Ордэн айцоў марыянаў быў заснаваны ў Польшчы айцом Станіславам Папчынскім у 1673 г. Галоўнымі мэтамі ордэну былі вызначаны: пашырэнне культу Беззаганнай Марыі, малітва за памерлых, душпастырская праца сярод людзей. У XVIII ст. марыяне працавалі ў Польшчы, Чэхіі, Партугаліі, Літве і на Беларусі (у Расне, Камянецкі р-н Брэсцкай вобл.).

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай ордэн марыянаў перажываў заняпад, а пасля ўдзелу марыянаў у паўстанні 1863 г. царскія ўлады забаранілі прымаць новых кандыдатаў у манаства. Адзіны кляштар у Літве паступова выміраў, аднак у 1909 г. благаславёны Юры Матулевіч патаемна ад царскіх уладаў склаў манаскія шлюбы. Так распачалася рэформа ордэна.

На Беларусі адноўлены ордэн з’явіўся ў 1923 г. у Друі. Ордэн марыянаў даў нашай зямлі двух благаславёных, некалькі дзесяткаў святароў і аднаго біскупа ўсходняга абраду. Сярод іх былі мучанікі за веру, культурныя і грамадскія дзеячы. Два марыяніны з друйскага кляштара прызначаліся генераламі ордэна.*

Сёння марыяне працуюць у 17 краінах свету. На Беларусі іх кляштары знаходзяцца ў Друі, Росіцы, Оршы, Барысаве і Жодзіне.

Інтэрв’ю з правінцыялам ордэна марыянаў айцом Анджэем Пакулам

– Айцец Анджэй, вось ужо больш за чатыры гады Вы з’яўляецеся суперыёрам польскай правінцыі айцоў марыянаў, да якой належаць таксама нашы супольнасці ў Англіі, Нямеччыне, Казахстане і Беларусі. Часам мне здаецца, што Вы маеце асаблівую сімпатыю да Беларусі. Калі гэта так, то чаму?

– Сапраўды, я маю асаблівую сімпатыю да Беларусі, хоць добра разумею, што святар пакліканы да таго, каб несці Добрую Навіну ўсім народам, а гэта азначае, што я не маю права будаваць сваю працу на нейкіх сантыментах. Хрыстус – адзін, і Яго мы абвяшчаем на Беларусі, у Нямеччыне, Амерыцы, усюды, дзе жывуць і працуюць марыяне. Такую місію даў нам Касцёл. Але паколькі я нарадзіўся ва ўсходняй Польшчы, то, зразумела, найлепш адчуваю сябе сярод сваіх бліжэйшых землякоў. Бачу, што беларусы вельмі блізкія да палякаў сваім менталітэтам – яны гасцінныя, зычлівыя і рэлігійныя. Апроч таго, беларуская культура вельмі падобная да польскай. Я часта наведваю шматлікія марыянскія кляштары ў Еўропе, але калі прыязджаю на Беларусь, то адчуваю сябе як дома.

– Палякі заўсёды крытычна адносіліся да былога Савецкага Саюза. Ці гэта не з’яўляецца перашкодай для Вашай працы?

– Гісторыя ўзаемаадносінаў паміж славянамі мае свае прыгожыя, але таксама і балючыя старонкі. Непрыхільнасць палякаў да былога СССР не азначае, што палякі не любяць беларусаў альбо іншых народаў з былых сацыялістычных дзяржаў. Размова ідзе пра непрыязнасць да ментальнасці савецкага чалавека (homo sovieticus), якую прынёс у Польшчу камунізм. Проста мы непрыдатны матэрыял для ідэалагічных эксперыментаў, бо маем душы, якія добра пачуваюцца толькі на волі. Кожная ідэалогія нішчыць нашую тоеснасць, мы становімся штучнымі, нібы той жа homo sovieticus. Я лічу, што з беларусамі, а таксама з іншымі народамі былога СССР, палякі маюць больш супольнага, чым адрознага, і ўсведамленне гэтага дазваляе нам знаходзіць найперш тое, што яднае, а не падзяляе. Савецкі Саюз шмат чаму навучыў і беларусаў, і палякаў. Дзякуй Богу, гэтая школа скончылася.

– У часы камунізму Касцёл на Беларусі быў моцна знішчаны. Але з гісторыі мы ведаем таксама, што менавіта падчас пераследу Касцёл найбольш умацоўваўся. На Вашу думку, якое месца ў змаганні за веру займалі марыяне?

