Сям’я, і не толькі хрысціянская, асацыявалася з даўніх часоў з дзецьмі. Нават корань гэтага слова ў многіх славянскіх мовах нясе непараўнальна адметны сэнс – «сем «я». Але з цягам часу сэнс гэтага слова змяніўся. Сёння называюць сябе сям’ёй, напрыклад, тыя, хто не мае дзяцей, бо не хоча іх мець, ужываючы ўсе варыянты кантрацэптыўных сродкаў. Альбо нават і так бывае: фотаздымак у адным з часопісаў, дзе муж, жонка і сабака. Унізе подпіс: «Сям’я». Ці не здзек гэта?! Балюча і крыўдна, што здараецца такое часта і з веруючымі людзьмі.

Неяк у адным з касцёлаў Мінска я назірала такую карціну. Катэхетка пажартавала з маладымі людзьмі: «Калі вы думаеце мець менш за трох дзетак, мы вас не павянчаем». На наступны дзень на заняткі ніхто не прыйшоў. І, як правіла, размова з гэтымі «сем’ямі» заканчваецца нічым. Яны не хочуць разумець, што, свядома адмаўляючыся нарадзіць чарговае дзіця, грашаць і грашаць сур’ёзна.

Але, на шчасце, нават з такіх сумных правілаў ёсць выключэнні. Ёсць людзі, у тым ліку і ў нашай жодзінскай парафіі, якія не пабаяліся цяжкасцяў, не прамянялі шчаслівы дзіцячы смех на лішні грош у кішэні.

Уладзімір і Людміла пазнаёміліся студэнтамі ў інстытуце. Да вяселля сустракаліся тры гады і не думалі, што калісьці галоўным дасягненнем сумеснага жыцця будуць чацвёра дзяцей. Адзін за адным нарадзіліся трое старэйшых – Антон, Крысціна і Кірыл. Тады іх бацькі яшчэ не былі практыкуючымі католікамі і прайшлі цярністы шлях да вянчання і жывой веры. І вось два гады таму, перад самым Вялікаднем, у сям’і Бойкаў нарадзілася маленькая Каралінка.

Безумоўна, матэрыяльна сям’і нялёгка, але ва ўсе часы гадаваць дзяцей было справай цяжкай, але ж пачэснай, бо адным з галоўных Божых дароў на зямлі з’яўляецца дар жыцця. А звязаныя з дзецьмі цяжкасці заўсёды ўзнагароджваюцца радасцю, бо, як кажуць мудрыя людзі, дзіця мае не толькі рот, але і сэрца, якім любіць бацькоў. Сям’я Бойкаў гэта добра разумее і з вялікім даверам да Бога годна нясе свой няпросты сямейны крыж.

Другім прыкладам сапраўднай любові і цярплівасці з’яўляецца сям’я Дубеняў. Здаўна у народзе лічыцца, што апора сям’і – мудрая і клапатлівая жонка і маці. Нездарма ў старажытнасці нашыя продкі называлі сваіх жонак «берагінямі».

Леанарда нарадзілася ў в. Ліпнішкі Іўеўскага раёна і з дзяцінства хадзіла ў касцёл. Але, як часта бывала ў савецкі час, з’ехаўшы з бацькоўскай хаты і сустрэўшы любімага хлопца, яна не змагла ўгаварыць яго на касцельны шлюб. У іх нарадзілася трое хлапчукоў – Павел, Алесь і Дзмітрый. Разам з дзецьмі Леанарда хадзіла ў касцёл, але нечага не хапала для душэўнага спакою. На працягу дзесяці гадоў гэтая жанчына малілася Богу, каб Ён дапамог ёй прывесці ў касцёл мужа. І вось у 1997 годзе яны, нарэшце, узялі шлюб. Вядома, што, выпрабоўваючы чалавека на вернасць, Пан Бог часам ставіць яго ў цяжкія сітуацыі. Для сучаснай жанчыны кожная цяжарнасць – гэта вялікае выпрабаванне. Асабліва, калі табе ўжо пад сорак, а старэйшы сын заканчвае школу. Леанарда таксама вельмі доўга перажывала, але не здрадзіла Пану Богу, не пайшла на аборт. І вось у першы дзень красавіка з Божай дапамогай на свет з’явілася доўгачаканая дачушка Волечка.

Ідзе дзіцячая Імша ў жодзінскім касцёле. Азіраюся і радуюся: як многа дзяцей ў святыні! Усё больш хрысціянскіх сем’яў становіцца шматдзетнымі. Можа, гледзячы на іх, нехта таксама адважыцца на яшчэ адно дзіцятка...

Іна ЯРОШКА, г. Жодзіна