У 25-ю гадавіну свайго пантыфікату, 16 кастрычніка, у перапоўненай Аулі Паўла VI у Ватыкане, Ян Павел ІІ падпісаў Апостальскую адгартацыю Pastores gredis («Пастыры аўчарні»), прысвечаную службе і заданням біскупаў у Касцёле.

(Гэта адгартацыя — своеасаблівы вынік працы X Звычайнага Сходу Сіноду Біскупаў, які адбываўся ў Ватыкане з 30.09 да 27.10.2001 г. пад назваю «Біскуп — слуга Евангелля Езуса Хрыста для надзеі свету»).

Урачыстасць падпісання 15-й па ліку адгартацыі сабрала ўсіх прысутных у Рыме кардыналаў, патрыярхаў усходніх Каталіцкіх Касцёлаў, ватыканскіх іерархаў, некалькі сотняў біскупаў і тысячы пілігрымаў з усяго свету.

* * *
16 кастрычніка гэтага года адбылася ўрачыстая Св. Імша, прысвечаная 25-годдзю пантыфікату Святога Айца Яна Паўла ІІ, у якой удзельнічалі і пілігрымы з Беларусі.

«Яшчэ раз прашу, дапамажыце Папу і ўсім тым, хто прагне служыць Хрысту, служыць чалавеку і ўсяму чалавецтву», — звярнуўся Святы Айцец да сабраных на плошчы св. Пятра. І зноў, як 25 гадоў назад, 16 кастрычніка 1978 г., прагучалі незабыўныя словы: «Не бойцеся! Адчыніце дзверы Хрысту!». На гэты раз Папа дадаў: «Дазвольце Яму весці сябе. Даверцеся Яго любові!».

Падсумоўваючы сваю пастырскую паслугу намесніка св. Пятра, Папа сказаў, што дзве рэчы для яго самыя важныя: усведамленне Божай Міласэрнасці і клопат пра кожную згубленую авечку. Святы Айцец закончыў гамілію прыгожаю, глыбокаю малітваю: «Пане Езу Хрыстэ, адзіны Пастыр Твайго Касцёла, Табе аддаю ўвесь плён мае паслугі сярод гэтага люду: прабач усялякае зло, памнажай дабро — гэта Твая справа, і Табе аднаму належыць хвала. Давяраючы Тваёй міласэрнасці, Табе даручаю братоў і сясцёр, якіх Ты некалі аддаў пад маю пастырскую апеку. Захавай іх у любові, з’яднай у сваёй аўчарні і нястомна вядзі, каб не рассейваліся па свеце. Вазьмі на плечы слабых, вылечы няшчасных, ахоўвай моцных. Вазьмі ў апеку ўмілаваны Касцёл у Рыме і ўсе Касцёлы ва ўсім свеце. Атуляй святлом і моцаю Твайго Духу пастыраў, якіх Ты паставіў на чале свайго люду, каб яго асвячалі, навучалі і каб ім кіравалі. Няхай з запалам выконваюць сваю справу, каб набліжалася Тваё Валадарства. Праз рукі Марыі, умілаванай Маці, Табе аддаю сябе, мой сённяшні дзень і будучыню, каб я выканаў сваю паслугу так, як Ты таго прагнеш. Найвышэйшы Пастыр, будзь сярод нас, каб мы побач з Табою маглі бяспечна ісці да дому Айца. Амэн».

Папа Ян Павел ІІ прызначыў 30 новых кардыналаў.
Яны атрымалі з рук Папы чырвоныя кардынальскія піускі падчас чарговага кансісторыя, які адбыўся 21 кастрычніка 2003 г. Сярод кардыналаў 8 пралатаў Рымскай курыі, 19 арцыбіскупаў з розных краін свету і 4 святары.

Папа прачытаў дакумент аб прызначэнні новых членаў Калегіі кардыналаў з балкона сваёй бібліятэкі перад паломнікамі, якія сабраліся на плошчы перад базылікай св. Пятра ў Рыме 28 верасня. «Усе разам, выконваючы розныя служэнні, яны адлюстроўваюць паўсюднасць Касцёла, — заявіў пантыфік. — Мы даручаем новаабраных кардыналаў Найсвяцейшай Панне, просячы Яе мацярынскай апекі і заступніцтва ў іх працы ў Божым вінаградніку».

На сённяшні дзень Калегія кардыналаў налічвае 164 члены, з якіх 109 яшчэ не дасягнулі 80-гадовага ўзросту і маюць права голасу на будучым папскім канклаве. Пасля кансісторыя колькасць кардыналаў-выбаршчыкаў перавысіла ліміт, які складае цяпер 120 чалавек, што падчас пантыфікату Яна Паўла ІІ здаралася і раней.