– Касцёл не з’яўляецца нейкай знешняй структурай, арганізацыяй, дзе працуюць людзі. Сапраўднае жыццё Касцёла незаўважнае для вока. Гэтым жыццём ёсць Хрыстус, утоены ў сваім містычным Целе, Касцёле, утоены ў нашых сэрцах. У гэтым сэнсе ўтоеныя, нягучныя і нікому не вядомыя справы, якія паўсталі з любові да Бога, могуць нават больш прычыніцца да ўмацавання Касцёла, чым вялікія і сенсацыйныя акцыі. Гэта азначае, што сведчанні мучанікаў маюць фундаментальнае значэнне, бо з’яўляюцца ахвярай у імя любові да Бога і да чалавека, а яна павінна прынесці плён у будучыні. Змаганне за веру адбываецца не толькі падчас душпастырскай працы – змаганне паміж дабром і злом, любоўю і нянавісцю адбываецца ў сэрцах канкрэтных людзей. У марыянскай супольнасці ёсць шмат братоў, што цярпелі пераслед ад камуністычных уладаў, а некаторыя з іх з любові да Бога і Касцёла аддалі свае жыцці ў імя веры. Гэта – гераічная любоў, найвышэйшая ахвяра. І сённяшні росквіт Касцёла на Беларусі ўгрунтаваны на такіх ахвярах. Айцы Касцёла гавораць, што кроў мучанікаў – зерне новага жыцця, і гэта праўда. Любоў, народжаная праз пакутніцтва, і надалей прамаўляе, прыносіць плён і ўзрастае. Яна трывае ў Касцёле, таму што Касцёл трывае ў Богу.

– Вы сказалі пра росквіт Касцёла на Беларусі. Як канкрэтна гэта праяўляецца?

– Каталіцкі Касцёл на Беларусі атрымаў свабоду дзеянняў зусім нядаўна. У нейкай ступені я ведаю сітуацыю ў Віцебскай дыяцэзіі, бо там знаходзіцца большасць марыянскіх кляштараў, і таму на Віцебшчыне мне даводзіцца часцей бываць. Памятаю, як паўставала гэтая дыяцэзія ў 1999 годзе. За чатыры гады з’явіліся яе фундаментальныя структуры, новыя парафіі. Памятаю дыскусію святароў на тэму, ці рабіць новую парафію ў горадзе, дзе каталікоў не больш за дзвесце чалавек. Віцебскі біскуп, аднак, трымаўся свайго, і парафія з’явілася. Так адбылося ў многіх мясцовасцях. Сёння без сумніву бачна, што Хрыстус кіруе Касцёлам праз сваіх пастыраў, і найбольш радуе, што ўсе гэтыя парафіі развіваюцца. Размова не пра тое, каб сабраць тысячы вернікаў. Найважней, што ёсць людзі, якія шчыра моляцца, што адпраўляецца штодзённая Святая Імша, ёсць свае святары. Такія малыя агеньчыкі любові прычыняюцца да збаўлення і тых людзей, якія пра гэта, можа, нават і не здагадваюцца. Мы верым у тое, што па-за Касцёлам няма збаўлення, але як быць з тымі людзьмі, якія яшчэ не прыйшлі ў Касцёл? Іх збаўленне таксама здзяйсняецца праз Касцёл і не выключана, што менавіта праз такія вось малыя парафіі.

Канкрэтныя змены заўважныя і ў марыянскай супольнасці. Напрыклад, у Росіцы. Яшчэ ў 1998 годзе каталіцкае жыццё тут ледзьве ліпела, а праз пяць гадоў Росіца, на маю думку, стала асабліва важнай не толькі для Касцёла, але і для ўсяго беларускага народа. У мінулай вайне загінулі мільёны людзей, сярод іх, вядома, і каталікі. У адной толькі Росіцы фашысты спалілі паўтары тысячы чалавек, і двух з іх – айцоў марыянаў Юрыя Кашыру і Антонія Ляшчэвіча – Касцёл прызнаў прыкладам мучаніцтва. Я глыбока перакананы, што Росіца – святое месца не толькі для марыянаў, але і для ўсёй Беларусі, у тым ліку і для людзей няверуючых. Думаю, што ад нас, марыянаў, гэтае святое месца патрабуе больш, чым мы пакуль што робім, і веру, што з часам мы зможам высока ўзняць гэты санктуарый марыянскіх мучанікаў. А пакуль трэба вучыцца пакоры, бо гісторыя паказвае нам, што гэта не мы выбіраем святыя месцы, але Божы Провід, які прысутнічае ў жыцці народаў і ў жыцці Касцёла.

– У гэтым годзе марыяне святкавалі 80-годдзе сваёй працы на Беларусі. З гэтай нагоды ў люблінскай марыянскай семінарыі адбылася навуковая сесія. Ці можна сказаць, што праца беларускіх марыянаў мае сваю спецыфіку?

