«Трымаю Бога за руку», — так сказала пра сваё жыццё Маці Тэрэза ў адным з інтэрв’ю за некалькі месяцаў да смерці. Яна прызналася, што гэта — штодзённае, простае выконванне пажадання, пра якое ёй, яшчэ маладой дзяўчыне, гаварыла яе мама. Ніхто не сумняваўся ў тым, што пасля смерці Маці Тэрэза канчаткова паяднаецца з Богам: ужо пры жыцці яе лічылі святой. Кожны, хто хаця б аднойчы зазірнуў ёй у вочы, дакрануўся да яе рук, адыходзіў усхваляваны — яна свяцілася перад людзьмі святлом добрых учынкаў. Яе ведаў цэлы свет. Людзі розных веравызнанняў прасілі яе благаслаўлення. У ясным абліччы Маці Тэрэзы не было відаць слядоў цярпення, пра якое яна расказвала свайму духоўнаму настаўніку. Цяжка паверыць, што на працягу доўгіх гадоў яе акружала духоўная цемра, як гэта здаралася з многімі вялікімі святымі. Калі яна ляжала на смяротным ложы, над ёй чыталі малітвы аб вызваленні ад нападаў злога духа. Адзін з братоў Ордэна Місіянераў Любові, што ўзнік па ініцыятыве Маці Тэрэзы, прызнаўся, што часта разважаў пра тое, якіх намаганняў каштавала Маці заслужыць у Бога, каб у яе сэрцы хапіла месца для нас усіх...

Маці Тэрэза стала законніцай у 1928 г., тады ж яна пачала вучыць індыйскіх дзяўчынак геаграфіі і гісторыі. Кожны дзень яна бачыла людзей, якія паміралі на вуліцы і, зразумела, не магла заставацца абыякавай. «Немагчыма ўжо знайсці горшай беднаты», — пісала яна ў артыкуле для каталіцкай прэсы ў сваім родным горадзе Скап’е (тагачасная Сербія). Бог адказаў на яе цярпенні 10 верасня 1946 г. Менавіта тады ў перапоўненым цягніку, які ішоў у Дар’елінг, яна атрымала «пакліканне ў пакліканні», іншымі словамі, заклік да служэння ўбогім. Новы Ордэн Сясцёр Місіянерак Любові, заснаваны Маці Тэрэзай, аказаўся вельмі патрэбным у свеце.

З самага пачатку прадугледжвалася, што сёстры гэтага ордэна павінны жыць, як людзі, якім яны служаць, таму ў законных дамах місіянерак не было ніякіх выгодаў. Сёстры не мелі ні дываноў, ні абліцовак, не карысталіся пральнымі машынамі, сядзелі пераважна на падлозе, сяннікі ж на ложках прыкрывалі чыстымі мяшкамі з-пад пшаніцы. Іх заданнем была не барацьба з беднасцю праз сацыяльную ці медыцынскую дапамогу, але нясенне любові ўсім тым, каго не любяць, каго адкідваюць: жабракам, алкаголікам, прастытуткам, дзецям вуліцы, пракажоным. Маці Тэрэза кожнага чалавека прагнула адарыць любоўю і спагадай яшчэ да таго, як ён атрымае ежу і лекі, і пільна за гэтым сачыла, за што яе часта крытыкавалі. Маці Тэрэза ведала, што робіць. Любоў да ўсіх людзей дзеля Езуса патрабавалася ад кожнай сястры місіянеркі. Маці Тэрэза сама давала прыклад: яна, будучы ўжо ў шаноўным узросце і «на вяршыні славы», разам з іншымі сёстрамі драіла падлогі і мыла пракажоныя целы. Яна была патрабавальнай, але любячай маці. У ордэн прыходзіла ўсё больш новых сясцёр, але шмат і адыходзіла — маладыя жанчыны не вытрымлівалі суровых умоваў жыцця і працы. З цягам часу Маці Тэрэза змякчыла некаторыя пункты рэгулы ордэна (напрыклад, дазволіла сёстрам, калі яны бываюць у гасцях, прымаць большы пачастунак, чым толькі кубак вады).

Пра пачуццё гумару Маці Тэрэзы, а таксама пра тое, як яна трымала сябе з іншымі людзьмі, сведчаць словы, з якімі яна звярнулася падчас канферэнцыі, дзе вырашалася пытанне аб дапамозе галадаючым Эфіопіі, да аднаго з вядомых спевакоў: «Я не ўмею рабіць таго, што робіце вы, а вы не ўмееце рабіць тое, што я раблю. Аднак пакуль гэта будзе для нас ясна, Бог будзе трымаць нас у сваёй апецы».

У 1996 г., калі ў польскім Сейме вырашаўся лёс закону супраць абортаў, Маці Тэрэза ў драматычным закліку да палякаў прасіла: «Мае дарагія браты і сёстры ў Польшчы! Як вы ведаеце, я знаходжуся ў бальніцы, але, пачуўшы пра змены ў законе, якія цяпер абмяркоўваюцца ў Польшчы, адчуваю, што Бог хоча, каб я звярнулася да вас ад імя ненароджаных дзяцей. Жыццё — гэта найпрыгажэйшы дар Бога. Ён стварыў нас для вялікіх справаў — каб мы любілі і былі любімымі. Бог дае нам час на зямлі, каб мы пазналі Ягоную Любоў, каб мы адчулі Ягоную Любоў да глыбіні нашай сутнасці. (...) Бог у сваёй пакоры даў мужчыну і жанчыне здольнасць супрацоўнічаць з Ім у пераказванні жыцця. Якім бы ні быў Ягоны намер, нам нельга знішчаць яго альбо ўмешвацца ў гэты прыгожы Божы дар. Чаму сёння людзі баяцца маленькага дзіцяці? Ці не таму, што хочуць мець больш лёгкае, больш камфортнае, выгоднае жыццё? Ці не таму, што хочуць мець больш свабоды? Баяцца трэба адзіна парушэння закону Божага, таму што Бог у сваёй бясконцай і чулай любові прагне толькі нашага дабра, нашага шчасця, нашай любові. (...) Тым, што найбольш знішчае спакой у сучасным свеце, з’яўляецца аборт, бо калі маці можа забіць уласнае дзіця, што можа стрымаць цябе і мяне ад забівання адно аднаго? Самым бяспечным месцам на свеце павінна быць улонне маці, дзе дзіця найбольш слабае і безабароннае».

З такімі словамі Маці Тэрэза звярталася таксама да ўсяго свету. У сваёй першай вялікай прамове падчас уручэння Нобелеўскай прэміі міра ў 1979 г. яна звярнулася да каралёў, прэзідэнтаў, палітыкаў: «Сёння самай вялікай пагрозай для спакою ў свеце з’яўляецца аборт, бо гэта вайна непасрэдная, гэта забойства, учыненае рукамі маці».

На працягу ўсяго жыцця Маці Тэрэза паўтарала свой заклік: «Я звяртаюся да жанчын, якія хацелі б перарваць цяжарнасць, каб яны дазволілі дзіцяці нарадзіцца і аддалі яго мне».

На пытанне, адкуль у свеце столькі нянавісці, з-за якой узнікаюць войны і спрэчкі, Маці Тэрэза адказвала: «Людзі забыліся, што былі створаны для таго, каб любіць адзін аднаго, забыліся пра малітву. Самай горшай катастрофай для чалавека з’яўляецца не вайна ці землятрус, але жыццё без Бога. Калі няма Бога, то дазволена ўсё».

Аліцыя Высоцкая.
Пераклад з польскай мовы Т. Мухляды.