Вацлава Куль — парафіянка гданьскай парафіі святога Яна Боскі. А нарадзілася яна ў Нясвіжы. Там жа, у старажытным горадзе Радзівілаў, употай брала касцёльны шлюб з сынам сасланага ў Комі АССР «кулака», там хрысціла (таксама ўпотайкі) абедзвюх дачок.

На сталае жыццё ў Польшчу пані Вацлава разам з мужам і дочкамі Элеанорай і Ірэнай прыехала ў 1962 годзе, маючы за плячыма дзесяць гадоў працы стаматолагам у Глыбокім. З таго часу жыве ў Гданьску.

У Віцебск Вацлава Куль прыехала да пляменніцы Валянціны Угорыч. Прыехала з пэўнаю мэтай — пазнаёміцца з сынам пляменніцы Максімам, клерыкам Пінскай міждыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі. Калі Максіму было паўтара гады, сястра Вацлавы і яе муж Юзаф сталі яго хроснымі бацькамі. Сама ж пані Вацлава хлопца ні разу не бачыла. І цяпер, пазнаёміўшыся з ім, гаворыць пра яго выхаванасць і тактоўнасць, дабрыню і ветлівасць. А яшчэ яна радуецца пераменам, дзякуючы якім усе лепшыя свае чалавечыя якасці юнак зможа без перашкодаў аддаваць людзям праз сваё Пакліканне.

Ф. Дубраўскі