Дзіцячая вера ў Бога... Якая яна мілая і прыемная нашаму Нябеснаму Айцу! Яе сілу і значэнне нельга ўявіць напоўніцу. Згадаем словы Езуса Хрыста з Евангелля: «Сапраўды кажу вам: хто не прыме Валадарства Божага, як дзіця, той не ўвойдзе ў яго» (Мк 10, 13).
Бог Айцец прагне, каб кожны чалавек цалкам давяраў Яму, давяраў так, як малое дзіця давярае маці і бацьку. «О, як моцна Я люблю душы, якія Мне цалкам давяраюць. Я ўсё для іх зраблю», – такія словы Езуса Хрыста да святой Фаустыны (Дз. 294).
Сёння ў нашай рубрыцы «Жывая вера» мы раскажам некалькі кароткіх гісторый-сведчанняў той самай дзіцячай веры, якая акрыляе, умацоўвае, ратуе...

Крык у неба

Я з дзяцінства разумела, што Бог ёсць, – у сям’і пра гэта часта гаварылася, так што нейкія падмуркі веры ў душы існавалі. Але, калі падрасла, пра Бога забылася – час ваяўнічага атэізму вельмі спрыяў гэтаму. Атрымалася ў жыцці маім так, як у радках вядомага паэта-класіка: «Как мало пройдено дорог, как много сделано ошибок!» За некаторыя з іх я буду шкадаваць усё жыццё...

Пачатак 1990-х гадоў. «Адліга», адраджэнне, перабудова – гэтыя словы цешылі душу, якая даўно ўжо сумавала па свабодзе. Нарэшце надышлі перамены. Нарэшце людзям далі свабоду веравызнання. Памятаю, як вялася барацьба ў Мінску за Чырвоны касцёл, а потым і за катэдру. Святыні ўсё часцей і часцей вярталіся вернікам...

Менавіта ў гэты час я набыла ў адным з кніжных кіёскаў Евангелле ў малюнках. Да гэтага я мела вельмі аддаленае ўяўленне пра Езуса Хрыста. Чытала яркую кніжку з захапленнем, а малюнкі дапамагалі лепшаму ўспрыманню. У самым канцы Евангелля была малітва – зварот да Езуса Хрыста. Дакладна ўжо не памятаю тых слоў, але сутнасць такая: я веру ў Езуса Хрыста, прызнаю Яго сваім Збаўцам і Адкупіцелем і прашу дапамогі на шляху да Бога...

Памятаю, з якой радасцю я чытала тую малітву! Але мне тады падалося, што Езус мяне не чуе. Я пайшла на кухню, адчыніла вакно і крычала ўсе тыя словы ў неба. Цяпер я разумею, які па-дзіцячы наіўны быў той жэст 33-гадовай жанчыны. Але для Пана Бога – вельмі мілы. Грэшнае маё жыццё паволі стала змяняцца. Бог пасылаў мне патрэбную літаратуру, патрэбных людзей, дзякуючы якім я прый- шла ў касцёл. Тую Айцоўскую любоў і апеку я адчуваю пастаянна, як кажуць, і ў радасці, і ў горы. На жаль, бяда, гора, непрыемнасці нікога не мінаюць у гэтым жыцці, але з верай у Божую любоў і міласэрнасць, з Яго святой Айцоўскай дапамогай усё пераносіцца інакш. Як кажуць мудрыя людзі: «Каго Пан Бог любіць, таму крыжык дае».

Я вельмі ўдзячная Міласэрнаму Добраму Богу за ўсе ласкі, якія я атрымала і атрымліваю ў сваім жыцці. Няхай жа будзе заўсёды праслаўлёны Езус Хрыстус, сапраўдны Бог і Чалавек сапраўдны!

Тэрэса ЦІМІНА

Надзея...

Гэта гісторыя адбылася па дарозе да Будслава. У пешай пілігрымцы да Маці Божай Будслаўскай сярод іншых вернікаў ішла маладая жанчына – Надзея. Яна зусім нядаўна прыйшла да веры. Прыйшла праз боль і жудасную трагедыю. Злоўжываючы алкаголем, яна страціла свайго 4-гадовага сына. Ён загінуў у агні, калі здарыўся пажар у іх кватэры. П’яная маці ў гэты час моцна спала.

Хлопчыка выратаваць не ўдалося, а вось Надзею дактары выцягнулі амаль з таго свету. Пра шлях да Бога гэтай гаротнай жанчыны, якая ўсё сваё дзяцінства правяла ў доме для сіротаў, можна пісаць вельмі шмат. Вось толькі адзін момант яе па-дзіцячы сапраўднай веры.

Хто ішоў пехатою да Будслава, памятае тое месца, дзе кожны пілігрым павінен узяць камень як сімвал сваіх грахоў і несці яго некалькі кіламетраў. Потым усе камяні скідваліся ў кучу і на іх ствараўся своеасаблівы алтар для адпраўлення Святой Імшы. І вось ксёндз не без ценю жарту аб’явіў, каб усе ўзялі камяні, якія б адпавядалі цяжару нашых грахоў. Мы кінуліся па каменне. Я глянула на аслупянелую Надзею – увесь яе выгляд выказваў страх і бездапаможнасць. Пытаюся: «Што здарылася?» Чую: «Я ж нават не падыму той камень, які будзе адпавядаць маім грахам». Слёзы каціліся па яе твары. Усе, хто знаходзіўся побач, тлумачылі, што гэта жарт і нашы камяні сімвалічныя, але яна ўсё роўна знайшла самы вялізны і гераічна несла яго ўвесь шлях. У касцёле вёскі Даўгінава, перад самым Будславам, Надзя зноў заплакала, але гэта былі слёзы шчасця. Яе твар свяціўся такой радасцю, што мы зноў запыталі: «Што здарылася?» «А няўжо вы нічога не бачылі?» – адказала яна пытаннем на пытанне. Мы паціснулі плячыма. Яна ўсміхнулася: «Фігурка Маці Божай ажыла. Яна глядзела на мяне жывымі прыгожымі вачыма і ўсміхалася. У глыбіні душы я пачула словы, што Яна мяне моцна любіць»...

Вядома ж, ніхто з нас у гэтым і не сумняваўся.

Г. К.

Падрыхтавала Галіна ГОРСКАЯ.

Ад рэдакцыі: Мы запрашаем вас, дарагія чытачы, да актыўнага ўдзелу ў нашай рубрыцы «Жывая вера». Чакаем вашых сведчанняў. Памятайма, што яны могуць камусьці вельмі дапамагчы.