Узнагарода
29 кастрычніка трое самых блізкіх супрацоўнікаў Яна Паўла ІІ біскупы Джэймс М. Харві, Станіслаў Дзівіш і П’еро Марыні атрымалі годнасць тытулярных арцыбіскупаў за заслугі перад паўсюдным Касцёлам. Яны атрымалі біскупскую сакру з рук Папы 19 сакавіка 1998г.

Кожны з іх займаў да гэтага часу важную пасаду ў найбліжэйшым атачэнні Святога Айца. Біскуп Дзівіш – асабісты сакратар Яна Паўла ІІ і другі прэфект Папскага Дома, суправаджае яго амаль 40 гадоў, з часу, калі ў 1966 годзе ён стаў капеланам тагачаснага кракаўскага арцыбіскупа. Пяць гадоў назад Святы Айцец надаў яму годнасць біскупа і прызначыў дапаможным прэфектам Папскага Дома (установы, якая адказвае за ўсе публічныя і прыватныя сустрэчы Папы).

4-гадовы амерыканец біскуп Харві, прэфект Папскага дому, паходзіць з Мілуокі ў Злучаных Штатах і з’яўляецца верным супрацоўнікам Папы ўжо шмат гадоў. Як прэфект Папскага Дому арцыбіскуп Нарві займаецца арганізацыяй папскіх аўдыенцый і сустрэчаў.

60-гадовы біскуп Марыні вядомы па тэлевізійных трансляцыях усіх папскіх урачыстасцяў, бо заўсёды знаходзіцца каля Святога Айца. Новапрызначаны арцыбіскуп паходзіць з паўночнай Італіі і лічыцца адным з галоўных экспертаў у галіне рэформы літургіі ў духу Другога Ватыканскага Сабору. З 1987 г. біскуп Марыні – цырымонімайстар папскай літургіі ў Літургічнай службе Вярхоўнага Пантыфіка.

Актуальнасць тамізму
Значэнне гуманістычнага тамізму ў Касцёле і хрысціянскага аптымізму, які абапіраецца на яго, прыгадаў і падкрэсліў Ян Павел ІІ у пасланні да ўдзельнікаў Міжнароднага кангрэсу тамістаў, які адбыўся ў Рыме пад лозунгам «Хрысціянскі гуманізм у трэцім тысячагоддзі». У ім удзельнічаў старшыня Папскай рады па справах культуры кардынал Пол Поўпард і старшыня Акадэміі і Таварыства, дамініканец а. Абелярдо Лабато ОР.

«Паводле слоў св. Тамаша, вілікага тэолага, якога таксама лічаць Doctora humanitatis, чалавечая прырода сама па сабе адкрытая і добрая. Чалавек па сваёй прыродзе capax Dei (успрымальны да Бога) створаны жыць у еднасці са сваім Творцам; ён – індывідуум інтэлігентны і свабодны, далучаны да супольнасці са сваімі абавязкамі і правамі; ён – звяно, якое злучае дзве вялікія часткі рэчаіснасці: матэрыяльную і духоўную, пры гэтым належачы на пэўных правах да адной і другой», – напісаў Папа. Ён прыгадаў, што душа – гэта форма, якая надае еднасць істоце чалавека і складае асобу. Як заўважае св. Тамаш, «у чалавеку ласка не знішчае прыроды, але вядзе да поўні яе магчымасці (gratia non tollit naturam, sed perficit)». «Тамістычны гуманізм, – падкрэслівае Святы Айцец, – аб’ядноўвае і ўмацоўвае тры вымярэнні таямніцы чалавека: антрапалагічнае, анталагічнае і тэалагічнае».

* * *
23 лістапада ў дыяцэзіі Беллюно распачнецца беатыфікацыйны працэс Папы Яна Паўла І. Альбіно Лучыяні (сапраўднае імя Папы) нарадзіўся і правёў першыя 46 гадоў свайго жыцця ў гэтых мясцінах, таму Апостальская Сталіца згадзілася, каб працэс адбыўся тут, а не ў Рыме, дзе Ян Павел І памёр 29 верасня 1978 года.

* * *
«Апостальская Сталіца патрабуе поўнай забароны кланавання чалавечых эмбрыёнаў», – сказаў яе пастаянны наглядальнік пры ААН арцыбіскуп Цэлестрыно Міглёрэ падчас пасяджэння працоўнай групы ААН у Нью-Ёрку, якая рыхтуе міжнародную канвенцыю аб забароне геннага кланавання.

Падрыхтавала К. Лялько