У гэтым годзе група студэнтаў і выкладчыкаў Віцебскага дзяржуніверсітэта наведала Каталіцкую Вышэйшую народную школу ў шведскім горадзе Мальмё. Дзякуючы запрашэнню шведскага боку мы азнаёміліся з дзейнасцю гэтай адметнай навучальнай установы, а таксама з гісторыяй яе стварэння.

Школа адчынілася восенню 1992 г., неўзабаве пасля адкрыцця ў Мальмё (у 1990 г.) касцёла Марыі Святога Ружанца. Комплекс будынкаў з капліцаю, плябаніяй, актавай залай, сталовай, вучэбнымі класамі і кабінетамі тады так прыйшоўся даспадобы парафіянам, што многім захацелася тут працаваць. На той час у Стакгольме функцыянавала такая школа і вяліся дыскусіі пра яе філіял. У выніку было вырашана зрабіць гэта менавіта ў Мальмё, пры згаданым касцёле.

Асноўны кірунак у працы школы — дапамога імігрантам-бежанцам з краін, дзе адбыліся ці адбываюцца ваенныя, этнічныя, расавыя або міжканфесійныя канфлікты, у атрыманні паўнавартаснай адукацыі ў Швецыі. Адметнасцю школы з’яўляецца тое, што ў ёй можа атрымаць адукацыю і кожны швед. Школа прытрымліваецца рэлігійнага кірунку — яе наведвальнікі вывучаюць у ліку іншых прадметаў гісторыю рэлігіі, Евангелле.

Нам было надзвычай цікава пазнаёміцца з дзейнасцю гэтай навучальнай установы. Апроч Мальмё мы наведалі таксама Скорупскую Вышэйшую народную школу і адзін са старэйшых гарадоў Швецыі — Люнд з яго знакамітым універсітэтам і Домскім саборам ХІІ ст.

Усё гэта стала магчымым дзякуючы адміністрацыі Каталіцкай Вышэйшай школы Святой Марыі, за што мы ёй вельмі ўдзячныя.

Таццяна Сініца, г. Віцебск