Новапрэзбітэры, пасвячэнне якіх адбылося 27 верасня ў гродзенскай катэдры, нарадзіліся ў 1978 г. Усе шасцёра — выпускнікі Гродзенскай духоўнай семінарыі. Сёння хацелася б расказаць больш падрабязна пра аднаго з іх — кс. Валерыя Быкоўскага. Да святарскага пасвячэння ён служыў 2 гады дыяканам у гродзенскай фары, у Лідзе, у Белагрудзе, у блізкіх ад Гродна парафіях...

А пакуль вучыўся ў семінарыі, спяваў у гурце «Ave», спяваў у час Імшаў, у пілігрымках, на моладзевых спатканнях. Мае вельмі прыгожы голас. Дыякан Валера маліўся з вернікамі шчыра, ахвотна. Ён меў звычку ў свой вольны час прыйсці ў касцёл на Ружанец, незаўважна ўкленчыць і маліцца з ружанцовай супольнасцю. Перад Імшою дыякан Валера звычайна вучыў парафіянаў спяваць. Рыхтаваў дзяцей да Першай Камуніі. Адпяваў памерлых як сваіх родных: з вялікім смуткам і глыбінёю.

— Чаго вы так плачаце? — ціха запытала я ў стомленай суседкі на ўрачыстасці святарскага пасвячэння.

— А як жа не плакаць? Калі мая мама памерла, то хаваць яе прыехаў дыякан Валера. Ён спяваў і маліўся, а ўся вёска плакала. Нікога дагэтуль так прыгожа не адпявалі. Я так яму ўдзячна...

Мне падумалася тады: людзі шукаюць у вачах святара вочы Езуса. Але, на жаль, не ва ўсіх вачах знаходзяць нават спачуванне...

У Валеры Быкоўскага вочы поўныя любові. Людзі, якія палюбілі яго яшчэ падчас дыяканскай практыкі, імкнуліся выказаць гэтую любоў і падчас яго святарскага пасвячэння. Было шмат кветак, прыгожых удзячных словаў і светлых слёз радасці за яго і ягоных сяброў-новапрэзбітараў.

У Валеры Быкоўскага вялікая веруючая радня. Два старэйшыя браты і малодшая сястра маюць свае сем’і. Асабліва радавалася за ўнука бабуля Зося Казлоўская з вёскі Канюхі.

Валера нарадзіўся і вырас у Гродне, скончыў Ласаснянскую школу, у якой вывучаў таксама польскую мову. У касцёле Маці Божай Анёльскай хлопец служыў міністрантам. Я ні разу не бачы- ла яго ў дрэнным настоі, разгуб-ленага ці, не дай Бог, раздражнёнага. Сябры па семінарыі таксама яго любілі, ішлі за ім, як за лідэрам. Такая харызма гэтага хлопца.

Першая прыміцыйная Імша новапрэзбітара Валеры адбылася ў францішканскім касцёле 28 верасня. Гэты касцёл мае незвычайны арэол святасці. У галоўным алтары знаходзіцца гарэльеф Маці Божай Анёльскай у атачэнні анёлаў, каля Яе падножжа — авальны абраз святога Максіміліяна Кольбэ, які служыў у гэтым касцёле. Па баках — высокія скульптуры святых Францішка і Антонія, якім у касцёле прысвечаны асобныя алтары.

Францішканскі касцёл не зачынялі нават у самыя жорсткія часы пераследу. Пасля вайны ксёндз-мастак Аркадзь Вальтас (1916 — 1975 гг.) сам зрабіў рэстаўрацыю некаторых фрэскаў, выразьбіў шопку з рухомых фігураў, (кажуць, што яна захавалася, толькі яе трэба аднавіць). Пасля кс. Аркадзя ў францішканскім касцёле доўга працаваў кс. пралат Юзаф Трубовіч. У гэтай святыні дарастаў да свайго святарства новапрэзбітар Валера Быкоўскі. Ён называе сваімі духоўнымі настаўнікамі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, кс. Яна Тарэсына, кс. Юзафа Трубовіча, кс. Станіслава Садоўскага, кс. Яна Казлоўскага.

Дарогу на першую прыміцыйную Імшу яму ўсыпалі пялёсткамі кветак дзеці, дзяўчаты вялі маладога святара ў касцёл у вянку, звітым з барвенкаў. Новапрэзбітар Валера адпраўляў сваю першую Імшу ўсхвалявана і ўрачыста. У канцы дзякаваў Богу, прафесарам, бацькам, сябрам і вернікам, якія маліліся і моляцца за яго. Як вялікую Божую ласку я атрымала ў гэты дзень з яго чыстых рук Святую Камунію. Што большае мог ён зрабіць для беларускай паэткі?

29 верасня кс. Валера Быкоўскі меў прыміцыйную Імшу ў белагрудскім касцёле св. Міхала Арханёла на Лідчыне. Там быў адпуст, прыйшло шмат людзей, якія таксама з удзячнасцю памятаюць новапрэзбітара Валеру Быкоўскага з яго дыяканскай практыкі ў Белагрудзе...

Мне ўдалося задаць маладому святару некалькі пытанняў для нашага часопіса.

Ксёндз Валера, з якім пачуццём Вы выйшлі з касцёла пасля святарскага пасвячэння?

— Пачуццё такое, быццам змяніўся ўвесь свет. Выйшаў з касцёла зусім нехта іншы ў іншы свет.

Гэты новы свет падобны да неба ці да акіяна?

— Я не зразумеў яшчэ. Нібыта навокал тыя ж самыя людзі, але я іначай іх бачу, іначай да іх іду... Адразу навалілася на плечы вялікая адказнасць перад Богам і перад людзьмі.

Крыху страшна?

— Нас рыхтавалі ў семінарыі пераадольваць гэты страх. Асабліва на апошніх рэкалекцыях, перад пасвячэннем, духоўны айцец Андрэй Шчупал у Ішчолне вучыў нас пераадольваць усе сумненні. Але... сапраўды крыху страшна.

Сёння біскуп Аляксандр Кашкевіч назваў новапрэзбітара «другім Езусам». Як Вы ўспрынялі такое параўнанне?

— Біскуп усклаў на нашы галовы свае рукі і ўчыніў над намі харызматычны знак крыжа. Ён удзяліў нам сакрамант святарства і адказвае за нас перад Езусам. Ён мае права на самыя моцныя параўнанні. А мы іх павінны апраўдаць.

Ці ёсць ужо размеркаванне на працу?

— Яго Эксцэленцыя прапанаваў мне вучыцца ў Люблінскім каталіцкім універсітэце. Адразу пасля прыміцыйных Імшаў еду туды. Буду глыбей вывучаць гісторыю каталіцтва, тэалогію, філасофію і, калі ўдасца, хацелася б пабачыць больш каталіцкіх краінаў у Еўропе і ў свеце.

А як жа мы, вернікі, хто Вас так любіць і чакаў гэтага часу, каб атрымліваць сакраманты з рук ксяндза Валеры?

— Буду адведваць усіх вас на канікулах. Буду ў сваіх малітвах дзякаваць Богу за вашы ружанцы ў спрацаваных руках...

Данута Бічэль