19 кастрычніка 2003 г., у прысутнасці 300 тысяч вернікаў, сабраных на плошчы Св. Пятра ў Ватыкане, Ян Павел іі беатыфікаваў Маці Тэрэзу з Калькуты.

Заснавальніца закону Місіянерак Любові з’яўляецца 1315-ю благаслаўлёнаю, абвешчанаю Святым Айцом за 25 гадоў пантыфікату.

З просьбаю аб беатыфікацыі Маці Тэрэзы да Папы звярнуўся арцыбіскуп Калькуты Лукас Сікар SDB, які нагадаў біяграфію новай благаславёнай.

Прамаўляючы беатыфікацыйную формулу, Папа абвясціў, што з гэтага часу Маці Тэрэза будзе ўшаноўвацца ў Касцёле «ў дзень яе народзінаў для неба», г. зн. 5 верасня — у дзень смерці благаславёнай (памерла ў 1997 г.).