Да 25-годдзя пантыфікату Святога Айца Яна Паўла ІІ

Заканчэнне.
Пачатак

30. Прывітанне носам
—Вось мітра для Папы, — сказаў Святы Айцец маладым папуасам, калі тыя прынеслі яму шапку з пер’яў, наверсе якой быў крыж. Папуасы падрыхтавалі для Папы яшчэ больш неспадзяванак. Калі ён у малым гарадку Новай Гвінеі, размешчаным на вышыні 2 тысяч метраў над узроўнем мора, прамовіў да сабраных на іхняй мове, то ў адказ пачуў песню... па-польску.
А былі і іншыя неспадзяванкі. Напрыклад, вітаючыся аднаго разу з эскімосамі, ён на поўным сур’ёзе пацёрся носам аб нос галавы дэлегацыі. Ну а што ж рабіць, калі ў эскімосаў такое прывітанне лічыцца самым сардэчным?
Не спужаўся Папа і тады, калі пад адным з касцёлаў у Афрыцы ён убачыў... вялізнага пітона (яны аточаныя ў гэтай краіне вялікай пашанай). А ў Камеруне яму падалі сумніўнай чысціні ваду на прывітанне, і ён, не вагаючыся, выпіў яе.

31. Як пачуваецца сабачка?
Каб быць вялікім чалавекам, трэба ўмець смяяцца з самога сябе. Папа ўмее гэта рабіць.
Калісьці адзін з ватыканскіх пралатаў вырашыў вывучыць польскую мову, але навука не вельмі яму давалася. Аднойчы ён пераблытаў і замест таго, каб запытаць, як адчувае сябе Папа, запытаў, як адчувае сябе пёс. Папа падумаў-падумаў і адказаў: «Гаў-гаў!»
Пачуццё гумару не здраджвала Святому Айцу ў самых розных сітуацыях. Не здраджвае яно яму і цяпер, калі ён так моцна хварэе. Але будзем памятаць, што найлепшым падарункам яму да срэбранага юбілею пантыфікату будзе наша за яго малітва, да якой мы і запрашаем усіх чытачоў—дзяцей і дарослых.

Пераклад Ірыны ЖАРНАСЕК