Рамановіч Таццяна,
парафія св. Казіміра, г. Стоўбцы

У такую пілігрымку трапіла ўпершыню і ўражанняў засталося столькі, што можна было б скласці кнігу. Але самае важнае, самае яркае, самае запамінальнае – ад нядзельнай Св. Імшы, падчас якой адбылася беатыфікацыя Маці Тэрэзы з Калькуты. Уся Св. Імша была незвычайная. Спачатку думала, што толькі я адна такая ўзрушаная, так перажываю, але калі паглядзела па баках, то ўбачыла, што ва ўсіх слёзы на вачах. Прамільгнула думка, што гэта атмасфера і гэта ласка быццам бы вымывае з нас нашы грахі, нашы дрэнныя думкі, учынкі, робіць нас чысцейшымі. Хочацца верыць, што гэта ў нас застанецца, будзе ўмацоўвацца, і мы зможам прыкладам свайго жыцця несці слова Божае да людзей.

Якіменка Вольга,
парафія Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, г. Мінск

Я дзякую Богу за нашага Святога Айца Папу Яна Паўла ІІ, за магчымасць пабываць у гэтай пілігрымцы, прысвечанай 25-годдзю пантыфікату. Гэта сапраўдная ласка, падораная нам, яе ўдзельнікам. Толькі ўявіце: мы прысутнічалі на агульнай аўдыенцыі з Папам Рымскім у Аулі Паўла VI, на Св. Імшы, якая цэлебравалася 16 кастрычніка ў шэсць гадзін вечара, якраз у той час, калі 25 гадоў таму кракаўскі кардынал Караль Вайтыла быў абраны Папам Рымскім. Нам пашчасціла ўдзельнічаць у Св. Імшы, на якой адбылася беатыфікацыя Маці Тэрэзы з Калькуты. Акрамя таго, мы наведалі вельмі шмат святых мясцінаў, святыняў з рэліквіямі, штодзённа ўдзельнічалі ў Св. Імшы, арганізаванай для ўсёй нашай беларускай групы ў самых вядомых святынях Польшчы, Аўстрыі, Італіі. І цяпер, калі гэтыя падзеі мінулі, калі эмоцыі сціхаюць, слёзы высахлі, лічу нашай задачай і нават абавязкам не растраціць гэтую ласку, падзяліцца перажываннямі і радасцю з іншымі. Гэта быў для кожнага з нас вельмі моцны штуршок да святасці. Давайце будзем імкнуцца да яе праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі, ужо благаславёнай Маці Тэрэзы з Калькуты. І давайце будзем заўсёды малітоўна падтрымліваць нашага вельмі шанаванага, любімага Святога Айца Яна Паўла ІІ.

Невяровіч Ала,
парафія Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, г. Мінск

Здзейснілася мая мара пабываць у сэрцы Каталіцкага Касцёла падчас пантыфікату Папы Яны Паўла ІІ.

Дзякуй Богу, што такое здарылася. У Рым нашы аўтобусы ехалі паасобку, але мы штодня сустракаліся на Св. Імшы, на супольнай малітве. Мы зразумелі, што Беларусь любіць Папу Рымскага і чакае яго прыезду. Наш аўтобус у час пілігрымкі стаў своеасаблівым домам, дзе мы былі як адна вялікая сям’я. Мы маліліся ў інтэнцыі Святога Айца, у сваіх асабістых інтэнцыях, прасілі Пана Бога аб міласэрнасці для тых, каго пакінулі дома, маліліся за памерлых.

16 кастрычніка нам пашчасціла ўдзельнічаць у Святой Імшы з Янам Паўлам ІІ у дзень яго пантыфікату. Побач са мною стаялі людзі з Амерыкі, з Італіі, сёстры з Конга. Я не ведаю, як сталася (гэта, відаць, натхненне Духа Святога), што, не ведаючы ніводнага слова ні па-французску, ні па-італьянску, мы разумелі сваіх суседзяў, а яны нас. Мы ўсе былі ўсхваляваныя тым, што чулі і бачылі. Гэта сапраўдная еднасць!

Вельмі значнай падзеяй стала аўдыенцыя з Янам Паўлам ІІ: высокія, узнёслыя пачуцці перапляталіся з простымі чалавечымі жаданнямі – быць бліжэй да сцэны, бліжэй да таго месца, адкуль прамаўляе Святы Айцец, лавіць кожнае яго слова, кожны яго позірк...

Безумоўна, кульмінацыяй стала нядзельная Св. Імша на плошчы св. Пятра, падчас якой адбылася беатыфікацыя Маці Тэрэзы. Я дзякавала Пану Богу, што ён даў нам такую вялікую ласку, і не магла стрымаць слёзы. Гэту Св. Імшу я ахвяравала ў інтэнцыі самога Папы, просячы ў Божай міласэрнасці ласкі здароўя для яго, каб ён кіраваў Касцёлам яшчэ доўгія гады...

Папа ведае і любіць Беларусь, ён благаслаўляў нас на нашай беларускай мове. Ці можам мы пасля гэтага быць абыякавымі да лёсу свайго народа, калі нават Намеснік Пятра на зямлі моліцца за нас!