Пілігрымка з Беларусі ў Рым на святкаванне ўрачыстасці 25-годдзя пантыфікату Яна Паўла іі распачалася 12 кастрычніка 2003 года Святой імшой у гродзенскай катэдры. Цэлебраваў Св. імшу ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Аляксандр Кашкевіч разам са святарамі, якія выязджалі з пілігрымкаю. Пасля імшы біскуп благаславіў пілігрымаў і акрапіў іх свянцонаю вадою.

Пасля імшы на плошчы каля катэдры пілігрымы селі ў аўтобусы. Усяго з Беларусі адправілася 10 аўтобусаў, на якіх падарожнічала 450 чалавек, з іх 429 свецкіх, адзін біскуп (дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзі Антоні Дзям’янка), 14 ксяндзоў, 1 брат, 5 сясцёр законных.

На першы прыпынак мы спыніліся ў польскім горадзе Тыхі, дзе нас прынялі ў парафіі святога Крыштафа. У парафіяльным касцёле адбылася Св. імша для пілігрымаў з Беларусі (яе цэлебраваў біскуп Антоні Дзям’янка з беларускімі ксяндзамі). Пасля Св. імшы мясцовы пробашч расказаў пра гісторыю парафіі і касцёл у Тыхах, а потым гасцінна запрасіў усіх пілігрымаў падсілкавацца.

Наступны прыпынак быў ужо на начлег ў чэшскім горадзе Брно. З Брно мы выехалі раніцаю і накіраваліся ў Аўстрыю. Побач з Венай, на гары ў касцёле святога Станіслава, для нас адбылася Св. імша. З пляцоўкі за касцёлам адкрываўся прыгожы венскі пейзаж... Потым была кароткая экскурсія па Вене. Мы наведалі катэдру і Чумны слуп. Шкада было развітвацца з Венай, бо за кароткі час немагчыма агледзець усе славутасці горада, але чакала італія і трэба было спяшацца.

Пасля начнога пераезду мы спыніліся ў Асізі, горадзе, дзе жыў, заснаваў манаскі ордэн і памёр святы Францішак. Прыехалі ў Асізі вельмі рана, таму ахвотныя маглі пахадзіць па начных вулачках гэтага старажытнага горада. Амаль з першымі промнямі сонца мы выйшлі з малітоўнай працэсіяй – ад аўтобуснай пляцоўкі да базылікі святога Францішка. Кусташ базылікі пазнаёміў нас са святыняю і дазволіў цэлебраваць Св. імшу для беларусаў у старажытнай святыні, пабудаванай над гробам святога Францішка. Пасля імшы мы спусціліся ў дольную капліцу да гроба, каб ушанаваць рэліквіі святога Францішка. Перад ад’ездам з Асізі пілігрымы наведалі касцёл Маці Божай Анёльскай, пабудаваны на месцы смерці святога Францішка.

Вечарам прыехалі ў горад Ф’юджы, каля Рыма, дзе спыніліся на наступныя чатыры дні.

Раніцай 16 кастрычніка мы прыбылі ў Рым і адразу накіраваліся ў Ватыкан, на сустрэчу са Святым Айцом. Сустрэча адбылася ў Аулі Паўла VI, запоўненай пілігрымамі з розных краін свету. Мы шчыра віталі Папу. У канцы ўрачыстасці кардыналы, сярод якіх быў і кардынал Казімір Свёнтэк, віншавалі Святога Айца з юбілеем пантыфікату.

Пасля заканчэння ўрачыстасці ў Аулі і да пачатку ўрачыстай Святой імшы на плошчы святога Пятра мы наведалі базыліку святога Пятра.

Вечарам на плошчы святога Пятра, перад базылікай, адбылася урачыстая Святая імша з нагоды юбілею пантыфікату Святога Айца Яна Паўла іі. Уся плошча была запоўнена людзьмі, якія прыехалі з усіх краін свету. Было прыемна, што ў натоўпе выдзяляліся плакаты пілігрымаў з Беларусі. Скончылася імша ўжо пасля заходу сонца, і мы раз’ехаліся па сваіх гатэлях, поўныя уражанняў ад падзеяў дня.

