Сёстры служабнічкі Найсвяцейшай Марыі Панны (слёнзкія) працуюць на Віцебшчыне з 2000 года. Сёння яны апякуюцца віцебскай парафіяй Езуса Міласэрнага і гарадоцкай Наведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі. У дзень малітвы за місіі Каталіцкага Касцёла на ўсёй зямлі абедзве парафіі наведала сястра супольнасці Канстанцыя Мэгер, якая дагэтуль дзесяць гадоў працавала ў Камеруне. Пра варункі місійнай дзейнасці ў гэтай далёкай афрыканскай краіне – наша інтэрв’ю.

— Калі ласка, сястра, скажыце колькі слоў пра Камерун.

— Камерун – краіна ў цэнтральнай Афрыцы. Яго насельніцтва складае каля 10 мільёнаў чалавек. Толькі 30% з іх – католікі, астатнія вызнаюць іслам, пратэстантызм або анімізм. Край перадусім сельскагаспадарчы, але ўраджайнасць тут вельмі нізкая з-за пастаянных засухаў. Людзі жывуць вельмі бедна. Надзіва, найчасцей задаволеныя жыццём, шчырыя і гасцінныя да такой ступені, што нават умудраюцца падзяліцца з іншымі сціплым харчам. Народ вельмі рэлігійны. Традыцыйна тут жыве вера ў духа продкаў, якому нязменна складаецца ахвяра. У хваробе або іншым няшчасці людзі найперш звяртаюцца па паратунак да чарнакніжнікаў, якія бяруць вялікія грошы, а дапамогі з замовы – часам ніякай. Тыя людзі, што прынялі хрысціянскую веру, да чараў у ліхую гадзіну не звяртаюцца.

Раскажыце трохі пра камерунскую сям’ю.

— Камерунская сям’я – вельмі шырокае паняцце. Зазвычай яна складаецца не толькі з бацькоў і дзяцей, але і з усіх сваякоў па крыві. Пасля смерці бацькі сям’я абавязкова пераходзіць пад апеку старэйшага брата, а жонка нябожчыка становіцца яго чарговаю жонкаю. Калі памерлы быў галавою цэлага сваяцкага клану, тады ўсе клопаты пра кожнага з яго членаў таксама пераходзяць да брата, ён нікому не можа адмовіць у падтрымцы – такая традыцыя.

Як даўно працуюць у гэтай краіне сёстры служабнічкі?

— З 1974 года.

І на чым грунтуецца праца?

— Найперш – на запаветах стварыцеля нашай супольнасці Эдмунда Баяноўскага, згодна з якімі сёстры штодзённа праводзяць харытатыўную, пастаральную, медычную працу – як правіла, сярод бедных людзей. Напрыклад, ствараюць асяродкі здароўя, наладжваюць вучобу па вядзенні гаспадаркі, катэхізуюць моладзь у школах і дарослых па месцы жыхарства. Вялікае значэнне надаецца падрыхтоўцы да Сакраманту Хросту. Выконваючы адзін з галоўных запаветаў нашага заснавальніка – клапаціцца пра дзяцей як найдаражэйшы скарб Езуса – сёстры займаюцца арганізацыяй школ з поўным утрыманнем для дзяцей-сіротаў ці проста абдзеленых лёсам. Такіх у Камеруне шмат. Дастаткова зазірнуць у традыцыйны камерунскі дом-хазу, каб сэрца зайшлося ад убачанага. Гэтулькі хваробаў, гэтулькі гора… І кожнаму хочацца дапамагчы, хоць нешта зрабіць, каб таго гора паменела. Аднаму лекаў дасі, другому рану апрацуеш, трэцяга накорміш. Усё гэта – штодзённы клопат сястры місіянеркі.

Цяжкі клопат…

— Нялёгкі. Але як бы цяжка, а часам і небяспечна ні было, атрымліваеш ад такой працы і задавальненне. Дапамога беднаму і галоднаму – хіба ж не галоўнае ў служэнні Богу?

У якіх яшчэ краінах працуюць сёстры служабнічкі слёнзкія?

— У Чэхіі, Нямеччыне, Францыі, Італіі, Канадзе. У вас, на Беларусі.

Цікава, а якім падалося сястры, у параўнанні з Камерунам, жыццё на Беларусі?

— О, што параўноўваць! Іншы клімат, іншае жыццё. Адно, што часам кідаецца ў вочы, — нізкі ўзровень культуры. Трохі ведаю пра пераслед веры ў атэістычныя часы і наўпрост звязваю тое негатыўнае, што пабачыла, з гэтым, а наогул беларусы мне вельмі спадабаліся. Жадаю вам усім поспехаў і моцы ў веры.

Запісаў Ф. Дубраўскі