Паўтара гады таму на гістарычным факультэце Віцебскага дзяржаўнага універсітэта імя П. Машэрава была ўведзена новая спецыяльнасць — тэалогія. Сёння яе асвойваюць 35 студэнтаў: 21 на першым курсе, 14 — на другім. Пра спецыфіку і клопаты навучання на аддзяленні, творчыя і навуковыя кантакты выкладчыкаў і студэнтаў з навучальнымі ўстановамі такога ці блізкага да такога профілю наша размова з дэканам факультэта, доктарам гістарычных навук, прафесарам Веніямінам Космачам.

—Веніямін Аркадзьевіч, раскажыце, як адкрывалася аддзяленне.

— Паўтара гады таму кіраўніцтва універсітэта атрымала дзве афіцыйныя паперы: адну — ад Патрыяршага Экзарха мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, другую — ад біскупа Віцебскай каталіцкай дыяцэзіі Уладзіслава Бліна — з просьбаю ўвесці ва універсітэце новую спецыяльнасць — тэалогія. Пасля адпаведнага разгляду абедзвюх просьбаў на рэктараце было вырашана зацвердзіць такую спецыяльнасць на нашым факультэце.

І сёння ў вас ужо 35 студэнтаў...

— Гэта, можа, і няшмат, але конкурс пры паступленні на аддзяленне немалы. Летась ён складаў 4,2 чалавекі на месца, сёлета — 2,5. Напэўна, на такім узроўні ён будзе трымацца і надалей, бо наш універсітэт — адзіны з 44 дзяржаўных вышэйшых навучальных устаноў Беларусі, які мае такое аддзяленне.

Колькі слоў, калі ласка, пра прынцып набору і спецыфіку працы.

— Прынцып набору просты: здаў паспяхова ўступныя іспыты па гісторыі, гісторыі найноўшага часу, беларускай або рускай мове, вытрымаў конкурс — і ты студэнт. Як правіла, учарашнія школьнікі трапляюць да нас у абітурыенты самастойна ці па рэкамендацыі адной з традыцыйных канфесій. Дарэчы, і падчас уступных экзаменаў, і ў сваёй працы са студэнтамі мы, вытрымліваючы літару закона, не аддаем перавагі ніводнай канфесіі. Спецыяльнасць жа — выключна свецкая, а галоўнае для нас — якасць навучання.

Але ж вы падтрымліваеце адносіны з канфесіямі?

— Безумоўна. І перш за ўсё — на ўзроўні агульнага клопату па забеспячэнні ўсё той жа якасці навучання. Зыходзячы са спецыфікі навучальных планаў і асобных прадметаў, што патрабуюць ад выкладчыка адмысловай падрыхтоўкі, мы запрашаем выкладаць іх спецыялістаў з ліку святароў. Сёння ў нас выкладаюць па тры духоўныя асобы як ад праваслаўнай, так і ад каталіцкай канфесій. Адзін з іх — вядомы навукоўца, доктар біблейскіх навук прафесар Андрэй Шэўціў.

Якая перспектыва чакае выпускнікоў аддзялення? Дзе яны змогуць прымяніць набытыя веды?

— Іх спецыяльнасць паводле дыплома будзе называцца так: «Тэолаг. Выкладчык тэалогіі». Нехта знойдзе сваё прызванне ў гісторыі рэлігіі, нехта ў тэорыі, нехта стане выкладчыкам у семінарыі ці нядзельнай школе, нехта — навукоўцам. Усё вырашаць асабістыя схільнасці і ўзровень падрыхтаванасці. Магчыма, хтосьці аддасць перавагу працы ў прэсе: у краіне выдаецца 16 рэлігійных газет і часопісаў. І там таксама патрэбныя добра падрыхтаваныя людзі.

Ці практыкуеце вы з мэтаю павышэння кваліфікацыі сваіх выкладчыкаў удзел у міжнародных канферэнцыях і ці маеце кантакты з замежнымі багаслоўскімі навучальнымі ўстановамі?

— Безумоўна. І не толькі практыкуем удзел, але і самі праводзім канферэнцыі. Так, штогод у нас праходзіць Міжнародная канферэнцыя, прысвечаная культурам краін Еўропы, падчас якой плённа працуе секцыя па праблемах Царквы, гісторыі Царквы і кананічнага права. На ўзроўні абмену досведам выкладання падтрымліваем добрыя кантакты з Варшаўскім каталіцкім універсітэтам. Летась на базе факультэта правялі цікавую канферэнцыю, звязаную з юбілеем Віцебскай праваслаўнай епархіі.

Нядаўна вы ў складзе дэлегацыі з Беларусі пабывалі ў Рыме. Што гэта была за паездка?

— Восем нашых выкладчыкаў і двое студэнтаў у складзе беларускай дэлегацыі з 37 чалавек па запрашэнні Экуменічнага фонда і Папскага універсітэта ў Рыме бралі ўдзел у канферэнцыі «Універсітэт і Царква ў Еўропе». У працы ўдзельнічалі прадстаўнікі 30 краін свету, а вынесеныя на абмеркаванне пытанні былі вельмі блізкія нам, бо датычылі нашай працы са студэнтамі: праблемаў тэалагічнай адукацыі, яе ролі ў сучасным грамадстве, удасканалення падрыхтоўкі студэнтаў і інш.

Ці сустракаліся вы з Папам Рымскім?

— Адзін з дзён (усяго іх было чатыры) канферэнцыя ладзілася ў летняй рэзідэнцыі Папы, і там ён на працягу 40 хвілін выступаў перад намі з лекцыяй. А пасля лекцыі, дарэчы, вельмі змястоўнай і цікавай, адбылася аўдыенцыя для 50 прафесараў у рангу дэканаў факультэтаў.

Як вы сябе адчувалі падчас яе? Як-ніяк сустракаліся з галавою Касцёла і дзяржавы...

— Трохі хваляваўся напачатку, але ў Папы дзівосная аура, ён вельмі прыцягальны чалавек. Я адчуваў сябе абсалютна свабодна, прывітаў яго па-беларуску, запрасіў прыехаць на Беларусь. А на наступны дзень адчуў такі прыліў сіл ад той кароткай размовы, што сам здзівіўся.

Вам як гісторыку, напэўна, і Рым было паглядзець цікава...

— Вельмі цікава. Пабачыць на свае вочы Калізей, дакрануцца да аркі Канстанціна, паблукаць па форумах, падзівіцца на будынкі Сената ды Пантэона — гэта ж і для кожнага чалавека, а для гісторыка тым больш — вялікае шчасце. А калі ўсяму гэтаму яшчэ спадарожнічае плённая пошукавая, навуковая праца, як падчас згаданай канферэнцыі, — шчасце ўдвайне.

І няхай яно натхняе вас і найдалей на творчыя, навуковыя і педагагічныя знаходкі. Поспехаў вам!

Гутарыў Франц Сіўко