімі сабой, як патрабуе Хрыстус?

Круглы стол «Ад пераследу да свабоды: быць хрысціянінам сёння» даў адказы на многія пытанні. Праблема ўсведамлення людзьмі свабоды і яе выкарыстання дзеля дабра Касцёла абвострана паўстала ў многіх краінах. Шчыра кажучы, часта кожны з нас падобны да птушкі ў клетцы, дзверы якой раптоўна адчыніліся, а нявольніца так і не ведае, куды ёй ляцець. Мы, грэшныя, слабыя людзі, пакліканыя Богам да святасці, часта збочваем з Дарогі, адступаемся ад Праўды, сумняваемся ў Жыцці, якім ёсць сам Хрыстус. А што ж Касцёл Хрыстовы, які мае не толькі людскі, але і Боскі пачатак?

На Украіне грэка-каталіцкая Царква, выйшаўшы з падполля, смела й адкрыта заявіла пра сябе свету. І цяпер маладая ўкраінка, выступаючы на кангрэсе, з годнасцю сказала: »Я ганаруся тым, што належу да Царквы, якая заўсёды, нягледзячы на жорсткі пераслед, была ў маім народзе і застаецца з ім». Гэтак жа, як і яе пастыр, кардынал Любамір Гузар, які, адчуваецца, карыстаецца вялікаю павагаю і любоўю вернікаў. Побач развіваецца і мацнее Рыма-каталіцкі Касцёл. На Украіне плённа працуюць грэка-каталіцкае і рыма-каталіцкае выдавецтвы, выходзіць некалькі часопісаў і газет, літаратура для дзяцей.

Вярнуўся да нармальнага жыцця Каталіцкі Касцёл у Расіі, на Беларусі (ад імя беларускай дэлегацыі на кангрэсе выступаў Францішак Сіўко), у краінах Прыбалтыкі. Вядома, не ўсё ў нас і ў нашых суседзяў бясхмарна, яшчэ трэба шмат зрабіць дзеля таго, каб нашы хрысціянскія супольнасці жылі паўнакроўным жыццём, а кожны іх удзельнік мог быць спакойны за тое, што яго патэнцыял выкарыстоўваецца напоўніцу, і ў тую гадзіну, калі Хрыстус пакліча да сябе, чалавека не будзе спальваць сорам за сваю прыжыццёвую абыякавасць і бяздзейнасць.

Жывую цікавасць на кангрэсе выклікалі выступленні католікаў з Сібіры, Далёкага Усходу, краін Сярэдняй Азіі і Закаўказзя. Балюча кранулі словы каталічкі з Узбекістана: «Нашы з вамі праблемы ўсё ж такія розныя! Калі ў еўрапейскіх краінах былога СССР думаюць над праблемай правільнага выкарыстання духоўнай свабоды, то нас пакуль што клапоціць, як тую свабоду займець, бо хрысціяніну ў нас жывецца вельмі нават няпроста. А да таго ж яшчэ не зніклі, але абвастрыліся праблемы элементарнага фізічнага выжывання».

Цёпла было прынята выступленне ксяндза Вацлава Паплаўскага з Казахстана, які распавёў пра свой надзвычай пакручасты шлях да святарства. Сын выгнаннікаў з Украіны, якія ў часы сталіншчыны былі высланыя ў Казахстан, ён, як і большасць яго аднаверцаў з такім жа трагічным лёсам, збярог сваю веру і застаўся верным Хрысту і Касцёлу. Гэты чалавек стаў святаром толькі ў 52 гады, бо раней проста не меў магчымасці выехаць з Казахстана і паступіць у духоўную семінарыю. Але ён цярпліва маліўся, верыў і чакаў. І дачакаўся свабоды. А скончыў ксёндз Вацлаў, дарэчы, нашу гарадзенскую духоўную семінарыю. Ён стаў святаром і... адразу ж вярнуўся ў Казахстан, каб несці святло Евангелля сваім землякам, чые лёсы выгнаннікаў у большасці вельмі горкія.

Пазней, размаўляючы з ксяндзом Вацлавам і ягонымі сябрамі з Казахстана, я была ўражаная іх жыццярадаснасцю і аптымізмам. А ксёндз Вацлаў, даведаўшыся, што мы з Беларусі, прасіў перадаць прывітанне ўсім былым гарадзенскім семінарыстам, з якімі давялося разам вучыцца і якія цяпер ужо, як і ён, служаць Богу ў стане святарства. Таму, карыстаючыся нагодай і спадзеючыся, што наша маладое святарства чытае часопіс «Ave Maria», я і перадаю гэтае прывітанне з найлепшымі зычэннямі ўсім, хто ведае ксяндза Вацлава.

