Кс. Фелікс Фалееўскі SAC

Столькі разоў чулі мы словы: «Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народа, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан!» (гл. Лк 2, 10-11)...

Кожны з нас па-рознаму перажывае радасць Божага Нараджэння. Яна раскрываецца часцей за ўсё праз тое, што мы самі перажылі: успаміны з дзяцінства, калядная страва, падарунак або слёзы з-за таго, што няма сярод нас чалавека, якога любілі. Праз самыя простыя знакі даходзіць да нас вялікая хрысціянская праўда, найбольш незразумелы догмат пра Слова, якое сталася Целам. Божае Нараджэнне – гэта не толькі ўспамін пра мінулыя падзеі, але гэта «сёння», якое залежыць ад чалавека, ад таго, ці адкрые ён дзверы свайго сэрца на прыйсце Хрыста. Столькі намаганняў і часу мы аддаем падрыхтоўцы да святаў, але ці значыць гэта, што мы клапоцімся пра прысутнасць жывога Бога ў нашым асабістым, сямейным і грамадскім жыцці? Вялікія пакуты сучаснага свету вынікаюць з таго, што вельмі мала любові ў нашых дамах. Мы не маем часу для дзяцей, для таго, каб радавацца адно аднаму. Як жа патрэбна Божае Нараджэнне, якое прыносіць столькі дабра! Як патрэбна хвіліна, каб задумацца над вечным...

Ці не паўтараецца сёння тая евангельская сцэна, у якой не хапіла месца ў гасціне для Марыі і Юзафа, што прыйшлі ў Бэтлеем, дзе ніхто не дапамог Маці, якая павінна была з хвіліны на хвіліну нарадзіць? Хіба адсутнасць часу для Бога, адсутнасць Хрыста ў штодзённым жыцці – гэта праблема толькі атэістаў?

Цыпрыян Каміль Норвід калісьці пісаў: «З правам караля, не маючы месца ў айчыне, Сын Божы нарадзіўся сярод жывёлы». Нягледзячы на такі прыём, Бог заўсёды знаходзіцца побач з чалавекам, не расчароўваецца. Божае Нараджэнне – гэта заклік да ўсіх людзей добрай волі рабіць добрыя ўчынкі.

Калі чалавек адкрыецца на Бога, прыме Яго ў цяжкой сітуацыі, у «цёмным гроце» заззяе святло надзеі, і насустрач абавязкова выйдзе міласэрны Хрыстус. Ніводзін чалавек не бачыў і не спазнаў Бога, пакуль Ён сам не аб’явіўся людзям. Ён прыйшоў у сваім Сыне міласцівы, добры, лагодны, праўдзівы, стомлены, незразуметы ў сваёй любові. У Божым Нараджэнні перад адкрываецца людзьмі перспектыва жыцця, якое не ведае заняпаду. Чалавек, які хоча зразумець у сабе найважнейшае, павінен наблізіцца са сваімі турботамі і грэшнасцю да Хрыста. Ён павінен «пераняць» рэчаіснасць Уцелаўлення і Адкуплення, каб апынуцца ў Сэрцы міласэрнага Бога. Калі ў кожным з нас адбудзецца духоўнае адраджэнне, тады наша жыццё дасць плён не толькі ў праслаўленні Бога і падзяцы за Яго любоў, але таксама дазволіць захапляцца самім сабою. Якую вялікую каштоўнасць павінен мець у вачах Створцы чалавек, калі Бог «Сына свайго Адзінароднага паслаў», каб гэты чалавек не загінуў, але меў жыццё вечнае...

Які ж радасны час Божага Нараджэння! Ён дапамагае ўбачыць і зразумець уласны шлях жыцця ў святле гэтай Любові, якая ёсць у сэрцы чалавека і ў гісторыі свету. Хто аднойчы прыняў евангельскую праўду, усвядоміў, што Бог – гэта любоў, той зможа выканаць і зразумець справы, якія спачатку здаюцца яму незразумелымі. Хто вырушыў у Бэтлеем, той знайшоў нованароджанага Караля Любові і пакланіўся Яму, і ўжо іншым шляхам вяртаецца ў краіну свайго жыхарства. Сустрэча з Богам, спазнанне Яго Міласэрнасці, становіцца заклікам да таго, каб дзяліцца гэтаю Любоўю з іншымі.

«Różaniec» № 12 за 2003 г.
Пераклад з польскай мовы Iны Ламака