– Безумоўна. Спецыфіка працы беларускіх марыянаў звязаная з імкненнем да аб’яднання дзвюх хрысціянскіх канфесій – каталіцкай і праваслаўнай. Думаю, што беларусы, прыходзячы ў ордэн, не ведалі, колькі яны змогуць зрабіць дзеля паяднання дзвюх традыцый. Біскуп марыянін Юры Матулевіч прымаў у супольнасць усіх ахвотных, не зважаючы на нацыянальнасць. Таму марыянамі маглі стаць беларусы і палякі, літоўцы і латышы. Беларусы прынеслі марыянам усходні менталітэт, дапамаглі ўбачыць патрэбу ў еднасці падзеленага Касцёла, яны адстойвалі экуменізм, які быў і застаецца важным для Апостальскай Сталіцы, звярнулі ўвагу на грэка-каталіцкі Касцёл. Калі з’явілася патрэба – беларускія марыяне выехалі на працу ў Кітай. Больш за тое, некаторыя з айцоў запалілі ідэяй еднасці Касцёла і іншых марыянаў, нават у Польшчы. Напрыклад, айцец Тамаш Падзява стаў прыкладам для айца Сяргея Гаека, які сёння з’яўляецца Апостальскім Візітатарам для грэка-каталікоў на Беларусі. Належнай увагі заслугоўвае і дзейнасць айца Часлава Сіповіча, які ў свой час стаў біскупам для ўсіх беларускіх каталікоў на эміграцыі.

– Ці можна сказаць, што такая пазіцыя універсальная?

– Экуменізм патрабуе універсальнай пазіцыі, таму што ягоная галоўная задача – разуменне чалавека іншага веравызнання. Экуменізм патрабуе позірку чалавека з шырокім кругаглядам.

– Апостальская Сталіца звяртае ўвагу на тое, што наш час з’яўляецца цывілізацыяй смерці праз велізарную колькасць абортаў. Грэх забойства дзіцяці ва ўлонні маці, на жаль, распаўсюджаны на Беларусі. Ці можна сцвярджаць, што праўда, якая вынікае з Беззаганнага Пачацця Панны Марыі, можа быць сёння адказам на праблемы абортаў?

– Вядома. Праўда пра Беззаганнае Пачацце паказвае, што чалавек ужо ва ўлонні маці з’яўляецца чалавекам, Божай істотай, а не аморфным зародкам. Таму Касцёл гаворыць, што Марыя была без граху ад моманту свайго пачацця ва ўлонні, а не ад нараджэння. Аднак сам аборт – гэта таксама пытанне чысціні сэрца. Гэта тычыцца адносінаў і з Богам, і з іншым чалавекам. Марыя была перадусім чыстая сэрцам, адкрытая для Бога і для бліжняга. Я лічу, што ў душпастырстве трэба звяртаць асаблівую ўвагу на таямніцу Беззаганнага Пачацця Марыі дзеля фармавання сумлення кожнага чалавека.

– Айцец Анджэй, што б Вы маглі параіць беларускім каталікам у іх штодзённым сутыкненні з бязвер’ем асяроддзя, а таксама і з жыццёвымі выпрабаваннямі?

– Цяжка даваць такія парады. Думаю, найлепшай радай будзе Евангелле і гісторыя Касцёла. Свет змяняецца: знікаюць адны саюзы, паўстаюць новыя. Еўропа то падзяляецца, то зноў яднаецца. Разбураюцца цэлыя сістэмы, якія мелі на мэце знішчэнне Касцёла. Нават у нашым ордэне ў 1909 годзе дайшло да таго, што заставаўся толькі адзін марыянін, бо царскія ўлады забаранілі прымаць кандыдатаў у манаскае жыццё. Аднак Бог заўсёды перамагае. І што мы бачым цяпер? Цара няма, а наш ордэн сёння больш стабільны, чым некалі. Бог ператварае смерць у жыццё. Усё змяняецца. Нязменнымі застаюцца толькі Евангелле і Крыж Хрыста. Чалавек, які будуе сваё жыццё на Хрысце, больш упэўнена адчувае сябе ў свеце. Гэта не азначае, што хрысціянін не павінен удзельнічаць у грамадскім, нацыянальным, культурным альбо палітычным жыцці. Наадварот, хрысціянін павінен быць верным свайму пакліканню і несці Хрыста ўсяму свету. Гісторыя, аднак, паказвае, што «сыны гэтага свету» больш увішныя, чым «сыны святла». Пра гэта папярэджваў сам Езус. А значыць, вельмі важна захоўваць адпаведную адлегласць ад справаў гэтага свету і, разам з тым, адважна ўваходзіць у справы Касцёла і грамадскага жыцця. Часта плён незаўважны. Не выключана, што толькі пасля нашай смерці нехта скарыстаецца з вынікаў нашай мазольнай працы.

– Дзякуй за размову.

Гутарыў Аляксандр Жарнасек МІС