Наступнай раніцай, 17 кастрычніка, беларускія пілігрымы выправіліся на Монтэ-Касіна, дзе знаходзяцца дзве хрысціянскія святыні: кляштар святога Бенедыкта і могілкі польскіх жаўнераў часоў Другой сусветнай вайны. Спачатку мы наведалі кляштар і касцёл святога Бенедыкта, а потым, спусціўшыся на могілкі, ушанавалі памяць польскіх жаўнераў, сярод якіх шмат выхадцаў з Беларусі, ускладаннем кветак і чытаннем Вяночка да Божай Міласэрнасці. Там жа адбылася Святая імша, у якой удзельнічалі, апрача беларускіх пілігрымаў, пілігрымы з Канады і Польшчы.

Наступны дзень быў цалкам прысвечаны Рыму. Ён пачаўся з наведвання катакомбаў святога Калікста, дзе першыя хрысціяне хавалі сваіх памерлых – тут была пахавана святая Цэцылія, іншыя святыя, першыя Папы.

Потым мы наведалі базыліку святога Паўла за мурамі, дзе не толькі дзівіліся велічы святыні, але і памаліліся каля гроба святога Паўла.

Наступным прыпынкам для нас стала базыліка Маці Божай Снежнай, у якой знаходзіцца яе цудоўны абраз, каля якога кожны пілігрым меў магчымасць скласці прыватную малітву.

Базыліка святога Яна на Латэране таксама гасцінна прыняла беларускіх пілігрымаў. Мы мелі магчымасць таксама падняцца па Святых Сходах...

Дзень скончыўся Святой імшой у касцёле Маці Божай Нястомнай Дапамогі, якую цэлебраваў ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Аляксандр Кашкевіч.

Наступнай раніцай, 19 кастрычніка, мы адправіліся на плошчу святога Пятра ў Ватыкане, дзе адбылася Святая імша, прысвечаная беатыфікацыі Маці Тэрэзы з Калькуты. Усе ахвотныя трапіць на ўрачыстасць, а іх было больш за 300 тысяч, не змясціліся на плошчы і стаялі на ўсім працягу вуліцы дэлля Кончыляц’ёнэ. Вельмі шмат было пілігрымаў з індыі, краін Лацінскай Амерыкі, дзе працуюць сёстры з кангрэгацыі, заснаванай Маці Тэрэзай, а таксама пілігрымаў з Албаніі, Чарнагорыі — землякоў маці Тэрэзы.

Пасля імшы мы працягвалі знаёміцца з святынямі Рыма: наведалі Пантэон, касцёл іль Джэзу, касцёл Маці Божай Анёльскай і іншыя святыні.

У езуіцкім касцёле святога ігнацыя Лаёлы для некаторых беларускіх груп адбылася апошняя ў Рыме Святая імша, пасля якой ксёндз Міхал асвяціў нашы памяткі, абразікі, медалікі. Мы наведалі руіны старажытнага Рыма (Форум Раманум) і Калізей, дзе першыя хрысціяне прымалі пакутніцкую смерць.

Вечарам мы выехалі з Рыма ў Венецыю, якая сустрэла нас раніцай 20 кастрычніка дажджом, але гэта не сапсавала настрою, тым больш што Святая імша для нас павінна была адбыцца ў самым прыгожым касцёле Венецыі — базыліцы святога Марка, у якой захоўваюцца рэліквіі апостала. Пасля кароткага знаёмства з горадам сабраліся ў базыліцы, дзе нас сардэчна вітаў яе кусташ, які расказаў пра гісторыю святыні.

Пасля імшы ў базыліцы мы развіталіся з Венецыяй і з малітвамі падзякі за цікавую вандроўку накіраваліся да дому. Праехалі праз Аўстрыю, на начлег спыніліся ў Чэхіі, адтуль накіраваліся ў Польшчу, завіталі да Маці Божай Чэнстахоўскай (нашы ксяндзы адправілі там Святую імшу).

Далей шлях вёў на радзіму, у Беларусь, якая сустрэла сваіх дзяцей першым снегам...

А. Глекаў.

Прапануем Вашай ўвазе фотахроніку гэтай пілігрымкі,
якая змашчая каля 200 высокаякасных здымкаў.