Дык як жа навучыцца карыстацца свабодай? «Мы яшчэ зусім маладыя, — нечакана сказаў на гэта Яго Эксцэленцыя арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, — усяго 10–12 гадоў, як мы свабодныя. Часам вопыт набываецца з цяжкасцю, мы набіваем гузакі, але мы абавязкова навучымся! Было б толькі жаданне».

У дакладзе «Удзел свецкіх католікаў у жыцці парафіі: літургія і сакраманты, абвяшчэнне Евангелля, сведчанне міласэрнасці» арцыбіскуп Кандрусевіч падкрэсліў неабходнасць выхавання ў вернікаў «sensus Ecclesiae» – «пачуцця Касцёла». «Гэта асабліва важна, — казаў арцыпастыр расійскіх каталікоў, — ва ўмовах посттаталітарызму, што пакінуў пасля сябе духоўную пустэчу і тып чалавека, якога вобразна называюць цяпер «гома савецікус». (...) Дык жа няхай не баяцца святары часцей звяртацца па дапамогу да вернікаў, пакліканых да апостальства ў абвяшчэнні Добрай Навіны... І няхай вернікі імкнуцца займець сапраўднае «пачуццё Касцёла», няхай яны маюць жаданне, уменне і гатоўнасць сваёй самаахвярнай і бескарыслівай службай актывізаваць працу парафій, дапамагаць святарам, без якіх Касцёл не мог бы заставацца верным сваёй місііі абвяшчэння Евангелля і штодзённага аднаўлення збаўленчай Ахвяры Хрыста».

Вельмі цікавым быў круглы стол «Апостальства свецкіх католікаў: перавагі і абавязкі. Духоўнасць: святасць у свеце». Яго вёў француз па паходжанні, які цяпер жыве і працуе ў Маскве, Жан Франсуа Ціры. Адметнай рысай гэтага круглага стала была, бадай што, нейкая гранічная шчырасць выступоўцаў, пачынаючы ад самога вядучага, чый аповед пра ўласны жыццёвы досвед і навяртанне нібы запрасіў да такой жа шчырасці і астатніх.

Што важней: гаварыць людзям пра Хрыста альбо сваімі ўчынкамі сведчыць пра Яго? Ці магчыма звычайнаму сучаснаму чалавеку стаць святым? Што рабіць для таго, каб наша вера была не чымсьці закасцянелым, але пастаянна абнаўлялася і пульсавала жыццём? Свабода: права гэта альбо абавязак чалавека? Як сучаснаму хрысціяніну перамагчы ў сабе сумную спадчыну таталітарызму – страх у сведчанні пра Хрыста?

Пытанні, пытанні, пытанні... Але знаходзяцца і адказы. Юры Юрчанка, да прыкладу, распавёў, як яны ў грэка-каталіцкай парафіі пад Харкавам практыкуюць хрысціянскае жыццё на ўзор суполак, спадкуючы досвед першых хрысціянаў, і як гэта бачыў у свой час айцец Аляксандр Мень. Ён падзяліўся ўласным досведам пра тое, як ён і ягоныя сябры адкрываюць для сябе жывога Бога ў чытанні Евангелля, а дакладней, у перажыванні яго, памятаючы, што кожнае слова Евангелля – гэта слова з вечнасці, слова Бога, звернутае да кожнага з нас.

Што значыць быць хрысціянінам у школе, ва універсітэце, на працы, у грамадскім жыцці? На гэтыя пытанні спрабавалі знайсці адказы іншыя выступоўцы.

Мабыць, не было ў зале ніводнае абыякавае душы, калі сваю кранальную гісторыю распавялі муж і жонка з Новасібірска (на жаль, мой дыктафон неразборліва запісаў іх прозвішча). Гэтыя людзі ўсынавілі хлопчыка Андрэйку з дзіцячага дома сясцёр маці Тэрэзы з Калькуты, а дзеці ў гэтым доме маюць самыя страшныя хваробы, яны самыя, калі можна так сказаць, адрынутыя нашым светам. Вядома, для таго, каб выгадаваць такога чалавека, трэба мець шмат мужнасці. Але, паколькі выпадак усё ж выключны, то без прамога ўмяшання самога Бога гэтыя людзі не дабіліся б жаданага выніку. Так лічаць цяпер яны самі. І так сталася, бо гэтыя адважныя людзі не пабаяліся смела даверыцца Хрысту праз маленькага калеку. Цяпер Андрэйку ўжо 17 гадоў. Ён вучыцца ў коледжы, гэта – нармальны, здаровы малады чалавек, якога яго новыя бацькі называюць кіпарысам, паводле слоў прарока Ісаі, якія яны прачыталі ў Бібліі ў тую цяжкую ноч, калі прынялі рашэнне пра ўсынаўленне. А словы тыя былі:»З цярноўніка вырасце кіпарыс». І ён вырас на радасць сваім бацькам ад Бога, і чуе ў душы покліч на Божую службу.

Такі вось прыклад дзеяння жывой веры, прысутнасці Бога ў жыцці чалавека. Часам яна, гэтая прысутнасць, бывае прыгожаю, часам незразумелаю, балючаю. Пра апошняе на наступны дзень кангрэсу сведчыў Яго Эмінэнцыя кардынал Казімір Свёнтак. Ён распавёў слухачам гісторыю свайго пакутлівага і надзвычай яркага, прыгожага жыцця. І зноў зала дыхала адным дыханнем, многія плакалі і не саромеліся слёз. Мы ж, беларусы, яшчэ й ганарыліся сваім пастырам, які здолеў не проста зберагчы веру, нягледзячы на суровыя выпрабаванні ў сталінскіх турмах ды лагерах, але і данесці яе да нашых сучаснікаў, узбагачаючы іх гэтым высокім дарам. Сведчанне кардынала Свёнтка стала найярчэйшым на кангрэсе, і нічога дзіўнага не было ў тым, што зала, стоячы, вітала арцыпастыра беларускіх католікаў. А ён зноў спяшаўся: ад’язджаў у Беларусь, каб літаральна назаўтра выехаць у Рым на святкаванне юбілею пантыфікату.

Адным з заключных момантаў кангрэсу стала набажэнства ў грэка-каталіцкай царкве айцоў базыльянаў, у часе якога прадстаўнікі ўсіх дэлегацый згадвалі сваіх мучанікаў і маліліся на родных мовах. На гэтай Божай службе гучалі ўкраінская, руская, беларуская, латышская, эстонская, літоўская, казахская, грузінская, таджыкская і іншыя мовы. І гучала гэта як «няхай усе будуць адно».

Так, нашы народы выцерпелі вельмі шмат, нашы Цэрквы — таксама, але ёсць біскупы, святары, законнікі і законніцы, свецкія вернікі. І на пачатку трэцяга тысячагоддзя існавання хрысціянства мы вызнаем сваю веру ва Укрыжаванага і Змёртвыхпаўсталага Хрыста. Гэтая вера дапамагае нам жыць у нашым бурлівым, такім няпростым свеце. Дзякуй за яе Пану Богу!

І апошняе, пра што не магу не сказаць. На кангрэсе шмат гаварылася пра неабходнасць даверу паміж святарамі і свецкімі.Удзельнікі нашай дэлегацыі былі цалкам згодныя з гэтым. Напэўна, калі б на Беларусі быў большы давер паміж святарствам і свецкімі вернікамі, то карысці ад гэтага было б таксама нашмат больш. А можа, і наша дэлегацыя тады была б проста лепш падрыхтаваная, і нашаму прадстаўніку не давялося б зачытваць на кангрэсе падрыхтаваны кімсьці загадзя тэкст. Кожны з нас мае свой досвед хрысціянскага жыцця, жыве праблемамі Касцёла на Беларусі. Дык ці ж мы самі не маем чым падзяліцца з іншымі? Ды гэта ўжо, як кажуць, справа мінулых дзён. Вось толькі б на будучыню мы навучыліся ўлічваць памылкі пройдзенага...

Закончыўся кангрэс свецкіх католікаў у касцёле святога Аляксандра, у Кіеве ўрачыстай Святой Імшой, якую цэлебраваў Яго Эмінэнцыя кардынал Джэймс Фрэнсіс Стаффард. Потым – кароткая экскурсія па сталіцы, наведванне Кіева-Пячорскай лаўры і ад’езд на радзіму.

А ў блакноце засталося некалькі адрасоў, візітовак, засталіся часопісы ды газеты з розных краін, захаваліся ўспаміны пра гэтую адметную падзею нашага жыцця. Шчаслівае, незвычайнае гэта адчуванне – нашая прыналежнасць да адзінага паўсюднага Каталіцкага Касцёла!

Ірына Жарнасек
Фота Караліны Ігнатовіч